Калі выгада відавочная

Источник материала:  

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч пацікавіўся, як ажыццяўляюцца буйныя інвестыцыйныя праекты ў Магілёўскай вобласці: сёлета тут павінны запрацаваць два новыя прадпрыемствы.

Візіт кіраўніка ўрада ў рэгіён пачаўся з трасы М4. Цяпер актыўна вядзецца рэканструкцыя аўтадарогі Мінск—Магілёў, і Міхаіл Мясніковіч азнаёміўся з яе ходам.

— Паводле планаў, траса павінна быць уведзена ў эксплуатацыю 1 студзеня 2013 года, але мы ставім задачу, каб асноўныя работы завяршыць ужо да 1 верасня, — паведаміў журналістам прэм'ер-міністр.

Таксама размова ішла пра аптымізацыю каштарыснага кошту будаўніцтва аўтадарогі, пра эканомію сродкаў — але з абавязковым строгім выкананнем тэхналогіі.

— Урад не задавальняе, што з кожным годам даражэе кіламетр дарогі, таму пастаўлена задача аптымізаваць яго кошт, — сказаў Міхаіл Мясніковіч пра пастаўленыя задачы.

У раёне вёскі Палыкавічы-2 Магілёўскага раёна ідзе будаўніцтва прадпрыемства па вытворчасці сродкаў асабістай гігіены. Вядзе яго замежнае прыватнае прадпрыемства "БелЭмса". Турэцкія бізнэсмены працуюць у Беларусі каля дзясятка гадоў у розных сферах, а цяпер каля Магілёва будуць вырабляць вельмі патрэбны тавар — дзіцячыя падгузкі.

— Няма ніякіх сумненняў, што ў ліпені ў нас з'явяцца першыя беларускія "памперсы", — сказаў прэм'ер-міністр пасля наведвання будаўнічай пляцоўкі. — Прычым 112 мільёнаў штук на год — гэта фактычна наша патрэба, якая сёння ацэньваецца ў 100 мільёнаў штук. Зразумела, гэта адначасова і прадмет экспарту, тым больш што прадпрыемства знаходзіцца на тэрыторыі свабоднай эканамічнай зоны "Магілёў" і ў адпаведнасці з умовамі павінна 70% вырабленага прадаваць на экспарт. Але гэта імпартазамяняльная прадукцыя, і мы тут вырашым пытанне з пэўным зніжэннем цэн на гэтыя дзіцячыя вырабы ў сувязі з тым, што з'явілася іх айчынная вытворчасць.

Інвестыцыі ў завод па вытворчасці сродкаў асабістай гігіены складаюць больш за 4 мільёны еўра. Італьянская лінія цяпер праходзіць апошнія выпрабаванні. Гаспадары думаюць ужо пра другую лінію, а пакуль тут будуць створаны 33 новыя працоўныя месцы.

Міхаіл Мясніковіч пабываў у абласным цэнтры на будаўніцтве прадпрыемстваў па вытворчасці мэблі. На адной пляцоўцы СЭЗ "Магілёў" узводзяцца адразу некалькі заводаў, якія ўтвараюць дрэваапрацоўчы комплекс, альбо "мэблевы кластар". Літоўскае прадпрыемства "ВМГ Індустры" ўжо сёлета пачне выраб ДСП і мэблі пад гандлёвай маркай фірмы "ІКЕА".

— Я падзяляю аптымізм гаспадароў, літоўскіх партнёраў, якія спадзяюцца да 1 ліпеня ўвесці ў строй свае магутнасці, — сказаў кіраўнік урада. — Працы вельмі шмат, але я мяркую, што яны справяцца. Бо сваю прадукцыю, якую яны плануюць вырабіць сёлета, ужо дамовіліся паставіць "ІКЕА". Тут эканамічны механізм запрацуе на поўную магутнасць.

Міхаіл Мясніковіч таксама абмяркоўваў з кіраўніцтвам прадпрыемства важнае пытанне забеспячэння сыравінай. Гаспадары, у сваю чаргу, сказалі, што апраўдаюць давер беларускіх улад і на новым прадпрыемстве будзе працаваць каля 1000 чалавек. Агульныя інвестыцыі ў тры заводы на гэтай пляцоўцы складуць каля 130 мільёнаў еўра. Плануецца, што гадавая валютная выручка прадпрыемства "ВМГ Індустры" перавысіць 68 мільёнаў еўра.

— Такім чынам, прадпрыемства дасць добры рост валавога рэгіянальнага прадукту і ўвогуле валавога прадукту для ўсёй краіны, — зазначыў Міхаіл Мясніковіч. — Плюс імпартазамяшчэнне і прадмет экспарту. Так што гэтае прадпрыемства для Рэспублікі Беларусь выгаднае ва ўсіх адносінах.

Ілона Іванова.

←Лукашенко отказал в помиловании Коновалову и Ковалеву

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика