Старыя знаёмыя славакі

Источник материала:  

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі

Сёння нацыянальная зборная Беларусі па хакеі павінна паказаць віртуознае майстэрства, каб перайграць каманду Славакіі і пакінуць шанцы на выхад у чвэрцьфінал сусветнага першынства. Гэта скупыя радкі пра бліжэйшую перспектыву падначаленых Кары Хейкіля ў ранішняй фінскай газеце Hеlsіngіn Sаnоmаt. Відавочна, што мясцовым журналістам пры ўсіх варатарскіх "плюхах" Андрэя Мезіна — спадабалася смелая гульня беларусаў у матчы супраць амерыканцаў. А яшчэ да беларускай зборнай праяўляюць павышаную цікавасць славацкія журналісты і балельшчыкі. Вялікая група падтрымкі з Браціславы і Кошыцэ ўжо каторы дзень пражывае ў адным гатэлі з намі. І ўвесь учарашні дзень, які вызначыўся праліўным дажджом, славакі не давалі спакою. Калі прыедуць браты Касціцыны, куды ставіцца націск у прозвішчы Коваль, наколькі мацней можа згуляць Міхаіл Грабоўскі? — раз за разам перапытвалі суседзі, на што імгненна атрымлівалі неабходныя адказы.

Зразумела, што адсутнасць на сёння ў заявачным спісе Андрэя і Сяргея Касціцыных, якія зусім не псавалі статыстыку ў заакіянскім "Нэшвіле", нават з псіхалагічнага боку аблегчылі б жыццё чэмпіёнам свету ўзору 2002 года. Тандэм Касціцыных ужо ўчора прыбыў у стан беларускай зборнай. Што тычыцца арфаграфічнага "фэйс-кантролю" галкіпера нацыянальнай зборнай і "Тарпеда" з Ніжняга Ноўгарада... Тут усё проста: у кіраўніцтве славацкай федэрацыі хакея ёсць адказны чыноўнік, член выканкама Юрай Каваль (з націскам на апошнім складзе). Магчыма, славацкія балельшчыкі і журналісты думалі знайсці сваяцкія карані з Віталем Ковалем. Глядзіш, і свае людзі ў чужой камандзе з'явяцца. Ну, а што тычыцца форварда "Таронта" Міхаіла Грабоўскага, то пасля трох галявых пасаў у матчы з амерыканцамі ён трапіў у зону павышанай увагі замежных журналістаў, якія ў абавязковым парадку просяць яго спыніцца ў мікс-зоне і даць інтэрв'ю. Сярод пастаянных паляўнічых на рэпарцёрскую ўдачу — і брыгада з украінскага тэлебачання. Журналісцкі дуэт з братняй дзяржавы засмучаны выступленнем зборнай Украіны на сёлетнім чэмпінаце свету ў Славеніі (група "А", дывізіён 1), дзе жоўта-блакітныя, якіх яшчэ нядаўна трэніраваў настаўнік цяперашняга мінскага "Юнацтва" Міхаіл Захараў, прайгралі і выбылі ў групу "В".

Старыя знаёмыя славакі

Так што пытанні, якія хвалявалі і цікавілі славакаў, былі зададзены не проста так. А раптам беларусы выйграюць? Хоць хакейная статыстыка сведчыць: з 1994 года да сённяшняга дня супернікі сустракаліся паміж сабой 19 разоў. І станоўчы баланс на баку падначаленых Уладзіміра Вутэка: 12 перамог, 1 нічыя і 6 пройгрышаў. Атрымліваецца, што нашы шанцы — 50 на 100. Праўда, айчынныя заўзятары, якія штодня прыбываюць у Хельсінкі на падтрымку, вераць: беларусы яшчэ не сказалі свайго апошняга слова. Гэтаму аптымізму не могуць не радавацца і перакупшчыкі ўваходных білетаў. На матч Беларусь—ЗША з амаль шасці тысяч гледачоў палову "цікетаў" са значнай зніжкай забяспечылі спекулянты. Прычым намінал у 55 еўра зніжаўся спачатку да 30, а потым і 20 еўра. На гульню ж са славакамі ўчора ўвечары была цвёрдая такса па намінальным кошце.

Уладзімір ЗДАНОВІЧ. Хельсінкі

Калі вярстаўся нумар

Між тым Андрэй Мезін самавольна пакінуў стан зборнай, паведаміў БЕЛТА генеральны менеджар Федэрацыі хакея Беларусі Уладзімір Сафонаў. "Сёння раніцай Андрэй Мезін прыняў рашэнне з'ехаць у Мінск. Пра свой намер ён не апавясціў ні мяне, ні галоўнага трэнера Кары Хейкілю. Гэта асабістае рашэнне варатара, і ад каментароў з гэтай нагоды я ўстрымаюся, пакуль не даведаюся падрабязнасцяў", — сказаў Сафонаў. Зараз у нацыянальнай камандзе засталіся два галкіперы — Віталь Коваль і Дзмітрый Мільчакоў.

←Сегодня на Кубе собрались представители крупнейших туроператоров мира.

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика