Еўрапейцы аддаюць перавагу арэндзе жылля
Сярод еўрапейцаў быць уласнікам кватэры непапулярна, бо гэта накладае пэўную адказнасць, таму большасць жыхароў Еўропы проста арандуюць жыллё.
Давайце паглядзім, напрыклад, на Германію. Многія немцы разважаюць так: навошта купляць жыллё, калі можна выбраць любую ўпадабаную кватэру і зняць яе ў арэнду. Уласная кватэра лічыцца абузай, прадаць яе бывае складана.
Уласнік кватэры абавязаны рабіць адлічэнні, удзельнічаць у суфінансаванні, калі агульны сход прымае рашэнне зрабіць які-небудзь рамонт, мадэрнізацыю і г.д. Гэта адказнасць. У арандатара такіх абавязкаў няма, толькі квартплата. І яшчэ: арандатар можа атрымаць жыллёвую субсідыю для аплаты камунальных паслуг. Для ўласніка кватэры гэта немагчыма ні пры якіх абставінах.
Праўда, арэнда кватэры ў Германіі і ў нашай краіне — гэта розныя паняцці. Там, напрыклад, дагавор арэнды бестэрміновы. Жыві хоць 30-40 гадоў, калі падабаецца, і ніхто цябе не выселіць, плаці за камуналку і не парушай парадак. Арэнда ўваходзіць у камунальныя плацяжы і аднолькавая для ўсіх жыхароў дома (у прынцыпе, гэта падобна на тое, як было ў нас у савецкія часы, калі людзі жылі ў дзяржаўных кватэрах па дагаворы найму).
У нашай краіне зараз дагавор найму кватэры заключаецца часцей за ўсё на год, але ў любы момант уласнік кватэры мае права скасаваць дагавор і паказаць на дзверы наймальніку без тлумачэння прычын. У многіх выпадках наогул ніякіх дакументаў не афармляецца, і наймальнік існуе "на птушыных правах" або вусных дамоўленасцях. Плата за арэнду прызначаецца адвольна і можа змяняцца таксама адвольна, па жаданні ўласніка кватэры.
Але самае галоўнае адрозненне ў тым, што ў Германіі ўласнікі арэндных дамоў і кватэр шукаюць наймальнікаў (пры гэтым наймальнік — галоўная асоба на рынку жылля), а ў нашай краіне — наймальнікі шукаюць свабодныя кватэры (арэндадаўцы або ўласнікі кватэр — галоўныя асобы на рынку, менавіта яны дыктуюць цэны і ўмовы).
* * *
У праекце Канцэпцыі дзяржаўнай жыллёвай палітыкі на 2012-2015 гады ў нас закладзена маштабнае развіццё дзяржаўнага арэнднага жылля. Так, намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін заявіў, што ў Беларусі плануецца стварыць такі аб'ём арэнднага жылля, які дазволіць нашым людзям свабодна міграваць па гарадах у пошуках лепшай працы (цяпер жа многія прывязаны менавіта да жылплошчы).
Згодна з Канцэпцыяй дзяржаўнай жыллёвай палітыкі, да 2015 года плануецца выйсці на 2 млн кв. метраў арэнднага жылля, якое будзе прадастаўляцца па даступных цэнах. Як і калі будзе выкананы гэты паказчык, пажывём — пабачым.
Святлана БУСЬКО.