...і персанальная бочка рому

Источник материала:  

У суботу ды ў першую палову наступнага дня 8-мільённы Каракас нібыта вымірае: большасць жыхароў мегаполіса бавіць час на ўзбярэжжы Карыбскага мора. Але і тыя, хто засталіся ў сталіцы, дома не сядзяць.

Паркі Каракаса

Многія гараджане, якія не паехалі на пляж, накіроўваюцца ў муніцыпальныя паркі. Адзін з іх — "Паркэ дэль Эстэ" — нагадвае мінскі парк імя Чалюскінцаў. Тут таксама прастора, цішыня і шмат спартыўных пляцовак, карыстанне якімі бясплатнае.

На гэтым падабенства заканчваецца, бо ў каракаскім парку іншая фаўна і флора. З пальмы на пальму пералятаюць чырвоныя папугаі ара памерам з нашага грака, а па газоне крочуць гіганцкія яшчаркі ігуаны, якія сваім выглядам ды позіркам здольныя напалохаць нават бультэр'ера.

...і персанальная бочка ромуГалоўная адметнасць парку — два тыгры пароды "матылёк". Матылькамі яны названы з-за расфарбоўкі сваёй скуры. Упершыню на свае вочы я ўбачыў драпежнікаў без чорных палосак. Замест палосак — узоры ў выглядзе матылькоў. Утрымліваюцца тыгры ў вальеры на глыбіні 4-5 метраў. Па-першае, ім не так спякотна, па-другое, наведвальнікам не так небяспечна.

Непадалёку ёсць яшчэ адзін парк. Па памерах ён значна меншы, але варты ўвагі, бо адначасова з'яўляецца музеем. Называецца гэты парк "Ла Эстансья", а размешчаны ён на паплавах былой фабрыкі па вытворчасці кавы.

Адрэстаўраваная сядзіба ў каланіяльным стылі — яскравы ўзор таго, як трэба захоўваць гістарычную спадчыну. Усё тут нібыта ў Швейцарыі — чысціня ды парадак. Для Каракаса — дзіва! Сакрэт крыецца ў фінансаванні: спонсар музея — дзяржаўная нафтавая кампанія РDVSА.

Удзень тут працуюць бясплатныя курсы ды гурткі, увечары ладзяцца канцэрты і вечарыны, выставы і тэматычныя кінапрагляды... Напрыклад, 9 мая дэманстравалася стужка "Яны змагаліся за Радзіму" Сяргея Бандарчука.

Цікавая адметнасць музея — шкляная падлога ў адным з залаў сядзібы. У цэнтры залы ляжыць вялізны жорнаў, які прыводзіўся ў рух канём. Перамеленая кава сыпалася ўніз, у падзямелле, дзе размяркоўвалася па мяхах. Без шкляной падлогі было б цяжка ўявіць, як гэта адбывалася ў ХVІІІ стагоддзі.

Канатная дарога на гару Авіла

Увогуле Венесуэла — горная краіна, таму многія выбіраюць для адпачынку гарыстую мясцовасць, дзе шмат рэчак і крыніц. Калі пашанцуе, дык можна спыніцца каля вадаспада. Тут асаблівая прахалода плюс бясплатная рэспіраторна-гукавая тэрапія. Дарэчы, менавіта ў Венесуэле ў штаце Балівар знаходзіцца самы высокі вадаспад у свеце — Сан-Анхель. Вышыня яго — каля 1000 метраў.

Падзівіцца на Сан-Анхель едуць турысты з усіх краін свету, але для жыхара Каракаса гэта не блізкі свет. Таму каракасцы бавяць уік-энд побач з домам, на гары Авіла. Тут ёсць свае вадаспады. Пасля працяглых дажджоў яны выглядаюць асабліва прыгожа.

Вышыня гары Авіла складае 2150 метраў, і яе пік можна ўбачыць, бадай, з любой кропкі Каракаса. На вяршыні раскінулася прыроднае плато, дзе размешчаны мясцовы парк культуры і адпачынку. Названы ён цяжкавымаўляльным словам Варайрарэпана ў гонар колішняга правадыра абарыгенаў-індзейцаў. Трапіць сюды магчыма па канатнай дарозе даўжынёй 3,5 км, працягласць паездкі — 18 хвілін. Абслугоўваюць фунікулёр 84 вагончыкі на восем пасажыраў кожны.

Экскурсія на Авілу карыстаецца папулярнасцю і ў беларусаў — хутка, танна, прыгожа. Тэмпература паветра — як на Гомельшчыне падчас дажынак. Бясплатны бонус — Каракас як на далоні. Не апошняя якасць гэтай вандроўкі — бяспечнась. Яшчэ ніводнага здарэння тут не было. І злачынцаў на гары не бывае. Паверце, для даволі крымінагеннага Каракаса гэта істотна.

Дыяманты без сігналізацыі

У Каракасе ды наваколлі шмат музеяў. Мне давялося пабываць у двух з іх. Балазе, уваход туды бясплатны, як, дарэчы, і ў тэатры ды цырк.

Музей Сымона Балівара. Ён размешчаны ў сядзібе, дзе нарадзіўся і правёў юнацкія гады герой вызвалення Паўднёвай Амерыкі ад іспанскай кароны. Балівар — самая шануемая ў Венесуэле асоба. У яго гонар названа грашовая адзінка, адзін са штатаў краіны, міжнародны аэрапорт, а таксама галоўныя плошчы ўсіх гарадоў і мястэчак.

...і персанальная бочка ромуСкульптура "Вершнік Балівар на баявым кані" растыражыравана ў тысячах адзінак дзеля аздаблення публічных месцаў і інтэр'ераў. Па колькасці помнікаў і бюстаў Балівар саступае, бадай, толькі Леніну і Мао.

Музей Балівара ўражвае вартасцю экспанатаў і... адсутнасцю сігналізацыі. І гэта пры тым, што амаль усе экспанаты — арыгіналы. Тут можна ўбачыць прыжыццёвыя партрэты героя, яго асабістыя рэчы, уключаючы кавеньку, інкруставаную дыямантамі, і начную кашулю. Асабіста мяне больш за ўсё здзівілі батфорты генералісімуса. Дакладней кажучы, іх памеры. Самы славуты герой Амерыкі насіў дзіцячыя на выгляд боцікі 34-35 памера.

На маё пытанне, чаму вітрыны з артэфактамі не маюць сігналізацыі, ахоўнік паведаміў:

— А навошта яна? Да гэтай пары нічога надзвычайнага не здаралася.

Я, са свайго боку, прыгадаў, што існуюць вар'яты, неўраўнаважаныя хворыя людзі... Ахоўнік, загадкава ўсміхаючыся, згадзіўся:

— Так, сустракаюцца дзівакі... Сцвярджаюць, што з'яўляюцца нашчадкамі Балівара. Але пры гэтым ніхто з іх шкоды не робіць.

Музей транспарту. Ён месціцца пад адкрытым небам на манер беларускага музея авіяцыі, што пад Мінскам, у Баравой.

Розніца ў тым, што паветраны флот прадстаўлены ўсяго адным самалётам. Гэта аднаматорны аэраплан першай паловы ХХ стагоддзя. На той час у краіне пражывала ўсяго 3 мільёны жыхароў. Сёння ў Венесуэле насельніцтва складае больш за 26 мільёнаў, і сетка нацыянальных авіяліній налічвае дзясяткі маршрутаў. Ёсць гарады, куды арганізавана да трох авіярэйсаў штодня. Увогуле міжнародны аэрапорт Каракаса з’яўляецца адным з самых буйных у Паўднёвай Амерыцы.

Асноўны экспанат каракаскага музея транспарту — старажытны цягнічок з вагонамі. Ён нібыта сышоў з кінаэкрана, з каўбойскага вестэрна. Іншы наземны транспарт прадстаўлены тузінам антыкварных легкавушак, грузавікоў, а таксама вайсковым браневіком і сельскагаспадарчым трактарам з металічнымі коламі.

...і персанальная бочка ромуФабрыка па вытворчасці рому Sаntа Tеrеsа. Да гэтага турыстычнага аб'екта ад Каракаса прыблізна гадзіна язды. Падчас экскурсіі вам распавядуць пра гісторыю завода (ён заснаваны ў 1796 годзе), пра тэхналагічны працэс вытворчасці рому, а таксама правядуць майстар-клас "Як правільна піць і смакаваць ром". Для дэгустацыі прапануецца ўсяго пяць кілішкаў пяці гатункаў рому. Каму мала — побач спецыялізаваная крама.

Напрыканцы экскурсантаў завядуць у склеп з 1000-літровымі дубовымі бочкамі, у якіх ром настойваецца. У склепе шмат і маленькіх, 80-літровых, бочак. Яны імянныя і належаць грамадзянам з розных краін свету. Пакупнік, не вывозячы бочкі з завода, мае права замовіць сабе з яе бутэльку-другую, прычым з дастаўкай на дом.

Адна з бочак належыць колішняму прэзідэнту СССР Гарбачову. Раз на год Міхаіл Сяргеевіч атрымлівае каштоўную бандэроль з Санта-Тэрэзы. Моцнасць гэтай "бандэролі" вядомая — 40 градусаў.

Андрэй СМІРНОЎ. фота аўтара.

Каракас — Мінск, спецыяльна для "Звязды".

←Белорусские гиды-переводчики выступают за создание в Беларуси музея Первой мировой войны

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика