"Вам трэба звярнуцца ў суд..."
Паважаная рэдакцыя! Звяртаецца да вас з просьбай аб дапамозе пенсіянерка Несцер Іна Мітрафанаўна. Справа ў тым, што я даглядала сваю мачаху Кавалёву Лідзію Аляксандраўну на працягу 15 гадоў. Яна была цяжка хворай: амаль 7 гадоў нічога не бачыла, каля 5 гадоў не хадзіла. Уявіце, як цяжка было даглядаць яе. Аб гісторыі майго жыцця нават пісала наша раённая газета "Да новых перамог" у артыкуле "Проста Мітрафанаўна".
Мая мачаха памерла ў 90 гадоў, 9 сакавіка гэтага года, а пенсію яна атрымлівала 19 сакавіка. Але мне яе не аддалі, спасылаючыся на тое, што я не родная дачка. Мы пражылі столькі гадоў разам, а цяпер трэба і памаліцца за супакой, прывесці ў парадак магілку, усталяваць помнік. Але, выходзіць, на працягу столькіх гадоў догляду цяжка хворага чалавека я так і не змагла пераступіць мяжу, стаць "роднай дачкой".
Я ніколі не звярталася па дапамогу, нікуды не пісала. А вось цяпер стала крыўдна, што паняцці "родны ці не родны" часам не адпавядаюць правілам людскасці.
Дык ці маю я права атрымаць гэтую апошнюю пенсію Кавалёвай Лідзіі Аляксандраўны за сакавік?
З павагай, Несцер Іна Мітрафанаўна, агр. Заастравечча Клецкага раёна.
Па адказ на пытанне Іны Мітрафанаўны мы звярнуліся да начальніка аддзела метадычнага забеспячэння прызначэння і выплаты пенсій і дапамог упраўлення пенсійнага забеспячэння камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінс- кага аблвыканкама Ірыны Царун. Вось што яна паведаміла:
— У адпаведнасці з арт. 91 Закона "Аб пенсійным забеспячэнні", сумы пенсіі, што аказаліся недаатрыманымі ў сувязі са смерцю пенсіянера, выплачваюцца ў роўных долях членам сям'і, якія пражывалі сумесна з пенсіянерам на дзень яго смерці, а таксама яго непрацаздольным утрыманцам незалежна ад таго, пражывалі яны сумесна ці не.
Патрабаванні аб выплаце названых сум могуць прад'яўляцца на працягу шасці месяцаў з дня смерці пенсіянера.
Пры адсутнасці асоб, якія мелі б права на атрыманне недаатрыманых сум пенсіі альбо калі патрабаванні аб выплаце сум пенсіі не прад'яўляліся, адпаведныя сумы ўключаюцца ў склад спадчыны і атрымліваюцца ў спадчыну ў парадку, які ўстаноўлены грамадзянскім заканадаўствам.
Згодна з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, сям'я — гэта аб'яднанне асоб, звязаных паміж сабой маральнай і матэрыяльнай еднасцю і падтрымкай, вядзеннем агульнай гаспадаркі, правамі і абавязкамі, якія вынікаюць са шлюбу, блізкага сваяцтва, усынаўлення (удачарэння). Да членаў сям'і адносяцца сужэнец (сужэнка), іх дзеці і бацькі. Іншыя сваякі сужэнцаў, непрацаздольныя ўтрыманцы, а ў выключных выпадках і іншыя асобы, могуць быць прызнанымі ў судовым парадку членамі сям'і, калі яны пражываюць сумесна і вядуць агульную гаспадарку (арт. 59 Кодэкса аб шлюбе і сям'і).
Блізкім сваяцтвам лічацца адносіны, што выцякаюць з кроўнага сваяцтва паміж бацькамі і дзецьмі, роднымі братамі і сёстрамі, дзедам, бабкай і ўнукамі (Кодэкс аб шлюбе і сям'і).
Такім чынам, грунтуючыся на ўказаных палажэннях заканадаўчых актаў, іншыя сваякі памерлага пенсіянера, што пражывалі з ім сумесна на дзень смерці і не знаходзіліся ў блізкім сваяцтве, могуць быць прызнанымі членамі сям'і ў судовым парадку.
Несцер Іна Мітрафанаўна з'яўлялася падчаркай Кавалёвай Лідзіі Аляксандраўны. Падстаў для выплаты недаатрыманай пенсіі памерлай пенсіянеркі яе падчарцы, якая сумесна пражывала з пенсіянеркай да дня яе смерці, не існуе. Але Іна Мітрафанаўна можа атрымаць права на недаатрыманую пенсію, калі звернецца ў суд і будзе прызнана членам сям'і Кавалёвай Л.А. у судовым парадку.
Святлана БУСЬКО