"Аднавіць сядзібу Дастаеўскіх"
Пад такім загалоўкам у нумары за 31.01.2012 г. быў змешчаны ліст спадара Сянюты з Мінска
У адказ на яго намеснік старшыні Іванаўскага райвыканкама спадар Дарагакупец паведаміў, што работа па прапагандзе творчай спадчыны класіка рускай літаратуры Ф.М. Дастаеўскага ў раёне вядзецца даўно, пытанне аднаўлення сядзібы роду Дастаеўскіх прапрацоўваецца з 2010 года. Даслоўна: 20 кастрычніка 2010 г. раённы выканаўчы камітэт звярнуўся з просьбай у Брэсцкі абласны выканаўчы камітэт аб хадайніцтве ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь па ўнясенні прапаноў выканаўчаму камітэту Саюзнай дзяржавы аб фінансаванні работ па аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх.
У студзені 2012 г. накіраваны заяўкі і праект каштарысу на фінансаванне з бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2013 год работ па аднаўленні гэтага аб'екта. Аб'ём фінансавання з бюджэту Саюзнай дзяржавы будзе складаць 76,9 млн расійскіх рублёў, у тым ліку доля расходаў Расійскай Федэрацыі складзе 50,0 млн расійскіх рублёў, доля расходаў Рэспублікі Беларусь — 26,9 млн расійскіх рублёў.
На падставе даручэння прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковіча ад 19.01.2012 № 05/205-108 для прапрацоўкі пытання аб аднаўленні сядзібы Дастаеўскіх унесены прапановы па заданні на праектаванне, эскізным вырашэнні па знешнім аблічы сядзібы, прыкладным наборы памяшканняў для экспазіцыі, канцэпцыі музея.
Раённы выканаўчы камітэт падтрымлівае ідэю аўтара артыкула аб стварэнні Фонду Дастаеўскага і лічыць, што фонд павінен быць створаны на рэспубліканскім узроўні — пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь або Міністэрстве спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Са свайго боку, Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт гарантуе самы актыўны ўдзел у стварэнні і працы фонду, а таксама ва ўсіх мерапрыемствах, звязаных з імем вялікага пісьменніка.
Адноўленая сядзіба Дастаеўскіх будзе выкарыстоўвацца не толькі як музейны комплекс, але і як турыстычны цэнтр з забеспячэннем турыстаў пазнавальнай праграмай і магчымасцю ўдзелу ў паляванні, рыбалцы, фальклорных святах і іншых мерапрыемствах".