Ціхі прыстанак для турыстаў

Источник материала:  

Заасад у аграгарадку Буйнічы Магілёўскага раёна стане часткай вялікага экскурсійнага маршруту па Дняпры. Там пачалося будаўніцтва прыстані.

— Магілёўскі аблвыканкам выдаткаваў на гэтую справу 3,8 мільярда рублёў, — расказаў дырэктар Магілёўскага прафесійнага агралесатэхнічнага каледжа Георгій Маліноўскі. — Ёсць план завяршыць будаўніцтва восенню і ўжо сёлета запусціць новы турыстычны маршрут, значнай часткай якога будзе наш заасад.

Мяркуецца, што водны шлях будзе пралягаць ад Александрыі ў Шклоўскім раёне да Баркалабава на Быхаўшчыне, а паміж двума вядомымі аграгарадкамі з'явяцца прыпынкі ў Магілёве і Буйнічах. Увогуле, Буйнічы сталі апошнім часам турыстычным цэнтрам рэгіёна. Тут месцяцца мемарыяльны комплекс "Буйніцкае поле", культурна-забаўляльная "Беларуская вёска ХІХ стагоддзя" і заасад, які стаў любімым месцам адпачынку магілёўцаў і іх гасцей.

Заасад — частка агралесатэхнічнага каледжа, дзе праходзяць вытворчую практыку студэнты. Але гэты праект даўно перарос межы навучальнай установы — летась тут прынялі больш за 200 тысяч наведнікаў з 15 краін. Таму нездарма, расказаў Георгій Маліноўскі, у каледжы цяпер будуюць камфортную гасцініцу на 200 месцаў для гасцей.

Але ўсё ж галоўнае — прыстанак на рацэ. Да пагорка над Дняпром ужо зроблена сцяжына, па якой можна рухацца пешшу, на конях і веласіпедах. Яе з прыстанкам павінны злучыць эстакада і лесвіца-серпантын. Таксама мяркуецца зрабіць спецыяльныя прыстасаванні для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, каб яны без праблем маглі трапіць у заасад.

— Таксама спадзяёмся знайсці сродкі на набыццё дыліжанса і ландо, каб дастаўляць турыстаў з прыстанку ў заасад, — дзеліцца планамі Георгій Маліноўскі.

Цяпер жа заасад рыхтуецца да сустрэчы вясны. На яго тэрыторыі жывуць больш за 200 жывёл, у тым ліку зубры, алені, лані, дзікі, тыгр, мядзведзь і іншыя. Мядзведзя Федзьку, дарэчы, давялося пасадзіць на дыету з-за набранай у халодны сезон вагі. Модніцам будзе цікава даведацца пра сутнасць дыеты: есць ён толькі раз на дзень!

Ілона Іванова.

←«Белый Квадрат» объявляет председателей жюри Фестиваля!

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика