РОЗГАЛАС
Уначы 4 красавіка ў Нацыянальным аэрапорце "Мінск" паспяхова прызямліўся самалёт, што вылятаў у Ашхабад.
— Сігнал пра аварыйную пасадку "Боінга-737-500" авіякампаніі "Белавія", які выконваў рэйс "Мінск — Ашхабад" (Рэспубліка Туркменістан) паступіў у цэнтр аператыўнага ўпраўлення пры Мінскім гарадскім упраўленні МНС ад дыспетчара службы супрацьпажарнага і аварыйна-выратавальнага забеспячэння Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", — паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. — Тут жа ў аэрапорт была накіравана тэхніка МНС. Самалёт сеў у 0.38. Мяркуецца, што пры ўзлёце з аэрапорта "Мінск" у кабіне пілотаў спрацаваў сігнал незасоўвання правай стойкі шасі. На борце самалёта знаходзіліся 96 пасажыраў і 8 членаў экіпажу. Пацярпелых не было. Пасажыры дастаўлены ў пункт прызначэння іншым паветраным бортам.
На будоўлі ўпаў кранЗдарэнне мела месца каля вёскі Каменка Крычаўскага раёна на тэрыторыі аб'екта па будаўніцтве тэхналагічнай лініі па вытворчасці цэменту магутнасцю 1,8 мільёна тон у год — у раёне аднайменнага радовішча прадпрыемства "Крычаўцэменташыфер".
— У 11 гадзін падчас перасоўвання гусенічнага крана грузападымальнасцю 100 тон, які належаў ААТ "Беларускае ўпраўленне механізацыі", адбылося падзенне стралы на жалезабетонныя канструкцыі цэха, які будаваўся. У выніку дэфармавалася сама страла з вылетам у 90 метраў і пашкоджана канструкцыя будынка, — расказаў "Звяздзе" старшы інспектар Цэнтра даследаванняў у галіне бяспекі жыццядзейнасці МНС Алег Малевіч. — На момант падзення кранаўшчык быў у кабіне крана. На шчасце, ніхто не пацярпеў.
Сяргей РАСОЛЬКА.