На дапамогу разлічваць можна
Наш сын з нявесткай пабудавалі 2-пакаёвую кватэру з выкарыстаннем банкаўскага крэдыту (бралі яго на агульных умовах). Цяпер трэба яго пагашаць, хоць гэта і складана, бо сумы вельмі значныя... Да таго ж у маладой сям'і чакаецца папаўненне. Кажуць, што ў гэтым выпадку можна разлічваць на дапамогу ў пагашэнні крэдыту. А ў якіх памерах?
З. Дзенісевіч, г. Брэст.
Так, дапамога маладой сям'і сапраўды можа быць аказана ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 лістапада 2007 г. № 585 і ў наступных памерах:
пры нараджэнні першага дзіцяці або наяўнасці аднаго непаўналетняга дзіцяці — 20 бюджэтаў пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (далей — БПМ);
пры нараджэнні другога дзіцяці або наяўнасці дваіх непаўналетніх дзяцей — 40 БПМ;
БПМ — сацыяльны нарматыў, які зацвярджаецца штоквартальна. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 2012 г. № 86 на перыяд з 1 лютага па 30 красавіка 2012 г. БПМ зацверджаны ў памеры 706 880 рублёў.
Важна таксама адзначыць, што Указам кіраўніка дзяржавы ад 30 снежня 2011 г. № 610 парадак аказання фінансавай дапамогі дапоўнены нормай аб тым, што фінансавая дапамога будзе давацца толькі тым маладым сем'ям, якія будуць афіцыйна зарэгістраваны па месцы жыхарства ў пабудаваных (рэканструяваных) або набытых імі жылых памяшканнях.
Віктар Савіцкі.