"Галоўны крытэрый эфектыўнасці нашай работы — рост дабрабыту насельніцтва"
Учора на пасяджэнні Савета Міністраў кіраўнік урада Міхаіл Мясніковіч жорстка раскрытыкаваў працу многіх міністраў, кіраўнікоў і банкіраў.
— Пытанні, якія мы вынеслі на абмеркаванне, вельмі актуальныя. І я прапаную нашу сённяшнюю працу сканцэнтраваць на выпрацоўцы рашэнняў з улікам тых патрабаванняў кіраўніка дзяржавы, якія былі агучаны ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу, — пачаў сваё выступленне прэм'ер-міністр.
Стабілізацыя дасягнутая
"Прынятыя на макраўзроўні комплексныя захады эканамічнай палітыкі далі свае станоўчыя вынікі, — працягваў далей Міхаіл Мясніковіч. — Мы актывізавалі сістэму продажаў, арганізавалі працу па імпартазамяшчэнні, ліквідуем сыравінныя дыспрапорцыі. Палітыка расходаў звязана з грашова-крэдытнымі і бюджэтна-падатковымі захадамі. Урад і Нацыянальны банк працуюць зладжана, канструктыўна. У першым квартале мы маем прафіцыт знешняга гандлю ў памеры 10,7% ВУП, рост экспарту тавараў і паслуг. За студзень-красавік і рэспубліканскі, і кансалідаваны бюджэт выкананы таксама з прафіцытам". Кіраўнік урада падкрэсліў, што макраэканамічная стабілізацыя прайшла без жорсткай "пасадкі" ВУП: "Гэта адказ тым апанентам, якія сцвярджалі, што, маўляў, макраэканамічная стабілізацыя непазбежна будзе весці да стагнацыі. За чатыры месяцы рост эканомікі 102,9%. Значна палепшылася рэнтабельнасць матэрыяльнай вытворчасці".
Але не расслабляцца!
"Добрыя вынікі планамернай працы не павінны нікога з нас расслабляць, — папярэдзіў прэм'ер. — Паважаныя калегі, трэба быць аб'ектыўнымі і самакрытычнымі. Усё ж такі тэмпы мадэрнізацыі эканомікі не дазваляюць пакуль сцвярджаць, што пазітыўныя тэндэнцыі набылі незваротны характар. На ўсіх узроўнях трэба прыняць дадатковыя рашэнні па аптымізацыі менавіта інавацыйнай дзейнасці, бізнэс-ініцыятывы як ключавых фактараў доўгатэрміновага эканамічнага росту. І ўрад будзе на гэта накіроўваць, так бы мовіць, усю моц выканаўчай ўлады". І ў якасці канкрэтнага прыкладу Міхаіл Мясніковіч заявіў: "Пад персанальную адказнасць за кожным членам урада ў месячны тэрмін будуць замацаваны, як таго патрабуе Прэзідэнт, праблемныя прадпрыемствы". Дарэчы, на іх працуе каля 15 тысяч чалавек. Сярэдняя зарплата — 1,5 мільёна рублёў у месяц. "Гэта ганебныя паказчыкі для кіраўнікоў прадпрыемстваў. У асноўным гэта прадпрыемствы лёгкай прамысловасці. Такі стан спраў — сур'ёзны недахоп у працы ўрада. Праблемнымі прадпрыемствамі будуць займацца першыя асобы рэгіёнаў і міністэрстваў і несці персанальную адказнасць".
На думку Міхаіла Мясніковіча, недапушчальна марудна ідзе праца па развіцці нарматыўна-прававой базы па паляпшэнні інвестыцыйнай дзейнасці: "Актыўнаму прыхільніку рынкавых рэформаў і замежных інвестараў, міністру эканомікі Мікалаю Снапкову акрамя агульных размоў на гэту тэму рэкамендую зрабіць адпаведныя высновы і актыўна ствараць сучасныя арганізацыйна-прававыя формы інвестыцыйнай працы". Кіраўнік урада згадаў тое, што закон аб інвестыцыях рыхтуецца ўжо паўтара года, а праект закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве ў Парламент яшчэ нават не ўносіўся. Таксама Міхаіл Мясніковіч засяродзіў увагу на тым, што ў інвестараў шмат прэтэнзій наконт адсутнасці прапаноў цікавых праектаў з нашага боку. "Ды і тое, што прапануем, аформлена не па міжнародных стандартах".
Мадэрнізацыя
Прэм'ер запатрабаваў актывізаваць крыніцы мадэрнізацыі і ўнутры краіны, і за мяжой: "У нас занадта вялікая ліквіднасць камерцыйных банкаў. Ёсць сродкі, якія неабходна накіроўваць у канкрэтныя праекты. Урад вельмі турбуе тое, што банкі займаюць вялую пазіцыю і недастаткова садзейнічаюць паляпшэнню спраў у рэальным сектары і павышэнню жыццёвага ўзроўню насельніцтва. Мы павінны асуджаць вялікія прадстаўніцкія выдаткі з боку банкаўскага кіраўніцтва".
Сельская гаспадарка
У сельскую гаспадарку сёлета ў першым квартале інвеставана больш за 2,5 трлн рублёў. Работы ж па мадэрнізацыі 1198 малочнатаварных фермаў распачаты толькі на 75% аб'ектаў. Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў таксама, што акупнасць можна чакаць толькі ў тым выпадку, калі фермы будуць укамплектаваны высокапрадукцыйнымі жывёламі, забяспечаны якаснымі кармамі, прафесійнымі кадрамі: "Я прашу кіраўнікоў аблвыканкамаў актыўна кіраваць гэтымі працэсамі".
Экспарт
Многія не выканалі заданні ўрада па экспарце. У выніку дзяржава ў цэлым недаатрымала каля 280 млн долараў. Кіраўнік урада лічыць, што дзяржава стварыла нармальныя ўмовы для экспарту. Калі ў кагосьці не атрымліваецца, будуць "прымаць кадравыя рашэнні".
Адзіная эканамічная прастора і Сусветная гандлёвая арганізацыя
Чаканні ад АЭП, вядома, вялікія. "Але што рэальна зроблена за чатыры месяцы? Якія прапанаваны праекты, якія ініцыятывы? — запытаўся прэм'ер і сам жа адказаў: — На жаль, пахваліцца пакуль няма чым". А далей Міхаіл Мясніковіч запатрабаваў, каб у прагнозы сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год і да 2015 года ўнеслі комплексны даклад Міністэрства замежных спраў і Міністэрства эканомікі з ацэнкай наступстваў для Беларусі ўступлення Расіі ў СГА.
Міжнародныя рэйтынгі
Пэўныя вынікі, па словах прэм'ера, у дачыненні да міжнародных рэйтынгаў ёсць. Напрыклад, па ацэнках Сусветнага банка, па індэксе ведаў са 146 краін Беларусь за апошнія два гады паднялася з 52 на 45 месца. Трошкі палепшыліся і іншыя паказчыкі. Справа ў тым, што менавіта па рэйтынгах партнёры прымаюць рашэнні аб гандлі з нашай краінай, інвестыцыях і гэтак далей. Таму гэтае пытанне вельмі важнае. А вось па падаткаабкладанні мы займаем 156 месца. "Што тут каментаваць? — зноў задаў рытарычнае пытанне кіраўнік урада. — Мы з гэтым увесь час мірыліся. А цяпер будзем, як той казаў, працаваць над памылкамі".
Трэба хутка прымаць рашэнні
Было падкрэслена і тое, што фіскальная дысцыпліна і бездэфіцытны бюджэт — гэта асноўныя складнікі нашай эканамічнай палітыкі. "Неабходна павысіць даходнасць бюджэтных выдаткаў у адукацыі, сістэме ЖКГ і ахове здароўя. Разважанняў шмат — дзеянняў мала, — заявіў Міхаіл Мясніковіч, а пасля звярнуўся да ўсіх прысутных: — Паважаныя члены ўрада, галоўны крытэрый эфектыўнасці нашай работы — рост дабрабыту насельніцтва. Пастаўленыя Прэзідэнтам задачы мы будзем вырашаць толькі за кошт росту эфектыўнасці вытворчасці і прадукцыйнасці працы. Тыя дырэктары, якія не забяспечваюць павелічэнне заробкаў за кошт росту прадукцыйнасці працы, недастаткова ажыццяўляюць мадэрнізацыю вытворчасці, не выконваюць іншыя якасныя паказчыкі, павінны быць заменены. Я лічу, што задачы выканальныя. Важна працаваць зладжана і хутка прымаць рашэнні".
Рэзкае зніжэнне стаўкі рэфінансавання
Таксама варта адзначыць заяву першага намесніка прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі. Ён параіў Міністэрству эканомікі і Міністэрству фінансаў сумесна з Нацыянальным банкам прааналізаваць наяўнасць свабодных рэсурсаў у банкаўскай сістэме і ўнесці прапанову па рэзкім зніжэнні стаўкі рэфінансавання ў другім квартале і да канца 2012 года ў адпаведнасці з узроўнем інфляцыі, г. зн. не вышэй 22-25%. Такая парада абумоўлена тым, што дынаміка дзелавой актыўнасці зараз замаруджваецца ўзроўнем ставак па крэдытах.
Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.