Хто плача або спявае...
Музыка захапіла Сяргея Стрыбульскага змалку. Дзе ні працаваў ураджэнец вёскі Чамярысы Брагінскага раёна — усюды спяваў, іграў на розных музычных інструментах.
У канцы сёлетняга лютага яму, кіраўніку хору мінскага гарадскога клуба "Аптыміст" ветэранаў вайны і педагагічнай працы, спаўняецца 75 гадоў. Не проста юбілей, а 37-годдзе працы настаўнікам і 25-годдзе творчай музычнай дзейнасці.
З 30 снежня 1953 года ён кіраўнік мастацкай самадзейнасці і выкладчык спеваў у Хойніцкай сярэдняй школе № 2. Маладым педагогам былі задаволены вучні, бацькі, калегі.
У час службы ў арміі сяржант стварыў хор у батальёне. Армейскую самадзейнасць ведалі ў многіх працоўных калектывах Рыгі, вакольных гарадкоў.
Асабліва праявілася ўменне Стрыбульскага яднаць людзей на Мінскім заводзе аўтаматычных ліній. Кім бы ён там не працаваў — мантажнікам, слесарам, электраналадчыкам, — усюды праяўляліся арганізацыйныя здольнасці Сяргея Сяргеевіча, калектывізм, цяга да творчасці.
У свабодны ад асноўнай працы час Сяргеевіч, як ласкава звалі на заводзе ўдарніка камуністычнай працы, арганізаваў ансамбль "Перамычка".
Але ж найбольш ярка раскрыўся талент педагога, калі стаў хормайстрам "Аптыміста".
Ветэраны вайны і працы Мінскага гарадскога дома настаўніка пад кіраўніцтвам хормайстра і дырыжора Стрыбульскага ўдала развівалі ўласныя здольнасці, атрымлівалі шмат кветак, апладысментаў, кніг у час выступленняў у працоўных калектывах, санаторыях Акадэміі навук, Аксакаўшчыне, шпіталях і бальніцах, клубах ветэранаў Міншчыны.
За ўдзелы ва ўсесаюзных і рэспубліканскіх фестывалях хор і створаная Стрыбульскім вакальная група "Купалінка" атрымалі шмат дыпломаў, грамат.
Мала хто скажа, што таленавітаму хормайстру Стрыбульскаму семдзесят пяць гадоў. У яго ўзросце рэдкі чалавек зможа так лёгка і грацыёзна ўпраўляцца на працягу ўсяго канцэрта з шаснаццацікілаграмовым акардыёнам.
Сяргей Стрыбульскі недарэмна ўсё жыццё сцвярджае: хто плача або спявае, таму Бог памагае.
У голасе самаахвярнага чалавека, інваліда першай групы па зроку, які пятнаццаць апошніх гадоў працуе са спевакамі бясплатна, чуецца спакой і лагода...
Пётр Шубянок, актывіст Мінскага гарадскога клуба "Аптыміст" ветэранаў вайны і педагагічнай працы.