Беларуская абшчына ў Ізраілі — адна з самых уплывовых

Источник материала:  

Прафесар Зэеў Ханін, доктар паліталогіі, галоўны вучоны Міністэрства абсорбцыі Ізраіля (адказвае за дзяржаўную падтрымку імігрантаў), выкладчык аддзялення паліталогіі і даследчык Цэнтра сацыяльных навук універсітэта Бар-Ілан (Тэль-Авіў) наведаў Беларусь з цыклам лекцый. Карэспандэнту "Звязды" ён расказаў пра беларускіх яўрэяў Ізраіля і іх уплыў на грамадскае жыццё.

Беларуская абшчына ў Ізраілі — адна з самых уплывовых— Колькі выхадцаў з Беларусі жыве ў Ізраілі?

— Думаю, не памылюся, калі скажу, што каля 50 тысяч выхадцаў з Беларусі апошняй хвалі эміграцыі пражывае ў Дзяржаве Ізраіль сёння. У папярэднія хвалі аліі (рэпатрыяцыі ў Ізраіль) было каля 55-60 тысяч выхадцаў з Беларусі. Калі мы будзем зыходзіць з прынятага ў сацыялогіі азначэння, што да эмігранцкай абшчыны звычайна адносяць тых, хто прыехаў з канкрэтнай краіны і іх дзяцей, якія нарадзіліся ў прымаючай дзяржаве, то можна сказаць, што сёння ў Ізраілі беларуска-яўрэйская абшчына налічвае каля 100 тысяч чалавек. Наогул, далёка не заўсёды выхадцы з канкрэтнай дзяржавы вылучаюцца сваёй колькасцю і ўплывам. Беларуская абшчына адна з самых ўплывовых! Не трэба забываць, што большасць прэзідэнтаў і прэм'ераў Ізраіля маюць беларускія карані. Таму ўплыў выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі істотна большы, чым іх абсалютная колькасць.

— Якія арганізацыі ў Ізраілі створаны выхадцамі з Беларусі?

— Ёсць грамадская арганізацыя Асацыяцыя выхадцаў з Беларусі, якая ладзіць розныя культурныя мерапрыемствы, сустрэчы. На штогадовай сустрэчы гэтай асацыяцыі заўжды "адзначаюцца" ўсе палітыкі — прыходзяць засведчыць сваю павагу, таму што гэта ўплывовая электаральная палітычная сіла. Гэтая асацыяцыя аб'ядноўвае розныя суполкі выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі. Напрыклад, існуюць аб'яднанні выхадцаў з канкрэтных гарадоў: Мінска, Віцебска, Гомеля, Бабруйска і інш. У Ізраілі ўсё-такі межы паміж выхадцамі з разнастайных славянскіх рэспублік хутка сціраюцца. У адрозненне ад таго, што адбываецца ў СНД, дзе ідзе фарміраванне новых яўрэйскіх ідэнтычнасцяў — украінскія, беларускія, расійскія, яўрэі... У Ізраілі выхадцы з розных савецкіх і постсавецкіх рэспублік аб'ядноўваюцца ў рамках таго, што называюць "Рускі Ізраіль". З іншага боку — выхадцы з Паўночнага Каўказа, Грузіі, Цэнтральнай Азіі — так званыя бухарскія яўрэі яднаюцца ў руска-сефардскую супольнасць. Але і ў першым, і ў другім пакаленні ўсё яшчэ захоўваецца памяць пра краіну Выхаду. Прынамсі, для сярэдняга і старэйшага пакалення беларускія карані маюць вялікае значэнне.

— Для чаго патрэбна Асацыяцыя выхадцаў з Беларусі?

— Галоўным чынам для ўзаемадапамогі і культуралагічнай дзейнасці, звязанай як з культурай краіны Выхаду, так і з культурай Ізраіля. Аб'яднанне выхадцаў з розных краінаў заўжды выконвае важную функцыю сацыяльна-маральнай падтрымкі. Страта звыклага асяродку прымушае людзей шукаць асяродак камунікацыі, які іх падтрымліваў. Не толькі зямляцтвы і аб'яднанні выхадцаў выконваюць гэту функцыю, але і прафесійныя аб'яднанні. Напрыклад, асацыяцыі рэпатрыянтаў вучоных, пісьменнікаў, мастакоў. Некаторыя з іх насамрэч вырашаюць навуковыя або мастацкія праблемы, а ў некаторых выпадках гэта проста аб'яднанні людзей, якія падтрымліваюць адно аднаго.

— Значыць, культура займае значнае месца ў дзейнасці Асацыяцыі?

— Культура — гэта тое, што стварае фон, які аб'ядноўвае людзей. Культура — гэта той сэнс, які збірае іх разам. Дзеля чыстай палітыкі людзі ідуць у палітычныя партыі. Дзеля рашэння эканамічных і прафесійных праблем ідуць у прафсаюзы або фарміруюць свае прафесійныя асацыяцыі. Зямляцтвы выконваюць перадусім культуралагічную функцыю.

— Ці можаце назваць людзей, якія знаходзяцца зараз на дзяржаўных пасадах і маюць беларускія карані?

— Перадусім сённяшні прэзідэнт краіны Шымон Перас. Лічыцца, што ён прыехаў з Польшчы. Але насамрэч — з Заходняй Беларусі (ён 1923 года нараджэння, а на той час гэтая частка Беларусі належала Польшчы). Сённяшні прэм'ер-міністр — Біньямін Нетаньяху. Ён нарадзіўся ў Ізраілі, але яго продкі нарадзіліся ў Беларусі. Такіх людзей насамрэч шмат. Проста не ўсе сябе ідэнтыфікуюць з сённяшняй Беларуссю. Лічаць, што яны або іх бацькі прыехалі з Літвы, Польшчы — у нейкіх іншых межах. А вось калі раз на 10 гадоў праводзіцца Ізраільскі перапіс насельніцтва, то становіцца зразумела, наколькі шмат людзей прыехала з Беларусі. Падчас перапісу задаюць пытанне: дзе (у сённяшніх межах) нарадзіліся вы і вашы бацькі?

— Якія стэрэатыпы аб Беларусі існуюць у Ізраілі?

— Самастойных стэрэатыпаў пра Беларусь няма. На вялікі жаль, Беларусі на сацыякультурнай карце Ізраіля пакуль амаль няма. Калі гавораць пра Беларусь, узгадваюць толькі беларускіх партызан. Турысцкія сувязі паміж нашымі краінамі абмяжоўваюцца настальгічным турызмам выхадцаў з Беларусі ў пошуках сваіх каранёў або лячэбнымі паездкамі. Ізраільская бізнэс-супольнасць у Беларусі маленькая. Таваразварот паміж нашымі краінамі смешны: недзе 70-80 мільёнаў долараў. Я вельмі спадзяюся, што людзі пачнуць ездзіць адно да аднаго: беларусы ў Ізраіль, ізраільцяне да беларусаў.

— Што беларуса можа прывабіць у Ізраілі?

— Турызм можа быць даволі прывабным. Ізраіль — гэта краіна, дзе ёсць жыццё за сценамі гатэляў. У адрозненне ад Егіпта, Кіпра, Турцыі, Эміратаў і іншых курортных краін, куды людзі едуць у шыкоўныя дарагія гатэлі, і акрамя як атрымліваць задавальненне ад басейна, мора і гатэльнага сэрвісу там амаль няма чаго рабіць. Ізраіль у гэтым сэнсе радыкальна адрозніваецца. Тут ёсць усё — 8 кліматычных зон, неверагодная прыгажосць: ад гор, пакрытых лесам, да стэпаў, пустынь і прыморскай зоны. Ёсць аб'екты, якія з'яўляюцца святымі для ўсіх рэлігій, у тым ліку і для праваслаўнай. Іерусалім — сталіца свету, як бы да гэтага хто ні ставіўся. Цікавая сярэднеземнаморская ўрбаністычная культура: прыродныя і індустрыяльныя аб'екты — ад зон высокіх тэхналогій да сучасных урбаністычных пабудоў. Ёсць свой баўхаус 1930-х гг., які захаваўся лепш, чым у Еўропе. І паўсюль з вамі паразмаўляюць калі не па-беларуску, дык па-руску дакладна.

— Чым, на вашу думку, адрозніваюцца ізраільцяне і беларусы?

— Беларусы — паўночны, халодны і спакойны народ. Такое ўражанне яны выклікаюць у мяне. Я гэта бачу па беларускіх студэнтах, якія наведвалі мае лекцыі ў Мінску. Ніколі падчас лекцыі я не мог вызначыць, падабаецца ім ці не. І толькі пасля, калі яны пачынаюць задаваць пытанні, раптам разумееш, што яны ў матэрыяле і што ім цікава. У ізраільскіх студэнтаў, наадварот, прынята перабіваць лектара па ходзе размовы, задаваць удакладняльныя пытанні, дыскутаваць. Ізраільцяне — народ міжземнаморскі, незалежна ад таго, адкуль прыехалі яны або іх бацькі. Яны вельмі хутка засвойваюць усходнія міжземнаморскія коды. І гэтым яны бліжэй да італьянцаў, грэкаў. Але я думаю, што беларусы і яўрэі-ізраільцяне (у Ізраілі, акрамя яўрэяў, яшчэ ёсць 10 іншых этнічных груп), вельмі блізкія пазітыўным стаўленнем да жыцця. Гэта і добра, і дрэнна. Часам гавораць, што беларусы слаба рэагуюць на знешнія раздражняльнікі. Але гэта, можа быць, не толькі з-за спакойнага паўночнага характару, але яшчэ і таму, што яны стараюцца бачыць у жыцці пазітыўныя бакі. Для ізраільцян гэта вельмі характэрна таксама.

Зоя СВЕТЛАЯ.

←Решение о судьбе разрушенного взрывом дома под Логойском будет принято после экспертизы

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика