Холдынгі: быць ці не быць?

Источник материала:  

Пра стварэнне буйных інтэграваных вытворчых груп накшталт холдынгаў, кластараў і фінансава-прамысловых груп размовы ў нашай краіне ідуць даўно. Некаторыя холдынгі ўжо створаны — напрыклад, на базе "Гарызонта", а некаторыя яшчэ знаходзяцца на стадыі стварэння і абмеркавання — прынамсі Міністэрства прамысловасці заяўляе пра намер стварыць 16 холдынгаў. Але наколькі гэты працэс апраўданы і выгадны на цяперашнім этапе? Ці павысіць гэта канкурэнтаздольнасць дзяржпрадпрыемстваў? Гэтыя пытанні абмяркоўвалі ў Савеце Рэспублікі на спецыяльным семінары, прысвечаным стварэнню холдынгаў і іх ролі ў эканоміцы.

— Сёння ідуць пэўныя пошукі аптымальных структурных формаў у нашай эканоміцы. І ўрад вялікую ўвагу надае магчымасці выкарыстання структур тыпу холдынгаў, паколькі менавіта такія структуры дазваляюць аб'яднаць намаганні, найбольш аптымальным чынам каардынаваць усю працу — ад вытворчасці сыравіны да яе апрацоўкі і атрымання канчатковага прадукту, а таксама яго рэалізацыі, — сказаў Анатоль РУБІНАЎ, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.

Але ці сапраўды стварэнне холдынгаў прыносіць толькі станоўчы вынік? Як адзначыў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый ГОЛУХАЎ, інтэграцыя забяспечвае арганізацыям дадатковыя канкурэнтныя перавагі, садзейнічае перамяшчэнню назапашанага капіталу ў найбольш перспектыўныя напрамкі дзейнасці, вядзе да павышэння фінансавай устойлівасці, павышэння якасці і хуткасці прыняцця рашэнняў. Аднак калі паглядзець з агульнадзяржаўных пазіцый, то часам эфект можа атрымацца і трохі негатыўны: напрыклад, стварэнне холдынгаў можа прывесці да манапалізму, стварэння дадатковых бар'ераў на ўваходзе ў галіну, мінімізацыі падаткаабкладання і гэтак далей. Праўда, Дзмітрый Голухаў падкрэсліў, што, тым не менш, "бягучая сітуацыя хутчэй апраўдвае інтэграцыю ва ўсіх яе формах праяўлення".

Намеснік міністра эканомікі звярнуў увагу і на тое, што ў Беларусі працэсы карпаратыўнага будаўніцтва маюць як агульныя з суседнімі дзяржавамі рысы, так і спецыфічныя для нашай краіны: напрыклад, у нас пакуль не атрымалі развіцця асобныя перспектыўныя віды аб'яднанняў — скажам, такіх мяккіх тыпаў інтэграцыйных структур, як кластары.

Будзе холдынг — будзе і эфектыўнасць?

Варта адзначыць, што аб'яднанне дзяржаўных прадпрыемстваў — не навінка для нашай краіны, але да нядаўняга часу такая інтэграцыя праводзілася ў форме дзяржаўных аб'яднанняў:

— З аднаго боку, дзяржаўныя аб'яднанні як форма інтэграцыі гаспадарчых суб'ектаў будзе і ў далейшым заставацца неад'емнай часткай эканамічнага абароту. А з іншага боку, у такой формы ёсць шэраг недахопаў — дзяржаўныя аб'яднанні заснаваны не столькі на эканамічным, колькі на адміністрацыйным механізме, — патлумачыў Дзмітрый Голухаў і дадаў, што гэта звязана з тым, што дзяржаўныя аб'яднанні ствараліся на ўзор савецкіх прамысловых аб'яднанняў. — Там таксама адсутнічаюць дзейсныя механізмы павышэння эфектыўнасці кіравання, якія ёсць у іншых формах. Напрыклад, сродкі на ўтрыманне апарату пералічваюцца арганізацыямі, якія ўваходзяць у склад аб'яднання, незалежна ад эфектыўнасці дзейнасці асобных удзельнікаў і ўсяго аб'яднання ў цэлым.

Дзмітрый Голухаў таксама лічыць, што найбольш падыходзячым варыянтам для пераўтварэння дзяржаўных аб'яднанняў можа стаць якраз форма холдынга, бо "ў аснове холдынга ляжаць рыначныя механізмы". Дарэчы, на 1 красавіка ў Беларусі зарэгістравана 33 холдынгі, якія аб'ядноўваюць 203 камерцыйныя і 1 некамерцыйную арганізацыі.

Як заявіў Павел УЦЮПІН, намеснік міністра прамысловасці, міністэрствам распрацавана канцэпцыя рэфармавання арганізацый галіны, якая прадугледжвае стварэнне 16 карпаратыўных структур для рэгістрацыі на іх базе холдынгаў.

— Асноўнымі мэтамі, якіх трэба дасягнуць у гэтым пытанні, з'яўляюцца канцэнтрацыя кіравання капіталам удзельнікаў холдынгу, аптымізацыя дзейнасці ў галіне прамысловай, маркетынгавай, фінансавай, закупачнай, збытавой палітыкі і, як наступства, — павышэнне кіраванасці як асобных прадпрыемстваў, так і галіны ў цэлым, — адзначыў Павел Уцюпін.

На думку спецыялістаў з Міністэрства прамысловасці, інтэграцыя прадпрыемстваў прынясе канкрэтны вынік: скажам, у галіне закупачнай палітыкі перавагамі холдынгаў будзе скарачэнне закупак у пасярэдніцкіх структур, скарачэнне закупак на біржы (адпаведна — скарачэнне выдаткаў на аплату біржавога збору), скарачэнне транспартных выдаткаў за кошт новых лагістычных рашэнняў і памяншэнне рэшткаў сыравіны і матэрыялаў на складах прадпрыемстваў. Як адзначыў намеснік міністра прамысловасці, толькі цэнавы эфект ад ажыццяўлення цэнтралізаваных закупак сыравінных рэсурсаў можа скласці 15-38%.

Ці патрэбны холдынгі дзеля холдынгаў?

Спецыялісты кажуць пра тое, што стварэнне холдынгаў прынясе карысць прадпрыемствам. Але пры гэтым яны прызнаюць, што такі патэнцыял трэба правільна выкарыстаць:

— Працэс стварэння буйных інтэграваных структур у нас на дадзены момант пакуль не пазбаўлены пэўных хібаў, — тлумачыць Дзмітрый Голухаў. — Па-першае, часта існуе фармальны падыход да працэсу стварэння карпаратыўных структур. Напрыклад, уключэнне ў іх пэўных суб'ектаў гаспадарання пры адсутнасці эканамічных перадумоў для зліцця. Па-другое, распрацоўка канцэпцыі пры стварэнні холдынга і якаснае эканамічнае абгрунтаванне — гэта хутчэй выключэнне, чым правіла.

Намеснік міністра эканомікі таксама дадаў, што часта на холдынгі пераносіцца адміністратыўны рэсурс, што холдынгі часта ствараюцца па ініцыятыве зверху, каб атрымаць нейкія дадатковыя падатковыя льготы і прэферэнцыі.

Да таго ж Дзмітрый Голухаў падкрэсліў, што холдынгі павінны стварацца толькі на добраахвотнай аснове. І, дарэчы, большасць з 33 ужо існуючых холдынгаў арганізаваліся самі сабой, без дзяржаўнага ўдзелу — там прыватная форма ўласнасці, і ўладальнікі вырашылі, што такая форма ім будзе выгаднай і зручнай.

— Мы нікога не падганяем да стварэння холдынгу. Холдынгі дзеля холдынгаў абсалютна не патрэбны. Гэта павінна быць ініцыятыва знізу і ініцыятыва ўласніка. Што тычыцца дзяржаўных прадпрыемстваў, то калі дзяржава як уласнік у асобе адпаведнага ўпаўнаважанага органа лічыць, што так будзе больш зручна арганізаваць ланцужок, калі ласка — вось яшчэ адзін інструмент у заканадаўстве. Але каб холдынг сфарміраваўся, ва ўласніка маёмасці павінна быць у галаве цэльнае разуменне і малюнак, для чаго ён гэта робіць.

Пытанне стварэння холдынгаў з дзяржаўных прадпрыемстваў непакоіць і Сямёна ШАПІРУ, старшыню Гродзенскага аблвыканкама:

Вось гродзенскае ААТ "Радыёхваля": 77% прадукцыі яны робяць для "Фальксвагена" і маюць 4 мільярды прыбытку, 23% вырабляюць для МАЗа — там 2 мільярды страт. Пачынаю разбірацца, пішу дырэктару МАЗа, што мы спынім вытворчасць для вас, бо яна стратная. Цана тут жа падымаецца... А пасля аб'яднання ў холдынг яму ўжо не трэба ваяваць: усе прадпрыемствы пад ім, можна вызначаць цэнавую палітыку і г. д. З прадпрыемстваў будуць сокі выціскацца, і гэта разваліць сістэму...

Калі ж холдынг ствараецца на добраахвотных пачатках з эканамічнымі пралікамі і без усялякага адміністрацыйнага ціску зверху, то вынік можа быць вельмі і вельмі добры. Паказаць гэта можна на прыкладзе "Мілавіцы", якая ў 2006 годзе разам са сваімі партнёрамі зарэгістравала ў Эстоніі холдынг (у яго складзе было тры буйных прадпрыемствы — "Мілавіца", "Lаumа" і "РТА").

— Асноўнай мэтай стварэння холдынгавай кампаніі на той момант была не кіраўнічая сінергія, а ў першую чаргу прыцягненне дадатковых фінансавых рэсурсаў для рэзкага павелічэння колькасці крам у Расіі, Украіне і іншых краінах, — расказвае Дзмітрый ДЗІЧКОЎСКІ, генеральны дырэктар сумеснага прадпрыемства ЗАТ "Мілавіца". — І ў нас атрымалася выйсці на Талінскую і на Варшаўскую фондавыя біржы і прыцягнуць грошы для інвестыцый у тавараправодную сетку.

Па словах Дзмітрыя Анатольевіча, дзякуючы стварэнню холдынгу і сур'ёзным інвестыцыям у розніцу "Мілавіца" практычна бязбольна перажыла крызіс 2008-2009 гадоў — калі ў опце продажы падалі на 50%, то падзенне ў рознічных крамах было толькі 10-15%.

Генеральны дырэктар "Мілавіцы" звярнуў увагу таксама на тое, што ўзаемаадносіны паміж кампаніямі ў холдынгу павінны абавязкова рэгламентавацца:

— Калі не будуць выбудаваны ўнутраныя нарматывы (мы называем іх унутранымі карпаратыўнымі рэгламентамі) узаемадзеяння паміж галаўной кампаніяй і даччынай, то холдынг працаваць не будзе. Скажам, дырэктар па маркетынгу даччынай кампаніі не будзе разумець, каму падпарадкоўвацца — свайму генеральнаму дырэктару ці дырэктару па маркетынгу кіруючай кампаніі, — даў параду Дзмітрый Дзічкоўскі прадстаўніку Міністэрства прамысловасці.

Павел БЕРАСНЕЎ.

←Власти Беларуси продолжают оспаривать жалобу по делу Ковалева в Комитете ООН

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика