Посны стол
З пачаткам чарговага посту многія адчуваюць жаданне падтрымаць яго. Але самае важнае тут — разумець, што пост мае дачыненне найперш да духоўнага складніка. Харчаванне з пэўнымі абмежаваннямі павінна спрыяць духоўнай рабоце над сабой, а не, скажам, прывядзенню фігуры ў парадак.
Пасціцца — не значыць сядзець на дыеце, кажа малодшы навуковы супрацоўнік аддзела гігіены харчавання РНПЦ гігіены Вольга ЛІХОШВА. Пост нельга ўспрымаць як дыету, спосаб для пахудзення. Часовая адмова ад мяса, рыбы, яек, малочных прадуктаў не прынясе шкоды здароваму даросламу арганізму. Добра і карысна прыгадаць у гэтыя дні пра звычайны недахоп у рацыёне садавіны, пра гародніну, якую варта гатаваць на пары, варыць або запякаць. Больш актыўна трэба ўводзіць у рацыён бабовыя і крупы, посны хлеб, які не змяшчае маргарын і яйкі, хлябцы з цэльнага зерня.
— Я не трымаюся посту ў сэнсе ежы, — кажа тэлевядучая Алена СПІРЫДОВІЧ. — Па той простай прычыне, што пры маёй інтэнсіўнасці жыцця я вельмі баюся аслабнуць. Трэба бегчы, бегчы, бегчы і шмат працаваць... Мы з мужам амаль не ядзім мяса, бо проста не любім тлустую ежу. Вось ужо шмат гадоў як мы не набываем і ніякіх каўбасных вырабаў. Няма на нашым стале нічога смажанага — толькі тушанае. У халадзільніку — пераважна садавіна і гародніна. Пара качаноў капусты, морква, буракі, гуркі, памідоры, цыбуля — гэта ёсць заўсёды. З садавіны люблю мандарыны, яблыкі — магу кілаграм яблыкаў за дзень з'есці. Люблю і арэхі з сухафруктамі. Вось на сняданак мы з мужам звычайна ўжываем аўсяную кашу з бананам, разынкамі і дзёртай морквай. Замест разынак могуць быць курага або чарнасліў. А дзёртая морква застаецца ад свежаадціснутага соку...
Алена Спірыдовіч ніколі не сядзела на дыетах. Проста яна ўжо доўгі час прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, а здаровае харчаванне — неад'емная яго частка. Што да посту, то ў гэты час Алена лічыць неабходным адмовіцца ад усяго непатрэбнага, знайсці момант для разваг пра нешта сапраўды важнае.
А вось генеральны дырэктар ТАА "Караван ХХІ стагоддзе" Сяргей БАРЫСЕНКА посту прытрымліваецца. І тым жа крокам, мяркуе, пойдуць яго дзеці, калі дасягнуць 7-гадовага ўзросту. Сняданак у сям'і Барысенкаў — розныя кашы з сухафруктамі і арэхамі. Сяргей перакананы, што арэхі штодня павінны быць на стале кожнага беларуса, паколькі тое, што расце пад сонцам, назапашвае жыццёва неабходныя вітаміны з мікраэлементамі, многіх з якіх не хапае фактычна кожнаму з нас. Узяць хоць бы бразільскі арэх. У ім шмат селену, якога нестае любому, хто пражывае ўдалечыні ад мора і рэдка дазваляе сабе морапрадукты. Шмат вітаміну Е і ёду ў грэцкім арэху, а калію і кальцыю — у міндалі. Карысныя, безумоўна, і іншыя арэхі — у тым ліку арахіс, які будзе дарэчы хворым пасля цяжкіх аперацый. Аднак паколькі арэхі надта багатыя на тлушчы, няхай нават карысныя, поліненасычаныя, то з'яўляюцца высокакаларыйнай ежай, якую неабходна жорстка абмяжоўваць. У дзень даросламу чалавеку дастаткова ўжыць два бразільскія арэшкі, кедру — 50 г.
Што да сухафруктаў, то ўсе яны змяшчаюць кансерванты, паколькі ў іншым выпадку не захаваюцца. Пры пакупцы арэхаў і сухафруктаў трэба кіравацца простым правілам — не набываць іх на стыхійных рынках. У фірменных пунктах гіпермаркетаў пакупніку гарантуецца, што тавар будзе мець належны тэрмін прыдатнасці і што ён будзе ад вытворцаў, якія належным чынам тавар мыюць, захоўваюць, фасуюць, аб чым дакументальна гавораць пасведчанні якасці.
<І>Курага вяленая або сушаная? Не вядзіцеся на такія "тлумачэнні" прадаўцоў. Спосаб нарыхтоўкі курагі адзін (з той толькі розніцай, што ў Турцыі курагу вырабляюць прамысловым спосабам, а ў Таджыкістане — традыцыйным, сушаць на сонцы). Іншая справа — у гатовым прадукце можа заставацца розная колькасць вільгаці. Гэта дапускаецца.
Арэхі смажаныя або сырыя? Зразумела, першыя больш смачныя, але менш карысныя, паколькі падчас награвання разбураюцца вітаміны. Набываць варта не смажаныя арэхі, якія пасля падсушваць у духоўцы.
Як захоўваць арэхі, сухафрукты, цукаты? У сухіх месцах без рэзкіх пахаў (падалей ад спецый, кавы і г.д.). У папяровых пакетах, палатнянай, шкляной, керамічнай тары — не ў поліэтыленавых пакетах. У летні час курагу, інжыр, чарнасліў, разынкі, фінікі, кампотную сумесь варта захоўваць у халадзільніку.
Ці трэба мыць сухафрукты? Абавязкова. Не толькі мыць, але і замочваць (курагу, чарнасліў) у цёплай вадзе на 10-15 хвілін.
Шэраг аб'ектаў грамадскага харчавання распрацоўваюць поснае меню. Загадчыца вытворчасці страўні "Камяніца" Алеся СТРУНЕЎСКАЯ — сібірачка, вырасла, што называецца, на сапраўдных пельменях ды піражках з рознымі начынкамі. А таму свайго жыцця без мяса не ўяўляе. Тым не менш, народныя традыцыі поснага харчавання добра ведае. З напояў і ў Беларусі, і на Русі папулярнасцю карысталіся збітні (з мёду ды ягад), кампоты, морсы, адвары мацярдушкі, іван-чаю, мяты і іншых траў. Самае простае з другіх страў — бульбяныя аладкі. Цёртая бульба, цыбуля ды мука. Паколькі няма яек, то мукі трэба дадаваць шчодра. Гэткім жа чынам гатуюцца і дранікі з гарбуза. Цёрты гарбуз плюс пабольш мукі. Посныя галубцы — гэта рыс з гароднінай. Любы суп з гародніны — зноў жа, посны. Каша, куцця гатавалася з любых круп.
Святлана БАРЫСЕНКА