Гарыць трава — гінуць людзі

Источник материала:  

У Брэсцкай вобласці, асабліва ў паўднёвай яе частцы, снегу не было з пачатку сакавіка. А з наступленнем цёплых, сонечных дзён пачалася сапраўдная "эпідэмія" палу травы. У адзін з выхадных дзён сярэдзіны сакавіка спецыялісты пажарнай службы некалькі разоў перарывалі вяшчанне праваднога радыё, каб звярнуцца да суайчыннікаў з просьбай прыслухацца да голасу розуму. Гэта ж не смешкі, што на ліквідацыі ачагоў гарэння травы ў названыя дні было задзейнічана каля 200 чалавек асабовага складу падраздзяленняў МНС.

Гарыць трава — гінуць людзіКожны год пажарныя, супрацоўнікі органаў аховы прыроды выступаюць у СМІ, праводзяць індывідуальныя гутаркі — просяць людзей не паліць траву. Бо, паводле меркавання спецыялістаў, практычна ўсе вясновыя ўзгаранні адбываюцца па віне чалавека, які свядома падпальвае нейкі ўчастак травы. А потым нярэдка бывае, што агонь выходзіць з-пад кантролю і распаўсюджваецца з маланкавай хуткасцю. Наступствы могуць быць трагічнымі.

Амаль кожны дзень прыносіць новыя весткі. Школьнік з Ганцавічаў гасцяваў у дзядулі. На пустцы, дзе ён гуляў, гарэла сухая трава. 11-гадовы хлопчык паспрабаваў патушыць яе самастойна і атрымаў моцныя апёкі. Тым часам у брэсцкую бальніцу прывезлі жыхара вёскі Камароўка Брэсцкага раёна з апёкамі ног — ён таксама спрабаваў затушыць стыхійны пажар.

Церпяць не толькі людзі, але і пабудовы, страчваецца маёмасць. Вось і сёлета каля вёскі Грабавец Баранавіцкага раёна агонь з травы перакінуўся на дачныя ўчасткі. Калі прыбылі пажарныя, яны засталі два гектары палаючай травы. Гарэлі два драўляныя дамы і хлявы. Агонь утаймавалі, тым самым выратаваўшы астатнія шэсць дач.

У вёсцы Старое Забалоцце Маларыцкага раёна 79-гадовы пенсіянер тушыў сухую траву, а ў выніку загінуў сам. У Пінскім і Драгічынскім раёнах таксама загінулі пенсіянеры. Цела 75-гадовага мужчыны знайшлі сярод спаленай травы. А 79-гадовая жанчына, якая паліла смецце на сваім падворку, атрымала апёкі і памерла ў бальніцы. У Пружанскім раёне гаспадыня згарэла разам з домам. Зноў жа з-за пажару, распачатага на траве. Калі пажарныя прыбылі ў вёску Харкі, дом ужо быў увесь у агні. 48-гадовую гаспадыню паспелі завезці ў бальніцу. Але яна атрымала апёкі 90% цела, несумяшчальныя з жыццём.

Усяго ж у Брэсцкай вобласці агнём за вясну знішчана больш за 20 пабудоў, каля дзясятка пашкоджана. І ўсё з-за легкадумнасці, безадказнага стаўлення да зямлі, навакольнага асяроддзя ды і да свайго жыцця ў рэшце рэшт. Прайшло пахаладанне, і зноў дзе-нідзе запалалі ачагі сухой травы.

Выратавальнікі па-ранейшаму заклікаюць, патрабуюць праявіць грамадзянскую свядомасць — не паліць сухую траву, а таксама папярэджваюць, што штраф за такое супрацьпраўнае дзеянне дасягае 40 базавых велічынь.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←Украина, Беларусь и Россия согласовали проблемные вопросы обустройства границы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика