Дакументы па кітайска-беларускім індустрыяльным парку амаль гатовыя

Источник материала:  

Пра гэта паведаміў учора Пасол КНР Цзяньвэй ГУН на сустрэчы са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолем РУБІНАВЫМ.

Падобныя сустрэчы ў верхняй палаце парламента досыць традыцыйныя, але з Кітайскай Народнай Рэспублікай беларускую дзяржаву звязваюць асаблівыя стасункі, якія маюць характар стратэгічнага партнёрства, падкрэсліў Анатоль Рубінаў.

— Думаю, гэтаму ёсць дзве асноўныя прычыны, — сказаў Старшыня Савета Рэспублікі Беларусі. — Першая, глыбінная, — нашы народы, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, у сваёй гісторыі прайшлі няпросты шлях, таму яны блізкія адно аднаму ў тым, што ўмеюць цаніць працу. Другая — цёплыя ўзаемаадносіны паміж кіраўнікамі дзвюх дзяржаў. За 20 гадоў дыпламатычных адносін паміж Кітаем і Беларуссю ў 100 разоў узрос таваразварот, летась ён склаў 3 млрд долараў. Мы вельмі ўдзячны КНР за крэдыты, агульная сума якіх сёння складае 16 млрд долараў. Гэтыя грошы прыносяць вялікую карысць нашай краіне. Яны выкарыстоўваюцца ў рэканструкцыі Мінскай ТЭЦ-2, будаўніцтве Бярозаўскай і Лукомльскай ГРЭС і на іншых значных праектах.

Разам з тым, адносіны паміж краінамі не вымяраюцца толькі грашыма, пагадзіліся ўдзельнікі сустрэчы. У Беларусі навучаецца больш за 2 тысячы кітайскіх студэнтаў, адкрытыя інстытуты Канфуцыя на базе БДУ і МДЛУ, існуюць сумесныя пагадненні ў галіне навукі і культуры, досыць багатая практыка міжпарламенцкага супрацоўніцтва. У сваю чаргу ў Кітаі сёлета адбудуцца Дні беларускай культуры. Пашыраюцца і міжрэгіянальныя кантакты: у дзвюх краінах 10 гарадоў-пабрацімаў, а Віцебская вобласць сёлета запрошана на Міжнародны гандлёва-эканамічны кірмаш у Харбіне.

Самым гучным і капіталаёмістым сумесным праектам сёння з'яўляецца стварэнне кітайска-беларускага індустрыяльнага парка ў Смалявіцкім раёне.

— Літаральна тыдзень таму я сустрэўся з кіраўніцтвам кітайскай кампаніі, якая займаецца гэтым праектам, — сказаў пасол Цзяньвэй Гун. — Зараз мы знаходзімся на апошняй стадыі падрыхтоўкі дакументаў.

На сустрэчы былі абмеркаваны пытанні паскарэння запуску гэтага праекта і іншыя перспектывы развіцця міждзяржаўных адносін і міжпарламенцкага супрацоўніцтва.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

←Почем слёзы у берёзы?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика