Чаму змяніліся планы? І не ў лепшы бок...

Источник материала:  

Ёсць пытанне

Мы, жыхары вёскі Чурылы Дзяржынскага раёна, з 2004 года дамагаемся будаўніцтва дарогі да станцыі Негарэлае. Ад нас гэта — усяго 450 метраў. Аднак звяртацца давялося ў самыя розныя інстанцыі.

Адказы з іх мы таксама атрымлівалі самыя розныя: спачатку нам пісалі, што "пытанне патрабуе дэталёвага вывучэння...", што "будаўніцтва гэтага аб'екта ў план не ўключалася", потым — што "пажаданне жыхароў аб будаўніцтве насыпной дарогі і больш надзейнага моста будзе ўлічана...".

У адным жа з апошніх афіцыйных адказаў ужо паведамлялася, што "для забеспячэння пешаходных зносін паміж в. Чурылы і чыгуначнай станцыяй Негарэлае ў 2011 годзе КУП "Мінскаблдарбуд" запланаваны распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі і пачатак работ па будаўніцтве пешаходнай эстакады праз пойму ракі Ператуць".

Думалі мы: ну вось жа, ну нарэшце! Тым больш, што пасля гэтага ў вёску прыязджалі і галоўны інжынер праектнай арганізацыі, і прадстаўнік Дзяржынскага ДРБУ-210. А намеснік галоўнага інжынера — начальнік вытворчага аддзела КУП "Мінскаблдарбуд" дык нават эскіз прывозіў, на якім мы бачылі, як будзе выглядаць дарога, як будуць закладзены трубы...

Праўда, тады ж ён нам патлумачыў, што ўжо канец кастрычніка, што завяршыць работы ў 2011 годзе будаўнікі не паспеюць, таму лепш перанесці аб'ект на вясну наступнага...

Але ж куды раней, яшчэ да вясны — у студзені — мы атрымалі паперу за подпісам генеральнага дырэктара "Мінскаблдарбуда", у якой паведамляецца, што ў першым паўгоддзі прадпрыемства выканае... рамонт існуючай пешаходнай кладкі цераз р. Ператуць пры дапамозе поручневай агароджы.

У сувязі з гэтым у нас шэраг пытанняў:

Навошта было траціць дзяржаўныя грошы на праектна-каштарысную дакументацыю? Навошта было абяцаць і ўсё гэта зацягваць? Нарэшце ж — які сэнс рамантаваць існуючую пешаходную кладку пры дапамозе поручневай агароджы, калі яна праз год прыйдзе ў нягоднасць? Адкуль ведаем? У жніўні 2009-га тую кладку выконвалі, але не мяняючы месцамі слупкі і перакрыцці... Таму ўжо ў 2011-м вяскоўцы самі, сваімі сіламі рабілі рамонт. Цяпер, атрымліваецца, усё пойдзе па новым крузе?

Між тым, дарога ад Брэсцкай шашы да нашай вёскі ад снегу не расчышчаецца, аўталаўка з прадуктамі часта не даходзіць, а па кладцы ў 80 гадоў не вельмі находзіш — летам, не кажучы ўжо зімой.

...Калі ласка, надрукуйце наша пісьмо. Хай людзі ведаюць, як могуць мяняцца планы: у студзені мінулага года даюць дабро на будаўніцтва пешаходнай эстакады, у студзені гэтага усё адмяняюць і абмяжоўваюцца поручневай агароджай.

Кандуцкая В.А. і іншыя жыхары в. Чурылы,

Дзяржынскі раён.

←Почем слёзы у берёзы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика