"Тэлевяршыня" фінішуе

Источник материала:  

У пятніцу будуць аб'яўлены пераможцы нацыянальнага тэлевізійнага конкурсу "Тэлевяршыня", які праводзіцца ў нашай краіне ўжо ў восьмы раз. Напярэдадні гэтай падзеі арганізатары конкурсу і члены журы правялі прэс-канферэнцыю, дзе падзяліліся ўражаннямі аб якасці і ўзроўні прац намінантаў гэтага года.

Як паведаміў Дзмітрый ШАДКО, намеснік міністра інфармацыі, сёлета на конкурс было пададзена 214 заявак ад 32 тэлерадыёарганізацый краіны, у тым ліку 24 — з рэгіёнаў:

"Тэлевяршыня" фінішуе— Ва ўсіх 22 намінацыях былі прэтэндэнты. Я лічу, што журы было не так проста вызначыць пераможцаў, бо на конкурс было прадстаўлена шмат дастойных прац. І рэгіянальныя кампаніі шмат у чым склалі дастойную канкурэнцыю рэспубліканскім тэлеканалам.

Высокі ўзровень конкурсных прац з рэгіёнаў адзначылі і члены журы. У прыватнасці, Вячаслаў БУЛАЦКІ, загадчык кафедры тэлебачання і радыёвяшчання Інстытута журналістыкі БДУ, сказаў, што прафесійнае майстэрства рэгіянальных тэлевізійных журналістаў расце. Напрыклад, яму спадабаліся конкурсныя працы тэлерадыёкампаній з Брэста, Ліды і Гомеля. А Галіна ЗЛАБЕНКА, старшы выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, адзначыла і працы тэлежурналістаў з Маладзечна, Пінска, Пастаў і Барысава.

— У цэлым жа трэба сказаць, што беларускае тэлебачанне знаходзіцца на вельмі якасным і прафесійным узроўні, нават калі параўноўваць з міжнароднымі стандартамі, — лічыць Вячаслаў Булацкі. — На конкурсе тэлевізійныя журналісты дэманструюць дастаткова стабільны прафесійны ўзровень. Перш за ўсё гэта тычыцца супрацоўнікаў АНТ, СТБ, Беларусь-1 і Беларусь-2. Радуе мяне і намінацыя "Лепшы рэпарцёр" — тут вельмі цяжка было адабраць найлепшыя працы, бо яны ўсе на высокім узроўні. Я нават не пабаюся сказаць, што наша рэпарцёрскае майстэрства адпавядае лепшым сусветным узорам.

Нагадаем, што ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў "Тэлевяршыні" сёлета пройдзе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Гэтая пляцоўка, як патлумачыла Надзея ГАРКУНОВА, галоўны рэжысёр ТА "Тэлекіно" галоўнай дырэкцыі тэлевытворчасці Белтэлерадыёкампаніі, была выбрана з-за эканоміі сродкаў, бо арэнда Палаца Рэспублікі, у якім традыцыйна ўручалі ўзнагароды пераможцам "Тэлевяршыні", каштуе даражэй. Таксама з-за эканоміі было вырашана адмовіцца ад першага варыянта сцэнарыя ўрачыстай цырымоніі, які быў напісаны ў форме мюзікла. Тым не менш Надзея Гаркунова спадзяецца, што цырымонія будзе цікавай і дынамічнай.

Тэлевізійную версію цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў "Тэлевяршыні" можна будзе паглядзець на канале "Беларусь-1" 28 красавіка ў 21:40. У сваю чаргу, намеснік міністра інфармацыі паабяцаў, што ўжо сёння ў інтэрнэце будуць размешчаны працы, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, — адпаведная спасылка з'явіцца на сайце Міністэрства інфармацыі.

Іван СТУЖКА.

←Бакиев послал на родину привет из Беларуси?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика