Апякункі паэтычных нябёсаў

Источник материала:  

Цёплым красавіцкім дажджом віталі нябёсы. Грукат першай веснавой навальніцы далятаў праз вокны залы. Дзявочы голас чытаў вядомыя кожнаму радкі: "У суботу Янка ехаў ля ракі, пад вярбой Алена мыла ручнікі..."

Чытаннем вершаў выдатных прадстаўніц беларускай паэзіі другой палавіны ХХ стагоддзя была адкрыта гэтая цікавая літаратурна-дакументальная выстава ў памяшканні Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Выконвалі вядомыя творы студэнткі філфака Белдзяржуніверсітэта, удзельніцы паэтычнага гуртка "Альтанка" — і гэта было сімвалічна, бо распавядала выстава пра тое, як з першых у жыцці вершаў, з першага зборніка пачынаецца шлях творцы. Шлях, які яднае паэтычныя нябёсы і зямлю, дадзеную нам лёсам.

Апякункі паэтычных нябёсаў

Пра жанчын-паэтаў, якія пакінулі значны след у айчыннай літаратуры, расказвала экспазіцыя, пабудаваная вакол сімвалічнага зялёнага дрэва. На яго вершаліне — партрэт першай сусветна вядомай пісьменніцы Сапфо, а ніжэй — тых, хто служыў ці па сёння служыць музе на зямлі Беларусі. Тут жа пад шклом музейных вітрын — зборнікі, рукапісы, фотаздымкі з сямейных архіваў, уласныя рэчы пісьменніц.

Стваральнікі новай экспазіцыі здолелі праз вобразнасць інтэр'еру і канкрэтыку экспанатаў перадаць не толькі галоўныя рысы асоб, але і прыкметы гістарычнай эпохі, у якой жылі творцы. Так, побач са зборнікам Еўдакіі Лось "Валошкі на мяжы" пра хараство роднага краю выстаўлена частка калекцыі сувенірных значкоў, сабраных у час далёкіх творчых паездак: Хабараўск, Усць-Ілім, Сырдар'я... Разам з першай кніжкай Дануты Бічэль "Дзявочае сэрца" ляжаць сціплыя пацеркі — сведкі далёкіх мар... Рукапісы вянка санетаў "Бабіна лета ў Белаазёрску" Валянціны Коўтун нібы пранізаны цудоўным святлом сонечнага прамення і афарбаваны ў колер залацістага лісця...

Яўгенія Янішчыц некалі казала:

У паэтэс лірычнае адзенне,

Яно ў радках з заранак і аблок...

Завітайце на гэтую выставу ў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры — тут вы даведаецеся шмат пра творчасць і жыццё тых, чые імёны названыя сярод апякунак паэтычных нябёсаў.

Яўген Пясецкі. Фота аўтара.

←З пачатку года літоўцы затрымалі амаль 100 нелегалаў на мяжы з Беларуссю

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика