Уласнік права мае...
Пры разводзе мы падзялілі дзяржаўную трохпакаёўку: я стаў жыць у адным пакоі, былая жонка з дзіцем — у двух. Потым яна прыватызавала іх і цяпер хоча прадаць. Ці ёсць у мяне, як наймальніка трэцяга пакоя, права пераважнай куплі?
У. Будзько, г. Мінск.
Згодна з арт. 253 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь "суседзі" па кватэры (калі яны з'яўляюцца ўдзельнікамі долевай уласнасці на яе) такое права маюць. Гэта азначае, што прадавец долі абавязаны ў пісьмовай форме інфармаваць астатніх удзельнікаў долевай уласнасці аб намеры прадаць сваю долю пабочнай асобе з указаннем кошту і іншых умоў, на якіх яе прадае. Калі астатнія ўдзельнікі долевай уласнасці адмовяцца ад куплі або не набудуць долю, якая прадаецца, на працягу месяца, прадавец мае права прадаць сваю долю любой асобе.
У дадзеным выпадку кватэра не знаходзіцца ў агульнай (долевай) уласнасці былых сужэнцаў. Жонка, як уласнік двух прыватызаваных пакояў, мае права згодна з арт. 210 ГК ажыццяўляць у дачыненні да належнай ёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць заканадаўству, у тым ліку адчужаць (прадаваць, дарыць і інш.) сваю маёмасць. Муж, які пасля змянення дагавора найму жылога памяшкання (падзелу асабовага рахунку) займае адзін з пакояў, з'яўляецца наймальнікам і мае права толькі карыстацца жылым памяшканнем, якое займае, гэта значыць, пражываць, а таксама абмяняць або прыватызаваць у вызначаным парадку.
Агульная долевая ўласнасць на дадзеную кватэру магла ўзнікнуць у выпадку прыватызацыі былым мужам пакоя, які ён займае. Паколькі гэта не зроблена і былы муж не з'яўляецца ўласнікам кватэры, яго згода на адчужэнне двух пакояў былой жонкай не патрабуецца.
Такім чынам, можна зрабіць выснову, што калі частка трохпакаёвай кватэры (у гэтым выпадку два пакоі) прыватызаваная, а другая частка (адзін пакой) — не, і ў ім пражывае наймальнік на аснове дагавора найму жылога памяшкання, то пры адчужэнні (продажы) уласнікам сваіх двух пакояў пераважнае права куплі ў наймальніка аднаго пакоя не ўзнікае. Правам пераважнай куплі ў такім выпадку валодае мясцовы выканаўчы і распарадчы орган.
Віктар САВІЦКІ.