Адказнасць за свае рашэнні
Пераўтварэнне Рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Белая Русь" у партыю можа ажыццявіцца на з'ездзе, які плануецца правесці сёлета ў лістападзе. Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Аляксандр Радзькоў паведаміў пра гэта на сустрэчы з прафесарска-выкладчыцкім саставам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту ў Гомелі:
— У нас яшчэ ёсць час падумаць. Гэта вельмі адказнае палітычнае рашэнне, і хацелася б не памыліцца з яго прыняццем. Пераход у партыю прадугледжвае змену статута, праграмы, прынцыпаў будаўніцтва структуры арганізацыі. У прыватнасці, паводле беларускага заканадаўства, партыі павінны будавацца па тэрытарыяльным прынцыпе. Стварэнне нейкіх структур на прадпрыемствах не дапускаецца. Пры гэтым грамадскія арганізацыі падобным правам валодаюць. Мы адчуваем перспектыву і прымем гэтае рашэнне тады, калі зразумеем, што не зробім памылкі.
Практычна ва ўсіх калектывах людзей цікавяць пытанні эканомікі. Значыць, яны думаюць не толькі аб эканамічным становішчы сваёй установы, але і глабальна — аб эканоміцы краіны, заўважыў Аляксандр Радзькоў:
— Безумоўна, людзей цікавіць і магчымасць атрымання большай заработнай платы, і колькасць працоўных месцаў, і сацыяльны пакет. Вось тут, у Гомельскім дзяржаўным універсітэце транспарту, казалі пра тое, што студэнты маюць жаданне зарабляць. І гэта нармальна, няхай маладыя людзі шукаюць сябе. Але ж трэба, каб гэта не шкодзіла падрыхтоўцы студэнтаў.
Што тычыцца тэмы будучых парламенцкіх выбараў, Аляксандр Радзькоў адзначыў, што гэта вельмі тонкая адказная праца і да выбараў у парламент трэба аднесціся з поўнай адказнасцю:
— Мы хочам, каб парламент быў прадуктыўным. Нам патрэбны вельмі прадуманыя і адказныя законы. У парламенце павінны быць падрыхтаваныя людзі з пэўным вопытам, са "стрыжнем", здольныя ствараць прадуманыя, адказныя законы. Бо па гэтых законах жыць давядзецца не толькі нам, але і нашым дзецям, унукам, усёй краіне. Неабходна будзе ісці да людзей, пераконваць адказна ставіцца да выбару таго, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў Нацыянальным сходзе, растлумачваць перспектыву задач, якія павінен вырашаць іх выбраннік. Выбары з'яўляюцца прыкметнай палітычнай падзеяй у жыцці краіны, і мы павінны ставіцца да яе з поўнай адказнасцю.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.