На новы лад
У канцы 20-х пачатку 30-х асноўныя тэмы "Звязды" — індустрыялізацыя і калектывізацыя.
Калгаснікі — ведзьмакі?
Стварэнне калектыўных гаспадарак пачалося яшчэ ў першыя паслякастрычніцкія гады, аднак да канца 20-х на Беларусі калгасны рух не быў шырока распаўсюджаным. Толькі ў 1928-29 гадах адбыўся пераход да масавай калектывізацыі.
"Да 1927 года асноўнае ядро насельніцтва калгасаў складала вясковая і местачковая бедната. Пачынаючы з 1927 г. уцягваюцца значныя пласты сялянства. Сацыяльны склад калгасаў змяніўся... ужо маем значную праслойку сераднякоў і некаторую групу, хаця і нязначную, больш заможных сялян...
І хоць "Звязда" і пісала, што "імкненне сялянства арганізавацца ў калгасы набывае стыхійны характар", у публікацыях можна заўважыць і тое, што многія сяляне ставіліся насцярожана да такой справы.
Напрыклад, у матэрыяле за май 1929 года распавядаецца пра адну з палескіх камун.
"...стары Архіп з вёскі Шары гаворыць, што ў камуне сядзяць "ведзьмакі", якім сам чорт дапамагае ў рабоце.
Сялянкі з пасёлкаў дзівяцца, як гэта жанчыны-камунаркі ня сварацца, а ядуць з адной міскі. Сяляне дзівяцца арганізаванасці камунараў. Росту камуны, яе дасягненням ва ўсіх галінах сельскай гаспадаркі.
...Цяжка было распачаць работу ў тыя гады (1922-23). Не было добрых машын, коней, зямля была запушчана. А тут яшчэ быў кепскі падбор людзей. Шмат непаразуменняў узнікала паміж камунарамі. А навакольнае насельніцтва тыцкала пальцамі на камунараў і казала: "вось папрацуюць год-другі. Запусцяць гаспадарку, давядуць яе да разбурэння, бо што змогуць зрабіць галадранцы".
Агітуючы за калгасы, аўтары "Звязды" прыводзілі такія перавагі, як больш высокая ўраджайнасць, чым у сялянскіх гаспадарках, "шэраг агранамічных мерапрыемстваў, як павелічэнне ўжывання мінеральных угнаенняў, шырокае ўжыванне гатункавага насення, паляпшэнне апрацоўкі глебы".
З публікацый вынікае, што ў гэты час калектыўным гаспадаркам аказвалася дапамога. Напрыклад, збіраліся сродкі з рабочых (адлічваўся працэнт ад заробку альбо на заводах людзі працавалі ў звышурочны час) на набыццё трактароў для калгасаў.
Замена святаў
Рабочыя бралі шэфства над вёскай, прычым гэта тычылася не толькі збору сродкаў, падрыхтоўкі кадраў для кіравання калектыўнымі гаспадаркамі, але і прапаганды і ўвядзення новых свят.
Адно з іх — свята першай баразны (або свята "Чырвонай баразны"), як яго яшчэ называлі аўтары "Звязды" — "дзень змагання за павелічэнне ўраджаю, за вытворчае каапераванне і калектывізацыю вёскі".
"Гэтае свята павінна прыкаваць да сябе ўвагу ўсёй савецкай грамадскасці. У гэты дзень трэба яшчэ раз папулярызаваць сярод бядняцка-серадняцкіх мас пастановы ўраду аб павелічэнні ўраджайнасці. Трэба ў яснай і зразумелай форме растлумачыць бедняку і серадняку ўсе тыя прасцейшыя агранамічныя мерапрыемствы, якія могуць быць скарыстаны ў іх гаспадарках зараз жа і якія павялічаць іх ураджай..." — пісала газета.
У гэты дзень праводзіліся мітынгі, шэсці з чырвонымі сцягамі, а таксама ўрачыстае заворванне палеткаў у старых і новых калгасах, камсамольскіх агародаў. Шэфы ладзілі масавыя выезды на вёску, праводзіліся канцэрты сіламі мастацкай самадзейнасці.
Пачалі адзначацца святы Звяржэння самадзяржаўя (12 сакавіка), Парыжскай камуны (18 сакавіка), Першага інтэрнацыянала (1 мая), Пралетарскай рэвалюцыі (7 лістапада). У праграме святкавання, як правіла, — канцэрты, шэсці, тэатральныя пастаноўкі. Рабіліся спробы перайначыць традыцыйныя святы. Напрыклад, увесці "чырвоныя каляды" — у гэты час ладзіліся антырэлігійныя пастаноўкі і нават спальвалася пудзіла, якое ўвасабляла Бога. Нават хрэсьбіны дзіцяці станавіліся чырвонымі — дзіця неслі не ў царкву, а на сход камсамольцаў (партыйцаў).
Безумоўна, такія парадкі ў вёсцы насельніцтва не надта хацела прымаць, затое ў гарадах антырэлігійны рух набываў катастрафічны размах. Ладзіліся вялікія антырэлігійныя дэманстрацыі, пра адну з якіх "Звязда" пісала ў 1929 годзе. Так, паводле паведамлення карэспандэнтаў, у Барысаве на такое мерапрыемства сабралася каля 8 тысяч чалавек, яго ўдзельнікі выказваюць свае пажаданні: "перадаць будынкі царквы пад клуб, сінагогі — пад рабфак і школы. І яшчэ адну царкву— пад антырэлігійны музей.
Забараніць рэлігійныя вулічныя працэсіі, узняць пытанне перад урадам БССР, каб у календарах за 1930 год не друкаваліся дні рэлігійных святаў, узняць пытанне аб пераносе дней адпачынку з суботы і нядзелі на які іншы дзень". Газета пастаянна друкуе лісты, аўтары якіх заяўляюць, што не будуць святкаваць Вялікдзень, а спецыяльна ў гэты дзень выйдуць працаваць і заробак пералічаць на антырэлігійную барацьбу.
Дзейнічаюць так званыя "саюзы ваяўнічых бязбожнікаў" (дарэчы, у пачатку 30-х гадоў працавала ўжо каля 700 такіх гурткоў, з якіх амаль 300 — у сельскай мясцовасці).
Планы на пяцігодку
"Сацыяльную праграму перспектыўнага пяцігадовага плана развіцця народнай гаспадаркі БССР" знаходжу ў нумары за 4 мая 1929 года.
Адзін з яе пунктаў — знішчыць розніцу паміж рабочым і селянінам, зрабіць усіх работнікамі.
Тут нават даюцца прагнозы адносна "структуры насельніцтва":
"Удзельная вага гарадскога насельніцтва вырастае за 5 год. Гэты рост у сваёй пераважнасці ідзе за кошт шпаркага росту пралетарскага насельніцтва, якое павялічвае ўдзельную вагу сярод усяго насельніцтва з 12,9 працэнта да 18,2 працэнта (абсалютны рост на 53 працэнты). Пры гэтым абсалютны рост усяго насельніцтва за гэты час складае толькі 9,2 працэнта".
Робяцца прагнозы па колькасці калгаснікаў: "Колькасць сем'яў павялічыць з 8,5 тыс. да 79,4 тыс"... у выніку лік насельніцтва ў калгасах вырасце з 42,5 тыс. да 412 тыс. чал..."
У гэты ж час на Усебеларускім з'ездзе ўчастковых дактароў даюцца свае планы на пяцігодку "...Барацьба з сацыяльнымі хваробамі ў БССР павінна ісці па чатырох галаўнейшых інфекцыях: туберкулёзу, сыфілісу, трахоме і грыбковых захворваннях валасоў (парша). Асноўнае значэнне набывае правільна арганізаваная медыцынская дапамога на раёне, бо сельская доктарская амбулаторыя павінна быць пастаўлена так, каб хоць тры інфекцыі — туберкулёз, трахома і сыфіліс — былі б узяты пад дакладны нагляд і лячэнне. Неабходна дабіцца, каб к канцу пяцігодкі была б канчаткова ліквідавана ганебная спадчына мінулага — бытавы сыфіліс на вёсцы".
Алена Дзядзюля.