Бярозавік губляе папулярнасць у перапрацоўшчыкаў?
Затое карысным аказаўся першы вопыт яго экспарту
Лясгасы краіны завяршылі нарыхтоўку бярозавіку. Сёлета яго было нарыхтавана і рэалізавана амаль 26,5 тысячы тон, што на 5 працэнтаў больш, чым было летась. З агульнага аб'ёму 2,7 тысячы тон было прададзена насельніцтву.
Нарыхтоўку бярозавіку вялі 89 лясгасаў Міністэрства лясной гаспадаркі. Найбольшыя аб'ёмы прыпалі на лясгасы Мінскай і Брэсцкай абласцей (7 734 тоны і 7 007 тон адпаведна).
— Лясгасы маюць магчымасць нарыхтоўваць нашмат больш бярозавіку, аднак усё залежыць ад попыту. На жаль, айчынныя кансервавыя перапрацоўчыя прадпрыемствы адмаўляюцца закупляць вялікія аб'ёмы соку. Шэраг прадпрыемстваў нават не выбралі заказаныя раней аб'ёмы, — паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.
Сёлета арганізацыямі Мінлясгаса ўпершыню былі зроблены пробныя пастаўкі бярозавіку на экспарт. У Літоўскую Рэспубліку было прададзена 239,5 тоны прыроднага напою (88 тон Іўеўскім лясгасам, 85,5 тоны — Лідскім і 66 тон — Бабруйскім). Бакі дамовіліся прадоўжыць супрацоўніцтва ў наступным годзе. Атрыманы вопыт узялі на ўзбраенне і іншыя лясгасы краіны. Сярэдняя цана рэалізацыі бярозавіку на ўнутраным рынку склала 633 тысячы рублёў за адну тону, на экспарт — 80 еўра (841 тысяча рублёў).
Сяргей РАСОЛЬКА.