Знізіць сабекошт і залежнасць ад імпарту
У недалёкай перспектыве ў Барысаўскім раёне з'явіцца новы свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў. Яго ўзводзіць чэшская кампанія BАUЕR-Tесhnісs. Першую чаргу здадуць у 2013 годзе. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць у далейшым расшырыць комплекс і павялічыць пагалоўе ўдвая.
Агульны кошт праекта — 35 тысяч еўра. Гэта будзе сумеснае беларуска-чэшскае прадпрыемства. Згодна з кантрактам, інвестары паставяць на аб'ект камплекты тэхналагічнага абсталявання, будматэрыялы. Чэшскія партнёры таксама падрыхтуюць праектна- каштарысную дакументацыю і выканаюць будаўнічыя і будаўніча-мантажныя работы. Гэта будзе найсучаснейшы аб'ект, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі сістэмамі ацяплення і вентыляцыі, якія забяспечаць аптымальны мікраклімат у аўтаматычным рэжыме.
З уводам у дзеянне свінакомплекса ААТ "Барысаўскі мясакамбінат", куды, дарэчы, увайшоў і ААТ "Свінакомплекс Барысаўскі", павялічыцца вытворчасць уласнай прадукцыі. Гэта дасць магчымасць знізіць залежнасць ад імпартных паставак, а значыць, і сабекошт. Акрамя таго, ён дасць работу мясцовым жыхарам і падштурхне да новага этапу развіцця навакольныя вёскі і пасёлкі.
Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ.