Разглядаюцца ўсе варыянты

Источник материала:  

Як будзем плаціць за электраэнергію, Міністэрства энергетыкі яшчэ не вырашыла

Добры дзень, паважаная рэдакцыя! Прачытала, што ў другой палове 2012 года беларусы будуць плаціць дыферэнцыявана за электраэнергію. Палічылі, што ў ліміт 150 кВт × г за месяц укладуцца 70-75% насельніцтва, а астатнія належаць да заможных грамадзян. Як рабіліся гэтыя разлікі? Мне 65 гадоў, майму мужу 66. З намі жыве дачка, інвалід 1 групы, і 88-гадовая свякруха, прыкаваная да ложка. Інваліднасці ў яе няма, бо для гэтага патрэбна адвезці яе на камісію ў раённы цэнтр. Для ляжачай старой гэта цяжка.

У нашай вёсцы гарачая вада толькі ад электрычнага энерганагравальніка. Мыць бялізну даводзіцца кожны дзень, іншы раз і па два разы на дзень. Дадайце душ. Мы яшчэ маем халадзільнік і два маразільнікі, таму што трымаем свіней і бройлераў. Замарожваем таксама гародніну і ягады на зіму.

Мы стараемся эканоміць электраэнергію: выкінулі электрачайнік, не карыстаемся мікрахвалёўкай (разаграем на газавай пліце), я нават пірагі пачала пячы ў грубе, каб не карыстацца электрадухоўкай. Якасць, вядома, горшая. Пачала паласкаць бялізну халоднай вадой, але пасля таго як забалелі рукі і я купіла лекі, якія каштуюць вельмі нятанна, аказалася, што я нічога не сэканоміла.

Няўжо карыстанне электранагравальнікам у вёсцы — гэта раскоша? Мы ж не вінаватыя, што ў вёсцы няма газу, цэнтралізаванага ацяплення. Нават халодную ваду мы атрымліваем праз асабісты электраматор, які таксама спажывае электраэнергію. Дык хто нас аднёс да заможных грамадзян? Ну выключым мы адзін маразільнік. Займацца жывёлагадоўляй пенсіянерам сёння нерэнтабельна. Усё роўна мы не ўкладзёмся ў 150 квт × г.

З павагай, жыхарка в. Леніна Жыткавіцкага раёна Клаўдзія Рай.

Газета і чытачка атрымалі адказ: "Па даручэнні Міністэрства энергетыкі дзяржаўнае вытворчае аб'яднанне электраэнергетыкі "Белэнерга" разглядзела ваш зварот у рэдакцыю газеты "Звязда" і паведамляе наступнае.

З мэтай стымулявання насельніцтва да рацыянальнага выкарыстання электраэнергіі па даручэнні ўрада ў рэспубліцы прапрацоўваюцца розныя варыянты вызначэння для насельніцтва дыферэнцыяванай аплаты за электрычную энергію ў залежнасці ад аб'ёмаў яе спажывання.

Пры разглядзе розных варыянтаў вызначэння аб'ёмаў карыстання Міністэрствам энергетыкі ўлічваліся многія фактары, у тым ліку вопыт сумежных краін (Украіна, Латвія), падтрымка сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва, затраты, а таксама праблемныя пытанні, якія могуць узнікнуць пры рэалізацыі новай сістэмы аплаты.

Адначасова прапаноўваўся да разгляду варыянт паступовага павышэння тарыфаў на электраэнергію для ўсіх грамадзян без вызначэння нормаў спажывання як адзін з найбольш мэтазгодных варыянтаў.

Канчатковае рашэнне па вызначэнні дыферэнцыяванай аплаты за электраэнергію будзе прынята з улікам комплекснага разгляду пераваг і недахопаў усіх варыянтаў".

Ад рэдакцыі:

Мы ў сваю чаргу хочам падзякаваць усім сваім неабыякавым чытачам за пытанні. Іншы раз у тым ліку і дзякуючы вашым зваротам і пісьмам спецыялісты з міністэрстваў пачынаюць лепш уяўляць сабе праблемную сітуацыю, і ёсць большая верагоднасць таго, што рашэнне па ёй не будзе прынята паспешліва. Хочацца верыць, што чым больш варыянтаў разглядаецца і маецца на ўвазе, тым больш прадуманымі будуць канчатковыя высновы.

Святлана БУСЬКО

←Почем слёзы у берёзы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика