Застольная
Жыццё людское складваецца як песня. Які характар — такі і лёс, а пад настрой — і мелодыю гэткую ж падбіраем. І гучыць рознагалосы хор, ляцяць-пераліваюцца вясёлыя і сумныя, пяшчотныя і раздольныя песні. А кожнаму так хочацца, каб і музыкай душа песцілася, і словы ладком цягнуліся.
Глыбокай вобразнасцю поўніцца песня "Застольная". Па-народнаму разгорнутае апісанне навакольнай прасторы, узмоцненае запытамі ў запеве ("Ой, нашто, нашто ліпа ссечана?" і "Для каго-каго прыхаваная ўся дзявочая ласка?"), перадае супярэчлівую напружанасць рэчаіснасці. Не суджана ночцы і вечару заставацца трывалай параю, ды і намерам дня ніколі не здзейсніцца. І толькі згадкі ў прыпеве пра месячык ("Ясны месячык ходзіць" і "Месяц хмарку праводзіць") падаюць надзею на жыццёвую спагаду, палюбоўнае паразуменне... Мо і часова суладнае? Хутказменнае?
Задушэўна-светлую песню "Застольная" напісалі полацкая паэтка Надзея Салодкая і Ізмаіл Капланаў, выдатны саліст-інструменталіст, які напрыканцы мінулага стагоддзя звярнуўся да кампазітарскай творчасці і вельмі плённа выявіўся ў песенным жанры. Гэты вакальны твор заняў прыкметнае месца на беларускай эстрадзе, увайшоў у рэпертуар Дзяржаўнага ансамбля народнай музыкі "Свята". Новую песню дружна падхапіў наш спеўны люд.
Верш Надзеі Салодкай
Ой, нашто, нашто ліпа ссечана?
Доля долю шукае.
Ночка з вечарам,
ночка з вечарам
Да дзянніцы блукае.
Засвяцілася неба золакам,
Ночку дзень запрыкмеціў.
Рана-раненька сінім сполахам
Косы чорныя ўквеціў.
Прыпеў:
Піце, госцейкі, ешце, госцейкі,
Віно хмельнае бродзіць.
Ці па беражку, ці па мосціку
Ясны месячык ходзіць.
Ноч-хусціначка, ноч-прасціначка
Тонкім шоўкам спадала.
Ой, цвіла-была сіраціначкай,
Чаго ж любай не стала?
Ані мілаю, ні каханаю,
Ні расцвіўшаю краскай...
Для каго-каго прыхаваная
Ўся дзявочая ласка?
Прыпеў:
Піце, госцейкі, ешце, госцейкі,
Віно хмельнае бродзіць.
Ці па беражку, ці па мосціку
Месяц хмарку праводзіць.
Апошнія два радкі ў кожнай страфе запеву і ў прыпеве выконваюцца двойчы, а ўвесь прыпеў паўтараецца.
Падрыхтаваў Міхась ШАВЫРКІН
¢