Усе праблемы паліклінік звязаны з недахопам кадраў
Камітэт дзяржаўнага кантролю высвятляе якасць абслугоўвання грамадзян у медыцынскіх установах краіны. Карэспандэнт "Звязды" паўдзельнічала ў адным з рэйдаў па паліклініках горада Мінска.
Трэба сказаць, што прамыя лініі і маніторынгі паліклінічных устаноў рэспублікі Камітэтам праводзяцца не ўпершыню. У час праверак не толькі высвятляюцца пэўныя праблемы, але выказваюцца прапановы, як палепшыць якасць паслуг, што аказваюцца ў паліклінічных установах. Разам з супрацоўнікамі Камітэта дзяржкантролю ў рэйдах і прамых лініях удзельнічаюць прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя і камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.
На прамую лінію, якую праводзіў Камітэт дзяржкантролю, ад жыхароў паступілі 72 званкі, якія тычыліся пытанняў работы сістэмы аховы здароўя. Як адзначыла начальнік упраўлення кантролю за работай органаў аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму Віта Цывільская, сёлета змянілася структура зваротаў: "Калі летась 40 працэнтаў зваротаў тычыліся арганізацыі працы саміх паліклінік, выдачы талонаў, чэргаў, то ў гэтым годзе было шмат зваротаў, якія закраналі праблемы канкрэтнага чалавека, яго захворвання". Акрамя таго, па словах Віты Мікалаеўны, на сёлетнюю прамую лінію паступіла ў два разы менш зваротаў, якія тычыліся работы паліклінік горада Мінска. І гэта невыпадкова, бо за год было зроблена вельмі шмат для таго, каб палепшыць якасць абслугоўвання ў паліклініках, паменшыць чэргі.
Напрыклад, праблем з тым, каб узяць талон на прыём да тэрапеўта, стала менш. У Мінску ва ўсіх участковых урачоў арганізаваны 5-гадзінны прыём (для параўнання: тэрапеўты працавалі 3,5—4 гадзіны). Акрамя таго, каб размеркаваць патокі пацыентаў, у сталічных паліклініках павялічваецца колькасць даўрачэбных кабінетаў. Так, сёння іх працуе больш за сотню, прычым у некаторых паліклініках горада адкрыта ужо па 3-4 даўрачэбныя кабінеты.
Удалося разабрацца з чэргамі ў працэдурных кабінетах і лабараторыях. Так, на заборы крыві штодзень адначасова працуюць 2-3 чалавекі, ёсць асобныя паліклінікі, дзе на прыёме гэтага аналізу задзейнічана адразу 7 чалавек. У кожнай паліклініцы стараюцца аператыўна рэагаваць на сітуацыю з чэргамі ў працэдурных, праблема яшчэ ў тым, што немагчыма загадзя прадказаць, колькі людзей прыйдзе здаваць кроў, бо папярэдняга запісу няма, пацыенты прыходзяць, калі ім зручна.
Можна сказаць, што сёння ў сталічных пацыентаў ужо ёсць магчымасць заказаць і такую паслугу, як платны прыём. У кожнай амбулаторна-паліклінічнай установе ўведзены пасады так званага асабістага ўрача-тэрапеўта, участковага, куды падбіраюцца найбольш кваліфікаваныя спецыялісты. Такая практыка ўпершыню была апрабавана ў 10-й паліклініцы, і сёння тут ужо заключана больш за 30 дагавораў на гадавое абслугоўванне.
З лістапада мінулага года арганізаваны кансіліумы з прафесарска-выкладчыцкага складу Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта з прыцягненнем супрацоўнікаў БелМАПА, дзе разглядаюцца гісторыі хвароб найбольш складаных пацыентаў. Акрамя таго, прафесарска-выкладчыцкі склад задзейнічаны ў правядзенні кансультацый у паліклініках.
Усё актыўней у медыцынскіх установах выкарыстоўваюцца новыя тэхналогіі. Так, з 7 снежня 2011 года, каб заказаць выпіску з медыцынскай карты амбулаторнага хворага, пацыенту неабавязкова выседжваць у чэргах, можна пакінуць заяўку ў інтэрнэце.
Акрамя таго, запісацца да ўрача магчыма, не выходзячы з дому: так, да 10 працэнтаў запісу да спецыялістаў ужо здзяйсняецца праз інтэрнэт. Прычым, як адзначылі ў паліклініках, у якія мы завіталі ў час рэйду, сёння такой паслугай карыстаецца не толькі маладое насельніцтва, але і бабулі з дзядулямі, таму такая практыка надалей будзе пашырацца.
Пачалі практыкавацца і кансультацыі пацыентаў праз камп'ютар: у рэжыме анлайн можна звязацца з урачамі і задаць пытанні, якія тычацца стану здароўя, удакладніць, як працягваць лячэнне, якія дыягнастычныя абследаванні трэба прайсці.
Між іншым, у паліклініках, якія мы наведалі падчас рэйду, вялікіх чэргаў ля кабінетаў сапраўды не было. Так, у 37-й паліклініцы, што ў мікрараёне Лошыца, ля дзвярэй кабінетаў, у якіх вядзецца прыём, было не больш, чым па 2-3 пацыенты. І такую карціну мы назіралі як у дарослым, так і ў дзіцячым аддзяленні (гэта паліклініка змешанага тыпу, тут абслугоўваецца 33 тысячы дарослых і 11 тысяч маленькіх пацыентаў). Гадзіннік паказваў 8, але многія наведнікі паліклінікі заўважалі, што і ў іншы час тут не бывае "хвастатых" чэргаў.
Трэба адзначыць, што такой нетыповай для сталічнай паліклінікі сітуацыі ёсць тлумачэнне: 37-я паліклініка адкрылася ўсяго паўтара года таму, большасць насельніцтва, якое яна абслугоўвае, працаздольнага ўзросту, пацыентаў-пенсіянераў — усяго 11%.
Скаргаў на работу паліклінікі ад пацыентаў тут мы пачулі няшмат. Як заўважыла начальнік аддзела пярвічнай медыка-санітарнай дапамогі камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама Людміла Лугавец, у новых паліклініках і тых, што адкрываюцца пасля рэканструкцыі, колькасць зваротаў грамадзян з пэўнымі заўвагамі нязначная. Палепшаныя ўмовы, добрае аснашчэнне кабінетаў, магчымасць павялічыць колькасць дыягнастычных даследаванняў спрыяюць павышэнню якасці работы медыцынскага персаналу. Дарэчы, у бліжэйшы час павінна закончыцца другая чарга рэканструкцыі ў 22-й паліклініцы. Пачаліся будаўніча-мантажныя работы ў Каменнай горцы і ў мікрараёне "Дружба", тут будуць пабудаваны дзіцячыя паліклінікі.
Але, тым не менш, у час праверкі былі выяўлены пэўныя праблемы: людзі скардзіліся, што цяжка патрапіць да вузкіх спецыялістаў.
Менавіта на гэтую праблему звярнулі ўвагу пацыенты 18-й паліклінікі, куды таксама завітаў Камітэт дзяржкантролю. Наведнікі паліклінікі, даведаўшыся аб праверцы, акружылі нас і пачалі дзяліцца сваімі праблемамі. Паводле іх слоў, каб "перахапіць" талончык, людзі вымушаны прыходзіць у паліклініку за гадзіну-дзве да яе адкрыцця, да вузкіх спецыялістаў запісваюцца за некалькі месяцаў (напрыклад, адна жанчына вымушана была ўзяць талончык да эндакрынолага ажно на верасень).
Адміністрацыя паліклінікі робіць захады для таго, каб выправіць такую сітуацыю — справа ў тым, што штат тут недаўкамплектаваны. Акрамя эндакрынолага, не хапае і іншых спецыялістаў: неўролага, герыятара, акуліста. Затое тут цалкам укамплектаваная хірургія і гінекалогія.
Наогул, гэтая праблема актуальная і для іншых сталічных паліклінік. Нават укамплектаванасць тэрапеўтамі па амбулаторна-паліклінічным звяне сёння складае 76,9%. Але гэтая сітуацыя павінна палепшыцца — каля ста маладых спецыялістаў-тэрапеўтаў сёлета прыйдзе працаваць у паліклінікі горада. Таксама ў сталічныя паліклінікі сёлета размеркавана 116 вузкіх спецыялістаў.
У час рэйду па паліклініках мы пацікавіліся, што робіцца для таго, каб замацаваць маладых спецыялістаў. Як адзначыў галоўурач 37-й паліклінікі Леанід Багданаў, для гэтага сёння прымаюцца ўсе захады: "Ставім на чаргу на жыллё, забяспечваем інтэрнатамі... Але ёсць і пэўныя праблемы. Летась да нас прыйшлі 4 маладыя спецыялісты, 2 з іх ужо пайшлі ў дэкрэт...".
Неабходна павышаць прэстыж участковага ўрача, больш удзяляць увагі падрыхтоўцы спецыялістаў менавіта для працы ў паліклініках — наспела пытанне па стварэнні факультэта пярвічнага звяна.
— Мы пастаянна сочым за даступнасцю аказання медыцынскай дапамогі. Калі захварэў акуліст ці афтальмолаг у пэўнай паліклініцы, рыхтуецца загад па раёне і патокі пацыентаў размяркоўваюцца ў іншыя паліклінікі. Такая схема адпрацаваная на ўсіх паліклініках горада. Калі пацыент мае патрэбу ў экстранай дапамозе, таксама адпрацаваны пэўныя алгарытмы дзеяння, — расказвае Людміла Лугавец. — Па арганізацыі работы паліклінік робіцца ўсё магчымае. Безумоўна, сёння адчуваецца недахоп кадраў, а адсюль і выцякаюць усе іншыя прабелы — з чэргамі, талонамі, запісамі.
Алена Дзядзюля.