Як патрапіць у рай

Источник материала:  

А вы задумваліся калі-небудзь, што кветкі з'яўляюцца... сведкамі нашага жыцця?

На працягу месяца ў Нацыянальным мастацкім музеі працуе выстава "Кветкі раю". У экспазіцыі, прадстаўленай Беларускім дзяржаўным музеем народнай архітэктуры і побыту, можна пабачыць аўтэнтычныя прадметы дэкору народнага жыцця: малюнкі на шкле і невялічкія маляваныя дываны (макаткі), якія атрымалі шырокае распаўсюджанне ў Беларусі ў канцы ХІХ  — пачатку ХХ стст.

Раней гэтыя творы выконвалі розныя функцыі ў традыцыйным побыце: сакральную (абразы), утылітарна-дэкаратыўную (рамкі для фота) і дэкаратыўную (макаткі, маляваныя дываны і распісанае шкло развешвалі на сценах у хаце для ўпрыгожвання жыллёвай прасторы). Сёння, на жаль, мала хто з беларусаў упрыгожвае сваё ўрбаністычнае жытло традыцыйнымі народнымі прадметамі дэкору. Магчыма, толькі ў кватэрах інтэлектуалаў ды аматараў народнай творчасці можна знайсці маляваныя дываны або "шкляныя карціны" на сценах. Сучасны чалавек мог бы прыдумаць і разнастайныя варыяцыі па матывах народнага дэкору. Напрыклад, дзверы са шкляной устаўкай, распісанай у традыцыйнай манеры. Але, на вялікі жаль, мы аддаём перавагу "глабалістычным матывам" кшталту налепкі Эйфелевай вежы на сцяну або сервізу з выявай статуі Свабоды... Магчыма, у некаторых вясковых хатах, да якіх не паспелі дабрацца нашы этнографы, таксама яшчэ нешта засталося. Але па пэўную долю аўтэнтыкі і гісторыі мы ўсё-ткі мусім ісці ў музей.

Як патрапіць у рай

А не так даўно ўвесь гэты адухоўлена-пазітыўны роспіс (кветкі, райскія птушкі, партрэты жанчын, пейзажы) увесь час знаходзіўся побач з чалавекам. Можа, ад гэтага людзі раней насам- рэч былі дабрэйшымі. Нараджалася дзіця ў хаце, дзе ў куце — абраз, на сцяне — маляваны дыван з вяргінямі ды півонямі, а ў трумо — распісны шкляны посуд, напрыклад. Жыве чалавек акружаны ўсёй гэтай прыгажосцю, і толькі дабрыня ды спагада квітнеюць у сэрцы...

— Не толькі раслінныя матывы клаліся ў аснову дэкарыравання на Беларусі, — распавядае Святлана Лакотка, дырэктар установы "Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту". — Былі і пейзажы, і партрэты (выявы жанчын). Дэкаратыўнае афармленне жытла народа заўжды мела мэту ўпрыгожыць. А ўпрыгожыць можна чым? Безумоўна, пейзажамі і сімваламі прыгажосці — кветкамі. Хаты знутры аздаблялі і малюнкамі на шкле. Часта яны служылі гэткімі рамкамі, на якія наклейвалі фотаздымкі родных і сваякоў. На ліставым шкле малявалі празрыстымі лакамі, алейнымі фарбамі. Выкарыстоўвалі таксама паперу, якую падкладвалі пад шкло. Малявалі спачатку на паперы, потым накладвалі на яе шкло, на якім таксама была выява. Малявалі з двух бакоў шкла: звонку і з тыльнага боку, каб павялічыць уражанне перспектывы, прасторы. Выкарыстоўвалі і фольгу, якая была вынайдзена ў 1910 годзе. Яна павялічвала эфект свячэння малюнка. Былі самыя розныя тэхнікі. Генезіс малюнка на шкле — у мінулых стагоддзях. З самага пачатку на шкле малявалі іконы і вітражы. У ХVІІІ ст. у Сярэдняй Еўропе, Польшчы і Беларусі было шмат рамесных майстэрняў, дзе пісалі на шкле іконы, якія карысталіся вялікім попытам. А потым майстры вырашылі, што можна пісаць не толькі выявы святых, але і іншыя сюжэты. І сталі пісаць кветкі, птушак. Гэтае майстэрства захавалася на Беларусі да 1950-х гадоў.

Сёння мы ведаем бадай усе тэхнічныя сакрэты народных рамёстваў. Але не можам стварыць тое, што выраблялі нашы продкі. Для іх гэта было натуральна. Для нас сёння гэта ў пэўным сэнсе экзотыка. Але паспрабаваць наблізіцца да традыцыі можна заўжды.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

Фота Марыны БЕГУНКОВАЙ.

←Телеканал "Беларусь 1" покажет 8 марта программу "Off stage life" с группой Litesound (ФОТО)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика