"Вытворчасць малака часова спынена з-за высокай стратнасці"

Источник материала:  

Чытачка з вёскі Касута Вілейскага раёна паведаміла па нашай "гарачай лініі", што яшчэ нядаўна (хоць і не без пэўных цяжкасцяў) можна было набыць у крамах малочныя прадукты з нізкай тлустасцю. Прынамсі, іх завозілі зранку. З пазамінулай суботы, зазначыла заяўніца, тое ж малако прадаецца з мінімальнай тлустасцю 3,6 працэнта. Па словах прадаўцоў, так званая сацыяльная "малочка" быццам бы знята з вытворчасці. І цяпер у продажы зусім няма малака з тлустасцю 3,2-3,5 працэнта, не кажучы ўжо пра прадукты з тлустасцю 1-1,5 працэнта. "А калі каму ўрачы забараняюць ужываць у ежу тлустыя прадукты, што тады рабіць?" Акрамя таго, акцэнтавала ўвагу чытачка, калі пакет малака тлустасцю 3,5 працэнта каштаваў 2 360 рублёў, дык прадукт тлустасцю 3,6 працэнта — ужо 4 700 рублёў.

Паколькі гаворка ішла пра тавары Маладзечанскага малочнага камбіната, рэдакцыя звярнулася да кіраўніцтва апошняга з просьбай патлумачыць сітуацыю з вытворчасцю і рэалізацыяй прадпрыемствам малочнай прадукцыі з нізкім утрыманнем тлушчу. Вось які адказ "Звязда" атрымала неўзабаве.

"ААТ "Маладзечанскі малочны камбінат" сёння пастаўляе ў гандлёвую сетку рэгіёна малочную прадукцыю ў наступным асартыменце: малако фін-пак (у плёнцы — С.Р.) 1 літр тлустасцю 3,5 працэнта з ёдаваным бялком, тлустасцю 3,6 працэнта; пюр-пак (у каробцы — С.Р.), 1 літр, 3,5 працэнта тлустасці з вітамінам "С"; пюр-пак, 0,5 літра, 1,5 працэнта тлустасці, узбагачанае харчовымі валокнамі; смятану 12-працэнтнай тлустасці, узбагачаную харчовымі валокнамі, 250 грамаў; 20-працэнтнай тлустасці, узбагачаную кальцыем, 250 грамаў; смятану 26-працэнтнай тлустасці, 0,5 літра; біякефір 1,5-працэнтнай тлустасці, 0,5 літра; кефір 3,2-працэнтнай тлустасці, ёдаваны, 1літр; біякефір 3,2-працэнтай тлустасці, фасаваны па 1 літры, 0,5 літра, 0,2 літра; біятварог абястлушчаны, упакаваны. Зыходзячы з плана вытворчасці, замовы спажыўцоў забяспечваюцца ў поўным аб'ёме.

Вытворчасць малака 3,2 і 3,5-працэнтнай тлустасці ў плёнцы часова спынена з-за высокай стратнасці вытворчасці. Рэнтабельнасць малака 3,2-працэнтнай тлустасці (1 літр) складае мінус 58,2 працэнта, малака 3,5-працэнтнай тлустасці — мінус 57,1 працэнта, "дарагога" малака 3,6-працэнтнай тлустасці — мінус 14,9 працэнта. Прадукцыя адносіцца да сацыяльна значнай, цэны на якую ўстаноўлены ў верасні 2011 года (пастанова Мінэканомікі ад 19.09.2011 №153), яны не толькі не забяспечваюць рэнтабельнасць вытворчасці, але не пакрываюць нават кошту малака, што закупліваецца. Сярэдняя цана такога малака ў сакавіку — 2 789 рублёў".

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Около полутысячи будущих выпускников могилевского педагогического уже трудоустроены

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика