Падтапілі Проня і Бася
У выніку павышэння ўзроўню вады ў рацэ Проня адбылося падтапленне часткі моста і ўчастка грунтовай дарогі каля вёскі Улукі Слаўгарадскага раёна.
Узровень вады над дарожным палатном складае 10-20 сантыметраў. Працягласць падтаплення — 50 метраў. З-за падтопленага ўчастка дарогі пад'езд да 8 населеных пунктаў (419 дамоў, больш за тысячу насельнікаў) можа весціся з боку вёскі Ходарава па аб'язной дарозе. Зараз пад'езд да гэтых населеных пунктаў магчымы і па аўтадарозе: небяспекі для тэхнікі павышанай праходнасці няма. Жыццезабеспячэнне вёсак не парушана.
У выніку пад'ёму вады ў рацэ Бася (прытоку Проні) адбылося падтапленне 9 падворкаў (8 жылых дамоў, 8 гаспадарчых пабудоў, 17 жыхароў) у Чавусах па вуліцы Міліцэйскай. Зараз ёсць доступ у жылыя дамы ва ўсіх падтопленых домаўладаннях. Узровень вады ў жыллі — ніжэй за ўзровень падлогі. Ад часовага перасялення ўсе насельнікі ўказаных дамоў адмовіліся. Цягам дня назіралася зніжэнне ўзроўню падтаплення на 5 сантыметраў.
Сяргей РАСОЛЬКА.
Вада падбіраецца да жылляУ вёсцы Зубава Аршанскага раёна каля жылога дома нечакана з'явілася возера плошчай аж 500 квадратных метраў і глыбінёй да 60 сантыметраў.
Адбылося падтапленне дваравых пабудоў, гаспадарамі якіх з'яўляюцца пенсіянеры. Труба, якая праходзіць пад аўтадарогай, не справілася з патокам вады, і яна разлілася. Аператыўнай групай Аршанскага аддзела па надзвычайных сітуацыях сям'і было прапанавана часовае перасяленне. Але пенсіянеры адмовіліся. Адлегласць ад месца падтаплення да бліжэйшых жылых дамоў — каля 40 метраў. Пагрозы іх падтаплення няма.
А ў Віцебску пад вадой апынуўся прыватны падворак па вуліцы Бебеля. На тэрыторыі двара для адводу вады выкапаны каналы, але яны не спраўляюцца з воднымі патокамі. У доме пражываюць чатыры чалавекі. Неабходнасці ў іх адсяленні няма. Выратавальнікі выкарыстоўваюць помпы, каб неўзабаве вада не прычыніла бяды.
Аляксандр ПУКШАНСКІ.