Прыёмная кампанія стартуе з прафесійна-псіхалагічнай гутаркі

Источник материала:  

5 сакавіка ў ВНУ распачалася рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі

Шчыра кажучы, многія па сённяшні дзень не разумеюць сэнсу гэтай даволі працаёмкай і нятаннай працэдуры, паколькі колькасць тых, хто не пераадольвае папярэдні бар'ер, складае кожны год менш як 1 працэнт ад агульнай колькасці ўдзельнікаў гутаркі. Між іншым, да ўдзелу ў гутарцы, акрамя работнікаў ВНУ, прыцягваецца шмат спецыялістаў звонку: гэта прафесійныя псіхолагі і спецыялісты па рабоце з моладдзю, работнікі міністэрстваў, Мытнага камітэта, Генеральнай пракуратуры, Вярхоўнага і Вышэйшага Гаспадарчага судоў, рэдакцый вядучых сродкаў масавай інфармацыі. Магчыма, апуха не варта кажуха? Тым больш што год ад года колькасць "выпадковых" абітурыентаў, якім было адмоўлена ў рэкамендацыі, змяншаецца.

Аднак у галоўным адукацыйным ведамстве краіны ўпэўненыя ў карыснасці прафесійна-псіхалагічнай гутаркі, якая дазваляе абітурыентам загадзя ацаніць правільнасць выбару будучай прафесіі. Асноўная мэта, якая стаіць перад членамі камісіі, — выявіць у абітурыента матывацыю і ацаніць яго асабовыя якасці, тым больш калі размова ідзе пра будучага прафесійнага дзяржаўнага кіраўніка. На гутарцы ад абітурыентаў патрабуецца прадэманстраваць сваю эрудыцыю, разуменне грамадска-палітычнага жыцця краіны і эканамічнай сітуацыі, працэсаў, што адбываюцца ў Беларусі і за яе межамі. Адназначна вітаюцца камунікатыўная кампетэнтнасць абітурыента, яго ўменне абгрунтоўваць сваю пазіцыю, падмацоўваць прыкладамі, паўната і лагічнасць адказаў, карэктнасць і правільнасць мовы. Бяруцца пад увагу таксама лідарскія і арганізатарскія здольнасці маладых людзей, іх уменне выходзіць з нестандартных сітуацый, гатоўнасць працаваць у камандзе.

Папярэдні прафадбор праводзіцца пры паступленні на 10 спецыяльнасцяў, дзе да будучых спецыялістаў дзяржавай прад'яўляюцца асаблівыя патрабаванні. У гэты пералік уваходзяць спецыяльнасці "Дзяржаўнае кіраванне", "Дзяржаўнае кіраванне і права", "Дзяржаўнае кіраванне і эканоміка", "Міжнародныя адносіны", "Міжнароднае права", "Правазнаўства", "Эканамічнае права", "Журналістыка", "Міжнародная журналістыка" і "Мытная справа". Варта мець на ўвазе, што праз папярэдні праф-адбор павінны прайсці ўсе, хто плануе паступаць на дзённую, вячэрнюю, завочную і дыстанцыйную формы навучання, на паралельнае навучанне, навучанне ў скарочаныя тэрміны, на навучанне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, для атрымання другой і наступнай вышэйшай адукацыі як за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, так і на ўмовах аплаты фізічнымі і юрыдычным асобамі. Гэта тычыцца і абітурыентаў прыватных ВНУ.

Ад праходжання прафесійна-псіхалагічнай гутаркі вызваляюцца толькі замежныя грамадзяне, якія плануюць паступаць у беларускія ВНУ, але пражываюць за межамі краіны. Аднак замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі, павінны такую гутарку прайсці. Абітурыенты маюць права прайсці гутарку па кожнай групе спецыяльнасцяў, напрыклад, для паступлення на "Журналістыку" і "Міжнародныя адносіны". Для гэтага трэба асобна зарэгістравацца на кожную групу спецыяльнасцяў. Аднак рэгістравацца на адну і тую ж спецыяльнасць (групу спецыяльнасцяў) у розных ВНУ катэгарычна забараняецца.

Па выніках гутаркі камісіяй прымаецца рашэнне: рэкамендаваць або не рэкамендаваць кандыдата для ўдзелу ў конкурсе па абранай спецыяльнасці (групе спецыяльнасцяў). Рашэнне прымаецца простай большасцю галасоў членаў камісіі. Дакументам аб выніках праходжання гутаркі з'яўляецца рэкамендацыя для ўдзелу ў конкурсе на атрыманне вышэйшай адукацыі. Рэкамендацыя выдаецца кандыдату ў дзень праходжання гутаркі і дзейнічае да канца бягучага каляндарнага года. Такім чынам, абітурыенты, якім летась не пашчасціла пры паступленні ў ВНУ, але якія паспяхова прайшлі папярэдні прафадбор, павінны будуць прайсці яго зноў.

Рэгістрацыя будзе доўжыцца па 31 сакавіка ўключна. Заява для ўдзелу ў прафесійна-псіхалагічнай гутарцы можа быць пададзена грамадзянінам асабіста ці быць накіравана па пошце. У першым выпадку будучы абітурыент асабіста паказвае пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу. А пры накіраванні па пошце да заявы прыкладаецца копія пашпарта ці іншага дакумента, які сведчыць асобу. Адказнасць за правільнасць і праўдзівасць звестак заявы ўскладаецца на грамадзяніна. У Міністэрстве адукацыі папярэджваюць, што заявы, якія паступяць пасля 31 сакавіка, разглядацца не будуць.

Трэба дадаць, што рэгістравацца і праходзіць гутарку можна ў любой ВНУ, указанай у пераліку, незалежна ад таго, куды будзе паступаць абітурыент. Прафесійна-псіхалагічная гутарка пройдзе з 5 па 30 красавіка ў адпаведнасці з графікамі, зацверджанымі ВНУ.

Надзея НІКАЛАЕВА

Даведка "Звязды": Вынікі прафесійна-псіхалагічнай гутаркі ў БДУ: у 2009 годзе гутарку прайшоў 3861 абітурыент, з іх 23 чалавекі рэкамендацыю камісіі не атрымалі; у 2010 годзе — 3093 абітурыенты, з іх не прайшлі прафадбор 6 чалавек; у 2011 годзе — 2808 абітурыентаў, прафадбор не здолелі прайсці 12 чалавек. У гэтым годзе для правядзення прафесійна-псіхалагічнай гутаркі ў Белдзяржуніверсітэце былі сфарміраваны 32 камісіі.

Прыёмная кампанія стартуе з прафесійна-псіхалагічнай гутаркі

←Телеканал "Беларусь 1" покажет 8 марта программу "Off stage life" с группой Litesound (ФОТО)

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика