Крым спадзяецца на беларускіх турыстаў

Источник материала:  

І прапануе сэрвіс "усё ўключана": плазменныя панэлі на пляжах і айпады напракат

Чым у сёлетні курортны сезон будзе вызначацца адпачынак у Крыме і да якіх коштаў рыхтавацца ўсім ахвотным туды паехаць, расказалі прадстаўнікі дэлегацыі гэтай Аўтаномнай Рэспублікі на чале з міністрам курортаў і турызму Крыма Аляксандрам Ліевым.

— Калі два гады таму ў Крыме было ўсяго 60 бясплатных пляжаў, летась — 110, то сёлета іх будзе 219. Усяго ў Крыме 556 пляжаў. Гэта самая вялікая канцэнтрацыя на тэрыторыі Чарнаморскай прасторы. І ўсе грамадскія пляжы адкрытыя для бясплатнага наведвання, — адказаў Аляксандр Ліеў на пытанне, якое турбуе ўсіх пастаянных наведнікаў гэтага курорта.

Міністр расказаў, што з гэтага сезона ўсе пляжы атрымаюць зорнасць. На кожным з іх будзе сцяг, па колькасці ракавінак на якім (ад 1 да 5) наведнікі змогуць вызначыць, да якой катэгорыі пляж належыць. Каля 20 пляжаў будуць мець найвышэйшую, пяцізоркавую катэгорыю. Яна ўключае набор самых разнастайных паслуг — ад бясплатнага WіFі плазменных панэляў да наяўнасці масажыста і айпадаў напракат.

Крым ідзе ў нагу з часам і ўсімі магчымымі спосабамі імкнецца пераадолець стэрыатып, што там дрэнны сэрвіс.

Андрэй Велігжанін, дырэктар пансіяната "Імперыя", паабяцаў, што любы ахвотны можа не толькі жыць тут у двухмесным нумары з 4-разавым харчаваннем за 42 долары ў суткі, але і атрымліваць пры гэтым 5-8 медыцынскіх і аздараўленчых працэдур, наведваць саўну і більярд, а таксама ездзіць на экскурсіі. Усё ўключана — і ніякай савецкай настальгіі, бо пансіянат пабудаваны з улікам сучасных патрабаванняў.

Але і тым, каго ў Крым кліча жаданне панастальгіраваць, могуць знайсці кампраміс паміж "усё ўключана" і рэтра ў савецкім стылі. Прыклад таму — былы санаторый "Калгаснік" у Алушце. Тое, што адбывалася там яшчэ пару гадоў таму, самі крымчане апісваюць як "жах і ганьба". Але зараз санаторый "Залаты колас" не пазнаць! Пра савецкае мінулае там нагадваюць хіба што рэстаран "СССР" і бар "Куба" пры басейне. У кошт, а гэта 46 у.а. за суткі, уваходзяць не толькі пражыванне і 4-разовае харчаванне за шведскім сталом, але і медыцынскія і СПА-працэдуры, басейны, саўны, ёга, фітнэс і іншыя паслугі.

Яшчэ адзін варыянт пабачыць сучасны сэрвіс "усё ўключана" ў былым савецкім інтэр'еры — паехаць у Судак, у дом адпачынку "Судак", праўда, цяпер ён называецца турысцка-аздараўленчым комплексам. Ад савецкіх часоў у спадчыну санаторыю дасталося 12 карпусоў на 20 гектарах — адначасова тут можа адпачываць 1100 чалавек! Паслугі самыя разнастайныя, як і цэны — ад 35 да 100 у.а. у залежнасці ад вашых апетытаў і жаданняў.

Застаецца дадаць, што другі год запар у маі аднаўляюцца паветраныя зносіны з Крымам. Кампанія "Белавія" карыстаецца 20-адсоткавай зніжкай на паслугі Сімферопальскага аэрапорта, і сёлета яе абяцаюць яшчэ павысіць. Так што пакуем чамаданы — Крым кліча!

Алена АЎЧЫННІКАВА.

←Митрополит Филарет: Пусть память об этом трагическом событии будет напоминанием о хрупкости мира и святости жизни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика