У шосты раз — як у першы клас
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" перадае з Фінляндыі
Учора хакейная нацыянальная зборная Беларусі на галоўнай лядовай пляцоўцы фінскай сталіцы згуляла свой, можна сказаць, матч стагоддзя. Пад зводамі "Харвал Арэны" падначаленыя Кары Хейкеля правялі сустрэчу з камандай ЗША. Ад яе выніку залежала вельмі шмат. Прайграём — і можна развітацца з думкамі аб паспяховым праходзе кваліфікацыйнага раўнда. Іншы варыянт разглядаўся як вялікая верагоднасць трапіць у чвэрцьфінал і дадатковы маральны стымул.
Двухразовыя алімпійскія чэмпіёны — бадай, найбольш нязручны і рэдкі супернік нашых хакеістаў за ўсю кароткую гісторыю існавання айчыннай федэрацыі. Пачынаючы з 1992 года, амерыканцы сустракаліся на шляху беларусаў толькі 5 разоў, прычым ніводнага разу ў якасці спарынг-партнёраў у таварыскім паядынку ці ў якім-небудзь кубкавым турніры. Усе сустрэчы — выключна на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету. Баланс папярэдніх рандэву — перамога зорна-паласатых з агульным лікам 23:6.
Сказаць, што дагэтуль беларуская каманда была аб'ектам для біцця — значыць пакрывіць душой. Толькі аднойчы на Алімпіядзе-2002 у Солт-Лейк-Сіці амерыканцы пры дапамозе родных сцен змаглі перайграць супернікаў учыстую — 8:1. А вось тое, што ў межах фінскага заліва нашы гуляюць упэўнена, можна меркаваць па выніках чэмпіянату свету-2000, які праходзіў у Санкт-Пецярбургу. Тады беларуская каманда саступіла грознаму суперніку з мінімальным лікам 0:1.
Звычайная карціна, калі амерыканская зборная выступае на топ-турнірах такога ўзроўню, як першынства планеты, у напалову эксперыментальным складзе. Сёлета ж сітуацыя зусім супрацьлеглая. Пад сцяг ЗША галоўны трэнер Скот Грэг сабраў практычна ўсіх наймацнейшых, хто не задзейнічаны ў паўфінальнай стадыі плэй-оф Кубка Стэнлі. Сузор'е імён з "Дэтройта", "Нью-Ёрк Айлендэрс", "Сан-Хасэ Шаркс", "Даласа", "Манрэаль Канадыенс". У выязны спіс трапіў і напарнік нашага Міхаіла Грабоўскага па "Таронта" Джой Граб. Так што цяперашняя сустрэча — як новая непрачытаная кніга. Што называецца, у шосты раз — як у першы клас.
Пра тое, што амерыканцаў баяцца не трэба, настаўнік беларускай каманды гаварыў сваім гульцам на трэніроўцы. Аказалася, што і група падтрымкі ў іх не большая, чым у беларусаў. Роўна за суткі да пачатку сустрэчы вулічныя спекулянты, дасканала маскіруючыся ад службаў сек'юрыці і паліцыі, якія спрабуюць спыніць дэмпінг на продаж білетаў, прапаноўвалі ўваходны білет па вызначаным намінале — 55 еўра. Аднак ужо ўчора, за некалькі гадзін да пачатку сустрэчы, цэнавая планка была зніжана да разумнага мінімуму — 30 умоўных еўрапейскіх адзінак. Гэта азначае толькі адно — павышанага попыту на матч ЗША — Беларусь няма, таму цэннік на білеты можна знізіць. Хоць "прайс" на тавары з нацыянальнай сімволікай і лагатыпамі нацыянальных зборных ужо больш за тыдзень застаецца нязменным. Напрыклад, каб у спецыяльным гандлёвым павільёне, які размешчаны побач са стадыёнам, экіпіравацца пад беларускага ці амерыканскага фана, трэба выкласці роўна 73 еўра. У такую суму абыдзецца мінімальны набор заўзятара: світар — 25 еўра, кепка і бейсболка — па 20, акуляры — 8 еўра. Можна, вядома, пашырыць асартымент і дадаць сюды значок, шайбу, міні-клюшку, птушку-талісман. Тады агульная сума акругліцца да сотні еўра. Зрэшты, да матчаў і пасля заканчэння рэйтынгавых паядынкаў з удзелам фінскай зборнай, калі "Хартвал Арэна" запоўнена амаль поўнасцю, на кірмашы спартыўна-маркетынгавай індустрыі яблыку няма дзе ўпасці. Заўзятары, якія "адшпілілі" паўтары сотні еўра за ўваходны білет, не шкадуючы свайго бюджэту, бяруць усё, што бачаць.
Цікава, што многія журналісты, якія працуюць у прэс-цэнтры "Хартвал Арэны", з задавальненнем адправіліся б на больш рэйтынгавыя матчы ў Стакгольм. Напрыклад, на сённяшнюю гульню Расія — Швецыя ці нядаўнюю Чэхія — Швецыя. Акрэдытацыйная картка дазваляе бясплатны праход на "Глобэн Арэну" шведскай сталіцы. Праўда, на паверку аказалася, што акунуцца ў перыпетыі хакейнага Стакгольма далёка не так проста. Хочаш хутка — 50-хвілінны ваяж на самалёце за 60 еўра ў адзін канец. Жадаеш расцягнуць падарожжа па часе — калі ласка, на борт парома з асобнай каютай. Праўда, цэннік за такое камфартабельнае 8-гадзіннае перасячэнне фінскага заліва каштуе 95 еўра. Калі дадаць сюды кошт таксі ці праезду на грамадскім транспарце, то атрымліваецца даволі круглая сума на паездку. Відавочна, што арганізатары сумеснага чэмпіянату свету адчуваюць такія нестыкоўкі.
Пакуль жа ў вольны час застаецца атрымліваць асалоду ад наведвання набярэжнай фінскага заліва, прыемна здзіўляцца зладжанай арганізацыі руху грамадскага транспарту, уключаючы метро і прыгарадныя электрычкі, назіраць за наступленнем вясны. Хоць учора ў Хельсінкі зноў пахаладала і пайшоў дождж. Але ж спякотна будзе пад дахам "Хартвал Арэны"!
Уладзімір ЗДАНОВІЧ, Хельсінкі.
Калі вярстаўся нумар. У напружанай барацьбе нашы ўсё ж прайгралі амерыканцам — 3:5.