Свет праз прызму геапалітыкі

Источник материала:  

Разгараецца скандал з чэмпіянатам Еўропы па футболе. Частка палітыкаў Еўрасаюза вырашыла выкарыстаць яго ў сваіх палітычных мэтах — як сродак самарэкламы, так і для ціску на Украіну, дзе павінны праводзіцца асноўныя матчы. Пра адмаўленне аўстрыйскіх чыноўнікаў удзельнічаць у чэмпіянаце на ўкраінскай тэрыторыі ўжо заявіў міністр замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер. Пагражае ўстрымацца ад наведвання матчаў чэмпіянату ва Украіне і галандскі ўрад. Салідарнасць з такой пазіцыяй выказвае старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу. Падставай для падобных заяў служыць турэмнае зняволенне Юліі Цімашэнка, вельмі папулярнага на Захадзе палітыка. Несумненна, што чыноўнікі Еўрасаюза палічылі б за лепшае бачыць украінскім прэзідэнтам яе, а не абранага ўкраінскім народам прэзідэнта Віктара Януковіча. Адсюль і такое імкненне выцягнуць Цімашэнка з турмы, нягледзячы на крымінальныя грахі, і "рэабілітаваць", каб яна зноў магла аказацца карыснай Захаду ва ўкраінскай палітыцы. Асабліва спатрэбілася б Цімашэнка Захаду ў час парламенцкіх выбараў, якія набліжаюцца. Беларусь добра знаёма з падобнай рыторыкай і ціскам, цяпер падобныя ўрокі выкладаюцца Еўрасаюзам і ўкраінскаму кіраўніцтву. У абодвух выпадках без усялякай просьбы пра гэта.

Прэзідэнт ЗША Барак Абама зрабіў чарговы моцны ход у перадвыбарнай барацьбе за другі тэрмін на гэтай пасадзе. Прэзідэнт, якога рэспубліканцы папракаюць за залішнюю баязлівасць на сусветнай арэне, ажыццявіў адразу некалькі сімвалічных дзеянняў, закліканых абвергнуць гэтае ўяўленне. Па-першае, ён прыбыў на тэрыторыю Афганістана, дзе пастаянна гінуць амерыканскія ваеннаслужачыя, тым самым даказаўшы, што не баіцца небяспекі. Па-другое, ён прымеркаваў гэты візіт да даты гібелі лідара "Аль-Каеды" Усамы бен Ладэна, каб нагадаць пра свае дасягненні ў барацьбе з сусветным тэрарызмам. Па-трэцяе, ён заключыў у час знаходжання ў Афганістане дагавор аб стратэгічным партнёрстве дзвюх краін, адным з самых важных пунктаў якога з'яўляецца магчымасць ЗША выкарыстаць ваенныя аб'екты ў Афганістане і пасля вываду войскаў у 2014 годзе. Відавочна, што ЗША памятаюць пра ўрокі вываду войскаў СССР з Афганістана, калі, застаўшыся без савецкай падтрымкі, былы ўрад змог пратрымацца толькі некалькі гадоў. Ажыццявіўшы гэтыя дзеянні, Абама змог прыцягнуць увагу амерыканскіх СМІ да сваёй фігуры і набраць чарговыя ачкі супраць канкурэнта ад рэспубліканцаў. Зрэшты, умелая гульня Абамы можа не асабліва яму і спатрэбіцца: прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду ад рэспубліканцаў Міт Ромні не выглядае асабліва небяспечным канкурэнтам для яго. Яго вялізнае багацце раздражняе выбаршчыкаў, многія з якіх перажываюць не лепшыя часы з-за крызісу. У прыватнасці, нядаўна амерыканцы дастаткова негатыўна ўспрынялі навіну, што жонка Міта Ромні пабалавала сябе футболкай коштам амаль у тысячу долараў.

Тым часам міжнародны прэстыж ЗША падарваны чарговым гучным скандалам. У Сан-Дыега арыштаванага за падазрэнні ў захоўванні наркотыкаў студэнта замест таго, каб адпусціць, калі падазрэнні не пацвердзіліся, забылі на пяць дзён у адзіночнай камеры без вады, ежы і доступу да прыбіральні. Калі пра бедака ўспомнілі, ён быў амаль пры смерці, а на момант дастаўкі ў бальніцу ў яго практычна адказалі ныркі. Цяжка зразумець, як пры такім стаўленні нават не да зняволеных, а проста да падазроных у правапарушэнні ў ЗША амерыканскія дыпламаты асмельваюцца з пафасам вучыць нас сапраўднай дэмакратыі і правам чалавека.

Працягваецца сур'ёзная палеміка па пытанні пра сістэму супрацьракетнай абароны ПРА, якая ствараецца ЗША і ЕС на тэрыторыі Еўропы. Як вядома, ЗША адмаўляюцца даваць Маскве юрыдычныя гарантыі, што гэтая сістэма не накіравана супраць Расіі і не будзе выкарыстоўвацца супраць яе. У адказ вядомыя расійскія палітыкі і ваенныя абмалёўваюць для ЗША і ЕС нярадасныя перспектывы. Гэта ўжо не проста магчымае размяшчэнне ракет у Калінінградскай вобласці, пра якое раней папярэджваў прэзідэнт Дзмітрый Мядзведзеў. Выкарыстоўваюцца і нашмат больш сур'ёзныя доказы. Так, начальнік расійскага Генштаба Мікалай Макараў заявіў аб тым, што Расія можа нанесці папераджальны ўдар па аб'ектах еўрапейскай проціракетнай абароны пры абвастрэнні становішча. Як заявіў генерал, па разліках расійскіх спецыялістаў, пасля 2017 года сістэма ПРА, якая выстройваецца заходнімі краінамі, зможа блакіраваць запуск усіх балістычных ракет Расіі. Можна пагадзіцца, што гэта сапраўды нярадасныя перспектывы, улічваючы, што за два дзесяцігоддзі пасля краху СССР Расіі так і не ўдалося дабіцца прызнання сваёй важнай ролі на сусветнай арэне з боку заходніх краін або хоць бы выстройвання з імі партнёрскіх адносін на аснове ўзаемнай павагі.

Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук

←В пунктах пропуска на белорусско-польской границе начинают образовываться очереди

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика