Знаходзіць кампраміс па спрэчных пытаннях
параіў сваім падначаленым губернатар Міншчыны падчас чарговага прыёму грамадзян
Многія праблемы можна было б вырашыць непасрэдна ў раёнах, калі б мясцовыя ўлады больш аператыўна рэагавалі на звароты грамадзян і знаходзілі кампрамісныя варыянты па спрэчных пытаннях. Менавіта такі вывад можна зрабіць па выніках прыёму жыхароў сталічнага рэгіёна, які правёў губернатар Мінскай вобласці Барыс Батура на пачатку мая.
Сапраўды, некаторыя грамадзяне не знайшлі паразумення ў сваіх раёнах і вымушаны былі звярнуцца асабіста да губернатара. У прыватнасці, жыхар вёскі Падлоссе Мінскага раёна Леанід Яновіч паскардзіўся, што зімой яму давялося літаральна мерзнуць у асабістым доме. У мінулым годзе яму выдзелілі каля 5 кубаметраў дроў. Але іх на ацяпляльны сезон, які доўжыцца з позняй восені да вясны, не хапіла. Здавалася б, для здаровага чалавека праблема дробязная. Але Леанід Уладзіміравіч інвалід І групы. Губернатар даручыў старшыні Навадворскага сельвыканкама Мікалаю Максімчыкаву забяспечыць чалавека неабходнай колькасцю паліва.
Вольга Саўчына з аграгарадка Хацежына Мінскага раёна звярнулася да губернатара ад імя ўсіх жыхароў. Яна ўзняла праблему добраўпарадкавання і нават прадэманстравала фатаграфіі, дзе адлюстраваны сляды безгаспадарлівасці: дваровыя тэрыторыі, вуліцы і дарогі — суцэльны бруд і калдобіны. Акрамя таго, небяспеку для дзяцей уяўляюць "нічыйныя" аварыйныя скляпы, якія калісьці належалі мясцовай гаспадарцы. Барыс Батура даў даручэнне адпаведным службам і асобам на працягу двух тыдняў выправіць недахопы і паабяцаў наведацца ў аграгарадок, каб упэўніцца ў тым, што тут наведзены парадак.
Канкрэтны тэрмін — да 1 чэрвеня — вызначыў старшыня аблвыканкама для наладкі водазабеспячэння дамоў №1 — № 18 і добраўпарадкавання дарогі ў пасёлку Гатава Мінскага раёна паводле скаргі Галіны Сухадолавай. Месяц адвёў ён і на ўпарадкаванне водаправода ў вёсцы Вялікае Сціклева, што за Мінскай кальцавой дарогай.
Варта зазначыць, што большасць пытанняў датычылася зямельных і маёмасных стасункаў. Галіна Грышакова, якая пражывае ў Гомелі, у роспачы. Два гады таму ў вёсцы Рачкевічы Капыльскага раёна знеслі дом, які дастаўся ёй у спадчыну ад маці. За жытлом і ўчасткам прыглядвала сваячка, і, тым не менш, яны ўтрымліваліся не ў належным стане і былі прызнаны безгаспадарчымі. Галіна Мікалаеўна патрабуе кампенсацыю за знесенае радавое гняздо. "Разбяромся ў гэтым пытанні і дадзім вам адказ", — зазначыў Барыс Батура.
На месцы зямельнага ўчастка жыхаркі вёскі Бараўляны Мінскага раёна Кацярыны Несцярэнкі будзе пракладзены газаправод, таму зямлю ў яе забралі на грамадскія патрэбы. Кацярына Васільеўна разлічвае на новы надзел. "Для грамадзянкі падабралі свабодны ўчастак у вёсцы Вярбіцкія", — адказаў старшыня Бараўлянскага сельвыканкама Аляксандр Савончык.
Мінчанка Яўгенія Граковіч купіла дом і ўчастак памерам 34 соткі ў Капыльскім раёне. Але жанчыне прадставілі ў карыстанне толькі 14 сотак. Канфлікт доўжыцца ўжо 10 гадоў. Старшыня аблвыканкама даручыў прадстаўнікам мясцовай улады разабрацца з вырашэннем спрэчнага пытання.
Варта зазначыць, што сустракаліся і неабгрунтаваныя скаргі, разабрацца з якімі можна на месцы. Напрыклад, хтосьці скардзіўся, што сусед захапіў частку яго зямельнага ўчастка, нехта патрабаваў аднавіць межы надзела. Такія заяўнікі атрымалі вычарпальныя адказы спецыялістаў, якія прысутнічалі на прыёме. Разам з тым, Барыс Батура растлумачыў, што іх пытанні будуць накіраваны ў адпаведныя органы.
Актуальнай тэмай падчас прыёму было асфальтаванне вуліц і дарог. На што губернатар адказаў, што вырашыць гэтае пытанне імгненна і адначасова ва ўсіх населеных пунктах немагчыма. Для гэтага патрэбен час.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ