Радзівілы
Сёння "Звязда" разам з Ігарам КАПЫЛОВЫМ, кандыдатам філалагічных навук, вучоным сакратаром Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі, распачынае новую рубрыку "100 славутых прозвішчаў Беларусі". Спадзяёмся, што нашым чытачам будзе цікава даведацца пра гісторыю паходжання прозвішчаў вядомых беларускіх родаў. А магчыма, гэтая рубрыка дапаможа вам адкрыць нешта новае і пра сваё прозвішча — мо лёсы вашых продкаў нейкім чынам былі звязаны з выдатнымі асобамі нашай краіны?.. Дарэчы, калі ў вас ёсць цікавыя гісторыі пра знакамітыя прозвішчы Беларусі, а магчыма, вы і самі носіце такое прозвішча — у такіх выпадках лістуйце нам у рэдакцыю, будзем разам пісаць гісторыю краіны.
Радзівілы — самы буйны і самы багаты магнацкі род у Вялікім Княстве Літоўскім. Гэты род быў вядомы ўсёй Еўропе, а яго прадстаўнікам быў нададзены тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імперыі. Радзівілам належалі найлепшыя землі і маёнткі, яны займалі найвышэйшыя дзяржаўныя адміністрацыйныя і вайсковыя пасады: вялікі маршалак ВКЛ (Радзівіл Альбрыхт), канцлер ВКЛ (Радзівіл Альбрыхт Станіслаў, Радзівіл Дамінік Мікалай, Радзівіл Мікалай Руды, Радзівіл Мікалай Чорны), ваявода Полацкі (Радзівіл Аляксандр Людвік), генерал артылерыі (Радзівіл Антоні Вільгельм), намеснік прускага караля ў Вялікім княстве Пазнанскім, генерал-паручнік (Радзівіл Антоні Генрык), генерал каралеўскай гвардыі (Радзівіл Багуслаў), дэпутат Трыбунала ВКЛ (Радзівіл Геранім Вінцэнты), палкоўнік войска Варшаўскага княства і гвардыі Напалеона (Радзівіл Дамінік Геранім), генерал-лейтэнант войска ВКЛ (Радзівіл Караль Станіслаў). З сярэдзіны ХVІ стагоддзя прадстаўнікі гэтай дынастыі на працягу некалькіх стагоддзяў адыгрывалі выключную ролю ў палітычным, эканамічным, ваенным, рэлігійным і культурным жыцці не толькі беларускіх земляў, але і суседніх дзяржаў.
Не саступалі ў вядомасці і жанчыны гэтага роду. Многія з іх сваё жыццё прысвяцілі мецэнацтву і развіццю нацыянальнай культуры. Так, Магдалена Радзівіл фінансавала выданне газеты "Беларус", падтрымлівала матэрыяльна выдавецтва "Загляне сонца і ў наша аконца" і "Беларускае выдавецкае таварыства". Соф'я Радзівіл займалася дабрачыннасцю: аказвала дапамогу праваслаўным цэрквам і манастырам у Слуцкім княстве. Францішка Уршуля Радзівіл пашырала асвету: спрыяла дзейнасці Нясвіжскай друкарні, папаўняла фонды замкавай бібліятэкі, пісала вершы, стварыла палацавы Нясвіжскі тэатр, для якога пісала п'есы і ставіла іх.
Такім чынам, прадстаўнікі роду Радзівілаў пакінулі глыбокі след у гісторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Пра іх напісана не адна кніга, іх жыццю і дзейнасці прысвечана вялікая колькасць даследаванняў. Разам з тым да нашых дзён застаецца яшчэ шмат нявывучаных старонак гісторыі, звязаных са славутым магнацкім родам. Таямніцай да гэтага часу застаецца паходжанне імя Радзівіл.
Паходжанне роду
Радзівілы, па сведчанні гісторыкаў, імкнуліся да ўзвелічэння свайго роду і выводзілі яго паходжанне ад старажытнай рымскай арыстакратыі. Але ў летапісных крыніцах імя Радзівіл упершыню ўпамінаецца ў 1401 годзе і родапачынальнікам лічыцца старэйшы сын прадстаўніка ўплывовага магнацкага роду ВКЛ (шляхецкі род герба "Трубы") баярына Осціка — Радзівіл Осцікавіч. У старабеларускіх актах ХV—ХVІ стст. сустракаецца патранімічнае прозвішча Радзівілавіч, якое ўказвае на імя продка па бацькоўскай лініі Радзівіл: Пётр Радзівілавіч, Мікалай Радзівілавіч.
Таямніцы прозвішча
За многімі прадстаўнікамі роду трывала замацаваліся шматлікія мянушкі, якія трапна характарызавалі іх носьбітаў: Мікалай Стары, Юрый Геркулес, Мікалай Руды, Мікалай Чорны, Мікалай Сіротка, Крыштоф Пярун, Mіхал Казімір Рыбанька, Пане Каханку. А вось наконт паходжання імя-прозвішча Радзівіл у навуковым асяроддзі няма адзінай думкі.
Існуе версія, што ўласнае імя Радзівіл з'яўляецца адаптацыяй літоўскага складанага (двухасноўнага) імя Rаdіvіlаs — Rаdvіlаs. Пры гэтым даволі распаўсюджанай з'яўляецца думка, што першая частка імя Рад звязана са словамі літоўскай мовы rаstі, rаdо, што азначае "знаходзіць, знайшоў". У якасці пацвярджэння прыводзяцца літоўскія словы rаdvіlа, rаdvіlаs — "той, каго знайшлі — падкідыш". На карысць балцкага паходжання першай часткі прозвішча сведчыць гняздо роднасных прозвішчаў і тапонімаў, якія сустракаюцца ў літоўскай мове: Радвіла, Радвілавічус, Радвілішкіс і інш.
Другі кампанент імя — "віл", на думку вучоных-лінгвістаў, па сваім паходжанні звязаны з генетычна роднаснымі словамі: літоўскім vаlіа "воля", vіtіs "надзея", старажытнаіндыйскім vіrаs "жаданне, выбар", верхненямецкім wаlа "выбар". Як пацвярджэнне гэтай версіі вучоныя прыводзяць той факт, што ў складзе старажытных і сучасных літоўскіх імёнаў даволі часта сустракаецца кампанент віл: Vіlgаrdаs, Vіlmаntаs. Такім чынам, дапускаецца, што першапачаткова імя Радзівіл літаральна змяшчала пажаданне або загад: няхай ён знойдзе, здабудзе волю.
Паводле другой версіі, імя Радзівіл — славянскае: у славянскіх мовах даволі часта сустракаюцца складаныя імёны з кампанентам Рад, які літаральна абазначае старажытнае слова радети "клапаціцца аб нечым". Так, гісторыі вядомы такія старажытныя імёны, як Радамір (той, хто клапоціцца аб міры), Радаслаў (той, хто дбае аб славе) і да т.п. Даследчыкі знаходзяць падставы для таго, каб і другі кампанент імя "віл" лічыць славянскім, непасрэдна звязаным са словам воля. Пацвярджэннем гэтага з'яўляецца ўкраінскае слова вільный (вольны).
Такім чынам, прымаючы пад увагу славянскую версію паходжання, імя Радзівіл азначае "той, хто клапоціцца пра волю".
На нашу думку, рацыянальнае зерне ёсць і ў першым, і ў другім тлумачэнні, а ісціна, як звычайна, знаходзіцца пасярэдзіне. Найбольш верагодна, што імя Радзівіл успадкавана з імянной базы праіндаеўрапейскай эпохі. Таму на яго ў аднолькавай ступені могуць прэтэндаваць і балты, і славяне. Вядома, што большасць складаных імёнаў тыпу Мостиславъ, Богуславъ, Брониславъ, Гостимилъ, Гостимиръ, Доброславъ, Святославъ, Святомиръ, Ярополкъ, Ярославъ прыйшла з той старажытнай пары. Яны мелі спадчынны характар і сацыяльную афарбоўку: замацоўваліся за прадстаўнікамі вышэйшых слаёў грамадства. Асабліва папулярныя такія імёны былі ў перыяд зараджэння гарадоў і развіцця княжацкага землеўладання. Пазней на ўсходнеславянскай тэрыторыі ў сувязі з шырокім распаўсюджваннем хрысціянства ў ХІІІ стагоддзі прадуктыўнасць гэтых імён зменшылася, а ў ХІV—ХV стст. яны ўжо сталі рэліктавымі. Імені Радзівіл пашанцавала больш: яно перайшло ў разрад прозвішчаў і захавалася на стагоддзі.
Нашчадкі роду або аднафамільцы
Лічыцца, што прамых нашчадкаў роду Радзівілаў у Беларусі не засталося. Але прозвішча Радзівіл і яго вытворныя Радзівіла, Радзівілаў, Радзівілка, Радзіваловіч і іншыя сустракаюцца да нашых дзён у розных рэгіёнах нашай краіны (гл. карту): Ельскі раён Гомельскай вобласці; Крупскі, Валожынскі, Смалявіцкі, Лагойскі, Уздзенскі, Капыльскі, Маладзечанскі раёны Мінскай вобласці; Талачынскі, Гарадоцкі, Докшыцкі раёны Віцебскай вобласці; Баранавіцкі, Пінскі раёны Брэсцкай вобласці; Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці. Адлюстравалася гэта прозвішча і ў некаторых гістарычных і сучасных назвах населеных пунктаў. Так, на тэрыторыі Гродзеншчыны, у Слонімскім павеце ў ХVІ ст. існавала паселішча Радзівілавічы, на Міншчыне быў маёнтак Радзівілімонты. У Хоцімскім раёне Магілёўскай вобласці ў мінулым было мястэчка Радзівілаў. У наш час у Гродзенскай вобласці ў Лідскім раёне ёсць вёска Радзівілаўцы, а ў Гродзенскім — вёска Радзівілкі. На Віцебшчыне ёсць вёска Радзівілаўка.
Ігар КАПЫЛОЎ
¢