Адчыняйцеся, нябёсы, Юр'я ідзе!

Источник материала:  

"Да подай, маці, ключы

Небеса атварыці,

Да росаньку спусціці:

На новае лета, на зялёнае жыта,

На жыта, на пшаніцу,

На ўсяку пашніцу...."

Яшчэ да першага выгану каровы за вароты ў поле ў Іванавай Слабадзе жанчыны водзяць карагод і спяваюць юраўскія песні. А першы выган адбываўся 6 мая, якраз на Юр'я:

"Ой, што ж карагод

Сам Бог напярод.

Дзе карагод ходзіць —

там жыта родзіць,

А дзе не бывае —

То там палягае..."

Юраўскі карагод у гэтым куточку Убарцкага Палесся — не проста малітва, звернутая да паганскага бога, які адмыкае зямлю і спрыяе земляробству, а сапраўднае рытуальнае дзейства. Вось што спяваюць-замаўляюць здавён у вёсцы, выганяючы "тавар":

"Ідзі, кароўка, у поле,

Зялёную траву паядай,

Юр'еву расу папівай.

А ты, Юр'я, з таварам хадзі,

Стада глядзі,

Разам з таварам дамоў ідзі!"

Рытуальнымі дзеянням-просьбамі гаспадыні нібы баранілі ад нячыстай сілы сваіх дойных карміліц:

"На разыходных дарогах

Будзе стаяць ведзьмярыха —

Вялікая дойніца.

Рожкамі адкаліся,

Ножкамі адбрыкніся,

Хвосцікам адмахніся —

К сабе вядзьмарку не падпусці,

Нясі свой удой дамоў..."

Штогод 6 мая па традыцыі ладзяць вясновага (галоднага) Юр'я на вясковых скрыжаваннях і ў полі, дзе буйна ўзыходзяць пасевы. Лічаныя вёскі ў Беларусі захавалі прыгожую і відовішчную спеўна-карагодную традыцыю святкавання Юр'я. Сярод іх Іванава Слабада, у якой абрад уключае нашэнне ўпрыгожанай ёлкі і чырвонай хусткі-сцяга.

Адчыняйцеся, нябёсы, Юр'я ідзе!

"Чырвоны "сцяг" сімвалізуе жыта, якое красуе ў полі, а яшчэ бароніць пасевы ад навальніц, граду і дажджоў, — тлумачыць сэнс карагодных сімвалаў Вольга Карась. — Няхай гэтак каласочкі на жыце шумляць, як коснічкі на ёлцы зіхацяць".

Пасля карагоду ўпрыгожаную ёлку пакідаюць у полі як ахвяру дзеля ўрадлівасці, добрых ўсходаў і багатага ўраджаю, на які спадзяецца кожны гаспадар. А гурт жанчын крочыць ад хаты да хаты, не толькі спяваючы пад вокнамі, каб атрымаць традыцыйныя яйкі і бліны, але і каб падняць настрой "крывымі" танцамі — "баціначкамі" і вясёлай спеўнай гульнёй "вароты". Вясковы гарманіст Рыгор Карась дае такога жару, што ногі самі просяцца ў скокі.

Сёння ў Іванавай Слабадзе галоўнымі захавальнікамі і Юр'еўскага, і іншых старажытных абрадаў з'яўляецца заслужаны аматарскі калектыў "Журавінка". Захоўваючы песні, рамёствы, традыцыйны касцюм, удзельніцы самадзейнасці захоўваюць, без перабольшвання, душу вёскі, яе твар. Захаванне абрадаў ніколькі не пярэчыць сучаснаму жыццю, у якім хутка нівелююцца і знікаюць рысы самабытнасці нават такога багатага рэгіёна, як Палессе. І няхай сабе карагод на Юр'я ў Слабадзе не выконвае цяпер тых сэнсавых гаспадарчых функцый, якія былі раней, заўтра вясковая раніца абудзіцца ўсё тымі ж адвечнымі словамі:

"За чэрэтам зеляненькім

Ляжыць ралля не арана,

Не арана, не пахана.

Па той раллі ходзіць панна..."

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Лельчыцкі раён.

←В День Победы слонимчане послушают хор ветеранов, поиграют в пейнтбол и посмотрят фейерверк

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика