Мінск прымае юніёрскі чэмпіянат свету па фігурным катанні
Нашы фігурысты паспяхова прайшлі кваліфікацыю
У гэтыя дні Мінск прымае юніёрскі чэмпіянат свету па фігурным катанні. Спаборніцтвы праходзяць на "Мінск-Арэне" і працягнуцца да 4 сакавіка. Наша краіна ўпершыню стала гаспадыняй гэтага турніру. У ім удзельнічае 207 фігурыстаў з 52 краін. Упершыню на чэмпіянаце свету выступаюць прадстаўнікі экзатычнай Грэнады.
Учора і пазаўчора на турніры прайшлі кваліфікацыйныя спаборніцтвы. Беларускія фігурысты выступілі паспяхова. У мужчынскім адзіночным катанні Павел Ігнаценка заняў 9-е месца сярод 24 спартсменаў і працягне барацьбу ў ліку 14 наймацнейшых. Яшчэ 16 фігурыстаў прайшлі ў асноўную стадыю па рэйтынгу, такім чынам, барацьбу за медалі працягвае 30 "адзіночнікаў".
У танцах на лёдзе наш дуэт Вікторыя Кавалёва і Юрый Бяляеў <І>(на фота) таксама сталі 9-мі і трапілі ў лік 11 пар, якія будуць змагацца за п'едэстал. Яшчэ 14 пар выступіць у асноўнай частцы спаборніцтваў без адбору. У спаборніцтвах спартыўных пар беларусы Марыя Палякова і Міхаіл Фамічоў сталі 11-мі і замкнулі спіс наймацнейшых, якія працягнуць выступленне. У адзіночным катанні сярод дзяўчат Беларусь прадставіць гамяльчанка Крысціна Захаранка.
Прызавы фонд спаборніцтваў — 200 тысяч долараў. Яго раздзеляць фігурысты, якія зоймуць першыя 12 месцаў. За першае месца ў адзіночным катанні пераможцы атрымаюць 10 тысяч долараў, за другое — 7, за трэцяе — 5. За 12-е месца юніёры атрымаюць 1 тысячу долараў. Спартыўныя і танцавальныя дуэты за перамогу атрымліваюць 15 тысяч долараў на дваіх, да сярэбранага медаля дадаецца 10,5 тысячы долараў, уладальнікі бронзавых узнагарод папоўняць свой рахунак на 7,5 тысячы. За 12-е месца дуэт атрымае 1,5 тысячы.
Сёння ў 18.30 на "Мінск-Арэне" пройдзе ўрачыстая цырымонія адкрыцця турніру. А з 19.30 пачнуцца спаборніцтвы ў кароткай праграме сярод спартыўных пар. Спаборніцтвы скончацца ў нядзелю, 4 сакавіка, грандыёзным гала-прадстаўленнем, дзе возьмуць удзел усе пераможцы турніру. Акрамя таго, арганізатары заявяць іншых фігурыстаў, якія маюць цікавыя і прыгожыя праграмы. Будуць сярод іх і беларускія спартсмены. Кошт білетаў на гала-прадстаўленне — ад 30 да 100 тысяч рублёў. У астатнія дні на спаборніцтвы можна трапіць за 20-40 тысяч.
Алена АЎЧЫННІКАВА