Чакаюцца моцныя ліўні і град
Другі тыдзень мая надвор'е ў Беларусі вызначаецца няўстойлівасцю, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Сёння ўдзень атмасферныя франты прынясуць у паўднёва-ўсходні рэгіён Беларусі кароткачасовыя дажджы. Месцамі чакаюцца моцныя ліўні і сур'ёзныя навальніцы. Пры навальніцах моцны парывісты вецер. У асобных раёнах Магілёўскай і Гомельскай абласцей магчымы град. У гэты дзень ападкаў не будзе ўвогуле толькі па паўночным захадзе краіны. Тэмпература ўдзень плюс 12—19, на паўднёвым усходзе — 20—25 градусаў.
На свята 9 мая атмасферныя франты прынясуць нам чарговую порцыю ападкаў. Уначы ў цэнтральных і ўсходніх раёнах, а ўдзень па ўсходзе кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Тэмпература ў ноч на сераду 7—14, па захадзе краіны толькі 3—6 цяпла; удзень 9 мая — 15—22, па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях — да 24 градусаў. А вось 10 мая надвор'е супакоіцца і ападкаў не будзе. Толькі раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ў ноч на чацвер 5—12, а ўдзень ад плюс 18 градусаў па паўночным усходзе да 26 цяпла на поўдні Беларусі.
У пятніцу ўначы месцамі, а ўдзень па захадзе кароткачасовыя дажджы і навальніцы. Уначы будзе 6—13, удзень — 20—27 градусаў, аднак на захадзе Беларусі пахаладае да 16—19 градусаў.
Сяргей КУРКАЧ.