Беларускі кінематограф: мець альбо быць?
Некалі маленькая, але гордая кінематаграфія спрабуе вярнуць сабе статус нацыянальнай
Беларускі кінематограф упарта спрабуе стаць. Нацыянальным. Цікавым. Адметным. А ў Дэпартаменце па кінематаграфіі Міністэрства культуры Беларусі ўпарта спрабуюць зрабіць так, каб гэтае станаўленне насамрэч адбылося. Ці атрымаецца ў нас адрадзіць маленькую, але гордую нацыянальную беларускую кінематаграфію?
Нацыянальны прадукт, якой бы галіны ён ні тычыўся, мусіць мець пэўны набор якасцяў і характарыстык. Яны павінны адрозніваць нацыянальны прадукт адной краіны ад нацыянальнага прадукту іншай. Пральны парашок, жаночая бялізна або трактар — усё гэта можа быць нацыянальным, калі мае сваю "разыначку", знак якасці і стаж на рынку. Некалі ў беларускага кіно было ўсё гэта. Але гэта было ў кантэксце кінапрасторы Савецкага Саюза. Як ні крыўдна, але чым больш незалежней станавілася Беларусь, тым больш бездапаможным і залежным ад расійскага кіна- і тэлерынку станавіўся наш кінематограф. Сёння ж у Беларусі кіно практычна нададзена званне "найгалоўнейшага з мастацтваў". У канцы мінулага года і ў пачатку гэтага былі прыняты некалькі ўказаў і пастаноў, якія мусяць стымуляваць айчынную кінавытворчасць. Наколькі дзейснымі акажуцца ўсе гэтыя дакументы на практыцы, пакажа толькі час, але вельмі важна, што кінагаліне нарэшце надаецца столькі ўвагі. Асабліва важна, што істотная падтрымка чакае айчынную кінематаграфічную моладзь. Нездарма Саветам Міністраў ад 24 лютага 2012 г. зацверджана пастанова № 174 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб закрытым рэспубліканскім конкурсе кінапраектаў на вытворчасць нацыянальных фільмаў і фільмаў у рамках сацыяльна-творчых заказаў". З 26 красавіка да 25 мая 2012 г. на адрас Дэпартамента па кінематаграфіі Мінкультуры (Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, 220004, г. Мінск, пр. Пераможцаў, д. 11) арганізацыі кінематаграфіі Беларусі незалежна ад формаў уласнасці могуць дасылаць свае кінапраекты (сцэнарыі, відэа, эскізы кіна- альбо анімацыйнага праекта, патэнцыйных удзельнікаў супрадукцыі і г.д.). Асаблівая ўвага і прыярытэт будзе надавацца дэбютантам. Менавіта яны — будучыня нашага кінамастацтва, таму на этапе раскрыцця свайго творчага таленту не павінны патрапіць у пастку прадзюсарскага кіно, а ўсё-ткі паспрабаваць зрабіць нешта выключнае, аўтарскае. Менавіта таму, згодна з Указам Прэзідэнта ад 5 снежня 2011 года № 567 "Аб мерах па дзяржаўнай падтрымцы і стымуляванні развіцця кінематаграфіі" дэбютныя а таксама анімацыйныя і дакументальныя) праекты будуць мець права фінансавацца з дзяржаўнага бюджэту да 100%, ігравыя фільмы — да 70%, нацыянальныя фільмы — да 100%. Да 1 верасня экспертная камісія конкурсу (якая будзе складацца з рэжысёраў, сцэнарыстаў, акцёраў, прадстаўнікоў дзяржаўных і прыватных кінакампаній нашай краіны, прадстаўнікоў Мінкульта, Міністэрства інфармацыі, Міністэрства фінансаў) выбера пераможцаў конкурсу. Яны атрымаюць права на рэалізацыю свайго праекта. Дарэчы, агульны бюджэт конкурсу на 2012 год — каля 10 млн долараў.
На думку Алега Сільвановіча, дырэктара УП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", згаданы ўказ і сам конкурс — гэта своеасаблівая еўрапеізацыя ўсяго заканадаўчага поля кінематаграфіі Беларусі. Конкурс — гэта пэўны крок да падпісання Еўрапейскай канвенцыі аб сумеснай кінавытворчасці. Яна дасць нам роўныя правы з усімі астатнімі ўдзельнікамі нейкага сумеснага праекта, незалежна ад таго, якой будзе доля фінансавага ўдзелу Беларусі. А значыць, наша краіна зможа настойваць на сваіх мастацкіх прынцыпах, ідэях і нацыянальных тэмах.
— Беларускасць не можа з'яўляцца разменнай манетай у сумеснай кінавытворчасці, — перакананы Алег Ігаравіч. — Гэта наш прынцып удзелу, тое неабходнае для развіцця беларускага мастацкага складніку, дзеля чаго ўсе гэтыя новаўвядзенні і адбываюцца.
Зразумела, што галоўнай мэтай конкурсу з'яўляецца пошук новых імёнаў, пераадоленне сцэнарнага голаду, на які зараз пакутуе наогул увесь мастацкі свет. Але важным з'яўляецца і прыцягненне патэнцыйных фінансавых і творчых партнёраў, развіццё супрадукцыі ў галіне кіно, магчымасць маленькіх айчынных кінакампаній прэтэндаваць на дзяржаўную грашовую падтрымку. Усё гэта праз некалькі гадоў сапраўды можа даць плён, калі кінарынак Беларусі пашырыцца, абрасце кантактамі і "Беларусьфільм" перастане быць кінематаграфічным манапалістам на тэрыторыі нашай краіны. Толькі ва ўмовах здаровай канкурэнцыі нараджаецца сапраўднае мастацтва. Так што ахвотным узяць удзел у конкурсе варта паспяшацца, бо працы на конкурс прымаюцца ўсяго толькі цягам аднаго месяца... Тыя, у каго нічога не назапашана ў шуфлядах, магчыма, не паспеюць "засвяціцца" на конкурсе гэтым разам. Але не бяда. Дэпартамент па кінематаграфіі мяркуе праводзіць конкурс 2 разы на год.
Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.
Што мае беларускае кіно для таго, каб быць?
1. Нацыянальную літаратуру. Калі паспрабаваць пераасэнсаваць яе з сённяшняга пункту гледжання, можа атрымацца вельмі сучаснае постмадэрнісцкае кіно.
2. Нацыянальную мову. Якая, на жаль, у нашым сучасным, асабліва ігравым кіно, практычна не гучыць.
3. Уласную ўнутрыдзяржаўную рэчаіснасць. На падставе якой можна ствараць унікальныя сцэнарыі пра сучаснае жыццё беларусаў, беларускай моладзі, горада і вёскі. У кожнай краіны свая рэчаіснасць. Такой, як у Беларусі, няма нідзе. Таму можна смела яе культываваць, і яна будзе выглядаць экзатычна і прывабна для замежных гледачоў. Як фільмы пра арабскую вясну, феміністычны рух або бедныя кварталы Індыі.
4. Нацыянальны характар і нацыянальных герояў. Іх можна пераасэнсоўваць па-новаму, браць іх за прататыпаў для стварэння герояў, актуальных і патрэбных нам сёння.