Дзеці да трох гадоў будуць бясплатна забяспечвацца лякарствамі, інваліды 3 групы — са скідкай 50%
Дзеці ва ўзросце да трох гадоў у Беларусі будуць бясплатна забяспечвацца лекавымі сродкамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў, інваліды 3 групы — са скідкай 50 працэнтаў. Такое рашэнне прыняў 11 сакавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка па выніках нарады, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Тэма забеспячэння грамадзян лекавымі сродкамі знаходзілася ў цэнтры ўвагі Прэзідэнта на нарадзе.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб тым, што ў краіне пастаўлена задача да канца 2015 года выйсці на 50 працэнтаў забеспячэння насельніцтва лякарствамі беларускай вытворчасці. "Нядобра, калі мы дзве трэці і нават больш лякарстваў завозім з-за мяжы. Такім чынам, мы сёння неабароненыя ў гэтым важным напрамку", — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржаве нятанна абыходзіцца як вытворчасць лякарстваў, так і іх імпарт.
"Што датычыцца наогул забеспячэння лякарствамі, то ўсе разумеюць: гэта вельмі нават не таннае мерапрыемства. Мы сёння, акрамя вытворчасці ўласных лякарстваў, што вельмі нятанна каштуе, імпартуем лякарстваў на паўмільярда долараў", — сказаў кіраўнік дзяржавы.
"Але трэба да гэтага дадаць, што і людзі ўвогуле ў нас прывыклі жыць па-савецку, забываюць аб тым, што ў нас ужо не тая краіна і ў нас сёння няма вуглевадароднай сыравіны, няма іншых сыравінных рэсурсаў, якія Савецкі Саюз мог паставіць за мяжу і закупіць колькі хочаш лякарстваў. Хоць гэта таксама было марнатраўна, як потым высветлілася. Людзі ў нас здароўе не прывыклі цаніць, таму што яно бясплатнае, — лічыць Прэзідэнт. — Так, лякарствы каштуюць пэўную цану, але лечым мы людзей у большасці сваёй бясплатна".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што ў краіне створаны ўсе ўмовы для таго, каб людзі падтрымлівалі сваё здароўе.
Міністр аховы здароўя Васіль Жарко далажыў аб тым, як рэалізуецца даручэнне кіраўніка дзяржавы аб забеспячэнні насельніцтва 50 працэнтамі беларускіх лекавых сродкаў у вартасным выражэнні. Ён адзначыў, што з 1 студзеня функцыянуе Дэпартамент фармацэўтычнай прамысловасці пры Міністэрстве аховы здароўя. "Задачы пастаўлены, разгледжаны на Прэзідыуме Савета Міністраў, і прынятыя меры, я ўпэўнены, дадуць магчымасць да 2015 года выканаць даручэнне Прэзідэнта", — сказаў міністр.
Яшчэ адно важнае пытанне, якое было закранута на нарадзе, датычылася льготнага забеспячэння лекавымі сродкамі сацыяльна неабароненых слаёў насельніцтва. Прэзідэнт падрабязна цікавіўся, як забяспечваюцца лякарствамі дзеці, асабліва ранняга ўзросту, да трох гадоў, а таксама ў цэлым праблемай ільготнага лекавага забеспячэння.
"Мы ў свой час прымалі рашэнне і заявілі аб тым, што спыняем усялякае льгатаванне, за выключэннем некаторых пазіцый. Мяне напружвае нават не тое, што мы трацім грошы на льготныя катэгорыі грамадзян, а тое, што тут была карупцыя і праз пэўныя катэгорыі людзей лякарствы ішлі налева і направа і на рынкі траплялі. Нам удалося, прынамсі ў большасці сваёй, пазбегнуць такіх выпадкаў у нашай краіне. Але я вельмі апасаюся гэтага, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Таму давайце абмяркуем, па якіх напрамках мы павінны дапамагаць насельніцтву ў ільготным забеспячэнні лякарствамі".
Прэзідэнт таксама ўдакладніў, як рэалізуецца Нацыянальная праграма дэмаграфічнай бяспекі, якая ўступіла ў сілу год таму.
Як далажыла міністр працы і сацыяльнай абароны Мар'яна Шчоткіна, у мінулым годзе ўзраслі аднаразовыя дапамогі сем'ям пры нараджэнні дзіцяці.
Праграмай прадугледжана змяненне ў 2012 годзе механізма разліку штомесячных дапамог па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў, увязка памеру дапамогі з сярэдняй зарплатай па краіне і дыферэнцыяцыя ў залежнасці ад чарговасці нараджэння дзяцей у сем'ях.
Як сведчаць лічбы, у мінулым годзе нарадзілася на 1300 дзяцей больш, чым у 2010 годзе. Але разам з тым статыстыка паказвае, што большасць сем'яў (65 працэнтаў) маюць толькі адно дзіця.
Па выніках нарады Прэзідэнт прыняў рашэнне прадаставіць права на бясплатнае забеспячэнне дзяцей ва ўзросце да трох гадоў лекавымі сродкамі, якія выдаюцца па рэцэптах урачоў у межах пераліку асноўных лекавых сродкаў. Гэта 402 назвы. Такое рашэнне дасць магчымасць значна падтрымаць сем'і, якія выхоўваюць дзяцей.
Як лічыць Мар'яна Шчоткіна, якія-небудзь злоўжыванні ў гэтым выпадку і праяўленні карупцыі немагчымы, паколькі такі парадак будзе распаўсюджвацца на ўсе сем'і, якія маюць дзяцей да трох гадоў.
Акрамя таго, на разгляд кіраўніка дзяржавы вынеслі прапанову аб прадастаўленні інвалідам 3 групы скідкі на лякарствы ў памеры 30 працэнтаў. На сённяшні дзень інваліды 1 і 2 групы маюць скідку 90 працэнтаў на набыццё лякарстваў.
Аднак Прэзідэнт прыняў рашэнне аб павелічэнні да 50 працэнтаў скідкі інвалідам 3 групы на лякарствы па пераліку асноўных лекавых сродкаў для лячэння захворвання, якое прывяло да інваліднасці.