СТАРТ У КОСМАС — УСЁ БЛІЖЭЙ...

Источник материала:  

12 красавіка — Сусветны дзень авіяцыі і касманаўтыкі

У часы майго дзяцінства і юнацтва ў гэты дзень на класнай гадзіне штогод нам распавядалі пра сусветна вядомага Юрыя Гагарына, беларусаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка, касмічныя караблі "Усход" і "Саюз"...

На жаль, нямногія сучасныя школьнікі маюць сёння такія шырокія веды па гісторыі касманаўтыкі, якія мелі мы. А зараз жа столькі цікавага адбываецца! З дапамогай інтэрнэту можна "пабываць" у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў у Падмаскоўі, паглядзець фота і відэа, пазнаёміцца з буднямі касманаўтаў-выпрабавальнікаў і кандыдатаў у касманаўты...

СТАРТ У КОСМАС — УСЁ БЛІЖЭЙ...

Зрэшты, і нагода добрая ёсць. Там жа зараз рыхтуецца да палёту ў космас яшчэ адзін беларус — ураджэнец Чэрвеня, выпускнік нашай гарадской СШ № 2 1988 года, мой аднакласнік, палкоўнік Алег Навіцкі. "Звязда" сёлета друкавала ўжо інтэрв'ю з ім. А зараз — новыя цікавыя факты.

Як той казаў, дзе мы, а дзе — Зорны гарадок. І ўсё ж ён становіцца бліжэй, дзякуючы цікавым аповедам Алега Навіцкага. Як бліжэй становіцца адметнае, але такое няпростае жыццё касманаўтаў-выпрабавальнікаў.

Для кандыдатаў у касманаўты гэта — двухгадовая агульнакасмічная падрыхтоўка, для касманаўтаў атрада — вучоба і шматлікія трэніроўкі на выжыванне: у зімовым лесе, у пустыні, на вадзе... Сапраўдны экстрым, каб не сказаць больш! А зараз — перадпалётныя экзаменацыйныя трэніроўкі. Бо, як вядома, Алег Навіцкі прызначаны камандзірам касмічнага карабля "САЮЗ-ТМА-06" (экіпаж МКС-33/34), у склад якога ўваходзяць касманаўт Раскосмаса Яўген Тарэлкін і астранаўт НАСА Кевін Форд. Іх старт запланаваны на восень гэтага года. А зараз яны дубліруюць асноўны экіпаж МКС-31/32 (Генадзь Падалка, Сяргей Рэвін і Джозэф Акаба), старт якога па пэўных прычынах перанесены на май.

Але пра перадпалётныя трэніроўкі — крыху пазней. Напачатку — аповед Алега Навіцкага пра ранейшыя (з фотаздымкамі!):

— Для трэніровак у бязважкасці ў Зорным спецыяльна абсталявалі самалёт, абклалі яго ўнутры гімнастычнымі матамі. Збіраецца амаль уся група агульнакасмічнай падрыхтоўкі, але са скафандрамі працуюць толькі два чалавекі — пад наглядам інструктараў. Самалёт выконвае фігуру пілатажу "горка", падчас якой ствараецца бязважкасць секундаў на 20. І мы выкарыстоўваем іх для таго, каб паспрабаваць нацягнуць скафандр за пэўны час. Атрымліваецца 4 рэжымы. А ўвогуле, самалёт робіць іх 10. Гэта дарагая трэніроўка, падчас якой траціцца шмат паліва. Калі падаецца каманда: "Пачатак рэжыму!" — пачынаецца работа. Нас падчас спробы апрануць скафандры інструктары страхуюць. Першы этап — нацягваем касцюм на ногі, затым — рукавы, наступны — прасунуць галаву ў металічную адтуліну (атрымліваецца з цяжкасцю)... Ствараем умовы для герметызацыі скафандра, замыкаем замкі. І, у прынцыпе, касманаўт гатовы да аўтаномнага існавання ў межах карабля. Гэтыя трэніроўкі ладзяцца на выпадак экстраннай сітуацыі — разгерметызацыі карабля альбо пажару. А ўвогуле, скафандр ахоўвае ад траўмаў.

Трэніроўкі на выжыванне ў зімовым лесе, як і ў пустыні, на вадзе, ладзяцца на выпадак, калі экіпаж касмічнага карабля прызямліцца ў незапланаваным раёне, дзе будзе чакаць прыбыцця пошукава-выратавальных службаў. Спускавы апарат з усім абсталяваннем вывозіцца ў зімовы лес. Туды садзіцца ўмоўны экіпаж — з радыёстанцыяй, харчаваннем, запасам пітной вады. Парашуты, якія павінны былі раскрыцца пры пасадцы, — побач. І экіпаж на трое сутак застаецца адзін, толькі выходзіць на радыёсувязь у прызначаны час.

Да першай начоўкі мы павінны пабудаваць аднаскатны будан. Прызначаем дзяжурства — па дзве гадзіны. Апрача ўсяго іншага, трэба ахоўваць агонь. Рабілі таксама сігнальнае вогнішча — для пошукавых службаў. Камандзір размяркоўваў парадак прыёму ежы. Дарэчы, ахоўныя касцюмы, у якія мы былі апрануты, выпрабоўваліся ў Арктыцы пры тэмпературы паветра мінус 60 градусаў. Самае галоўнае — захоўваць баланс, не замерзнуць і не перагрэцца. На другія суткі будуем укрыццё тыпу "вігвам". У ім даволі цёпла. Пры мінус 20 на вуліцы карэец, які разам са мною знаходзіўся ў складзе ўмоўнага экіпажу, сядзеў ва ўкрыцці без вопраткі. Далей па ўмовах трэніроўкі мы павінны перайсці да месца пасадкі верталёта. Але напачатку — пакінуць інфармацыю (пазыўны ("Мацярык"), кірунак, час адыходу і паведамленне аб тым, што ў экіпажы парадак). Падчас пераходу адзін з членаў экіпажа зламаў нагу (ўмоўна). Астатнія павінны аказаць яму першую медыцынскую дапамогу і транспартаваць далей — да месца пасадкі верталёта.

Этап марскіх выжыванняў ладзіцца на выпадак прываднення спускальнага апарата ў Сусветны акіян. Вопытныя інструктары дапамагаюць са спускам на ваду, робіцца фота ўмоўнага экіпажа. А затым наш апарат вывозіцца ў мора. Вакол знаходзяцца вадалазы. Задача — за тры гадзіны пераапрануцца, знаходзячыся ў апараце, каб можна было выйсці. Унутры, у абмежаванай прасторы, тром чалавекам зрабіць гэта вельмі цяжка. Але мы справіліся. Затым нас даставілі на борт карабля. За трэніроўку, якая доўжылася 1 гадзіну 58 хвілін, кожны з нас страціў ад трох да чатырох кілаграмаў вагі.

Трэніроўка ў пустыні — адна з самых складаных. Яна праводзілася на Байкануры пры тэмпературы паветра плюс 45-48 градусаў (у ценю). Тым не менш, экіпаж апранае скафандры. Робіцца фота праз шкло. Група інструктараў вывозіць нас у стэп. Экіпаж выходзіць. На прызначаным месцы ўмоўнага спуску зноў ляжаць парашуты — імітацыя сітуацыі, калі мы толькі прызямліліся. Ідзе даклад па рацыі, але... пошукавыя службы нас не чуюць. Таму прымаем рашэнне рыхтавацца да выжывання тут.

За кароткі час з парашута павінна быць пабудавана ўкрыццё. Для гэтага існуе пэўная методыка. Каб не губляць вільгаці, мы застаёмся ў белай бялізне, якая лепш за ўсё адбівае сонечнае святло. Трэба зрабіць яміну для вады, каб яна не награвалася. З кавалкаў парашута робім мяшкі, якія набіваем пяском.

Экіпаж павінен заняць такое становішча, каб як мага менш размаўляць і рухацца, бо ўсё гэта выклікае выпарэнне неабходнай целу вільгаці. У апараце — кантэйнер з вадой. Норма — два літры на чалавека на працягу трох дзён. Іх размяркоўвае камандзір экіпажа. Мы прымалі ваду па 50 грамаў, і я адчуў, як гэтую мізэрную колькасць можна расцягнуць на паўгадзіны. Набіраеш яе са спецыяльнай мернай шкляначкі ў рот — і яна проста там растае, нават не глытаеш. Толькі так можна пацягнуць час. Таксама мы рыхтавалі спецыяльнае ўстройства для збору прыроднай вады. Атрымалася сабраць 60 грамаў. Яе затым нам памянялі на пітную.

Начоўка выконваецца так. З парашута будуецца штосьці накшталт вялікай ванны, каб ніякая жыўнасць не запаўзла праз высокія барты. Тут таксама прызначаюцца начныя дзяжурствы і ў пэўны час ладзяцца даклады для пошукава-выратавальнай службы.

Падчас трэніроўкі да нас прыходзіў доктар, каб зрабіць неабходныя замеры. Паколькі вільгаць сышла з арганізма, кроў робіцца густой. Таму і патрабуецца пастаянны кантроль за станам экіпажа.

На трэція суткі таксама запланаваны пераход да ўмоўнага месца пасадкі верталёта. І тут замест 50 грамаў камандзір выдае ўжо кожнаму па 100 грамаў вады — для бадзёрасці. Збіраем неабходнае абсталяванне і выконваем пераход. Побач знаходзяцца інструктары, якія фіксуюць правільныя дзеянні, магчымыя памылкі, якія пры разборы даводзяцца ўсяму экіпажу. Фінальны этап трэніроўкі на выжыванне ў пустыні — сігнал для пошукава-выратавальнага верталёта, які падбірае экіпаж і дастаўляе на базу...

Вось колькі ўсяго давялося перажыць майму аднакласніку! А пра тое, як няпроста яму зараз, можна меркаваць па гэтай інфармацыі пра заліковую трэніроўку па комплексе сродкаў жыццядзейнасці расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі, што ладзілася на пачатку сакавіка.

Яна доўжылася цэлых восем гадзін! Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін справіліся з васьмю няштатнымі сітуацыямі! Добра, што выдзяляўся час на абед, але... касмічны. Яго таксама яшчэ трэба было прыгатаваць — з прадуктаў бартавога рацыёну харчавання. І гэта было адно з заданняў трэніроўкі. Зрэшты, касманаўты-выпрабавальнікі аказаліся падчас яе на вышыні, справіўшыся нават з пажаранебяспечнай сітуацыяй. Давялося надзяваць процівагазы, бо дым у службовым модулі быў зусім не бутафорскім.

Выснова камісіі, куды ўвайшлі прадстаўнікі Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў і ракетна-касмічнай карпарацыі "Энергія", была наступная: касманаўты-выпрабавальнікі Алег Навіцкі і Яўген Тарэлкін паспяхова выканалі ўсе пастаўленыя задачы і гатовы да эксплуатацыі комплексу сродкаў жыццядзейнасці расійскага сегмента Міжнароднай касмічнай станцыі.

І зноў трэніроўкі, залікі, экзамены... "Выдатна", "выдатна", "выдатна"... І з кожнай з гэтых адзнак зорнае неба быццам усё бліжэй і бліжэй... І толькі пасля старту экіпажа МКС-31/32 можна будзе крыху адпачыць. Каб набрацца сіл перад стартам уласным.

А сёння ў нашага земляка Алега Навіцкага і яго калег — свята. Шчыра віншуем!

Святлана АДАМОВІЧ.

Здымак з фотаархіва Алега НАВІЦКАГА.

Чэрвеньскі раён.

←Митрополит Филарет: Пусть память об этом трагическом событии будет напоминанием о хрупкости мира и святости жизни

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика