Альбінас Жукаўскас: трывалыя масты сяброўства

Источник материала:  

У Літве адзначаюць 100 гадоў з дня нараджэння Альбінаса Жукаўскаса, вядомага паэта, празаіка, перакладчыка. Мяркую, ён заслугоўвае, каб колькі слоў было сказана пра яго і на беларускай мове. Тым больш, што я не ведаю другога такога літоўца, які быў бы ганараваны пачэсным званнем заслужанага працаўніка культуры Беларусі (1973 г.) і каб яго асобнымі артыкуламі былі прадстаўлены дзве самыя салідныя энцыклапедыі Беларусі: "Беларуская энцыклапедыя" (1998 г.) і "Рэспубліка Беларусь" (2006 г.).

Альбінас Жукаўскас: трывалыя масты сяброўстваПра заслугі А. Жукаўскаса ў літоўскай літаратуры і культуры не стану гаварыць, хоць ён і напісаў некалькі дзясяткаў кніг, быў ганараваны ўсімі магчымымі ўшанаваннямі і прэміямі Літоўскай Рэспублікі. У яго творчасці вялікі і, я дадаў бы, відавочна станоўчы след пакінула яго моцнае сяброўства з беларускімі празаікамі і паэтамі, асабістыя стасункі з імі. І як вынік гэтых шчырых адносін — яго шматлікія пераклады з беларускай мовы, аглядныя артыкулы пра беларускую літаратуру, сяброўскі аналітычны погляд на творчасць беларускіх пісьменнікаў. У Літве дзякуючы яму мы ведалі шмат пра беларускую літаратуру. Ён заўжды быў не толькі ініцыятарам і натхняльнікам, але часта і выканаўцам рознага роду мерапрыемстваў, прысвечаных беларускай літаратуры, выданням беларускіх аўтараў. Усе знамянальныя гадавіны Я. Купалы, Я. Коласа, М. Танка, іншых беларускіх літаратараў не абыходзіліся без яго актыўнага ўдзелу, прычым не толькі ў Літве. І сёння цікава пачытаць, да прыкладу, артыкул А. Жукаўскаса "Вільнюс памятае і ўшаноўвае свайго вялікага сябра і грамадзяніна..." пра стагоддзе з дня нараджэння Якуба Коласа. Артыкул выйшаў у "Звяздзе" трэцяга лістапада 1982 года.

Беларускі паэт Язэп Семяжон неяк пісаў, што А. Жукаўскас блізкі беларусам яшчэ і таму, што нарадзіўся недалёка ад паўночнай Беларусі. Ён мае рацыю, але толькі часткова. Так, будучы пісьменнік нарадзіўся 25 студзеня 1912 года ў літоўскай вёсцы Бубяляй, якая цяпер належыць Польшчы і знаходзіцца на стыку Беларусі, Літвы і Польшчы. Пасля развалу Расійскай імперыі польскія ўлады адразу закрылі літоўскую школу ў яго роднай вёсцы. Пасля ён пачаў вучыцца ў акупаваным палякамі Вільнюсе — у літоўскай гімназіі Вітаўтаса Вялікага. Тут літоўцы, як і беларусы, зазнавалі прыгнёт па нацыянальным прынцыпе. Гэта збліжала літоўцаў і беларусаў, якія не жадалі паддавацца палітыцы апалячвання і хацелі гаварыць на сваёй роднай мове, развіваць сваю нацыянальную культуру. Вось таму малады А. Жукаўскас, як і іншыя літоўскія інтэлігенты, якія жылі ў Вільнюсе, арганізоўваў сумесныя культурныя мерапрыемствы, супрацоўнічаў з беларускімі і літоўскімі газетамі. Тут таксама трэба шукаць прычыны, якія паўплывалі на светапогляд А. Жукаўскаса, яго блізкасць да беларускага.

Да прыкладу, ужо ў той перадваенны час завязалася сяброўства паміж маладымі А. Жукаўскасам і М. Танкам, які першым пераклаў вершы свайго сябра на беларускую мову і неаднаразова згадвае яго ў сваёй кнізе ўспамінаў "Лісткі календара". Альбінас Жукаўскас, у сваю чаргу, становіцца вялікім папулярызатарам творчасці Максіма Танка. Вершы яшчэ маладога аўтара з'яўляюцца ў літоўскай прэсе. У 1961 годзе на літоўскай мове выходзіць зборнік вершаў М. Танка "След маланкі", а ў 1969-м Жукаўскас перакладае яго кнігу "Лісткі календара".

Ён таксама робіць пераклады на літоўскую аповесці Змітрака Бядулі "Сярэбраная табакерка" (1956 г.) і рамана Максіма Гарэцкага "Віленскія камунары" (1965 г.). Ён перакладчык і рэдактар "Анталогіі беларускай прозы", анталогій "З беларускай паэзіі" і "Па Нёмане песня плыве". Жукаўскас перакладаў творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкі, Пятра Глебкі ды іншых.

Многія беларускія пісьменнікі перакладалі творы Альбінаса Жукаўскаса. А ў 1974 годзе ў Мінску на беларускай мове выйшаў зборнік яго вершаў "Бяздомная любоў".

А. Жукаўскаса не стала ў 1987 годзе. Праз усё сваё жыццё ён пранёс любоў і павагу да Беларусі, яе культуры і літаратуры. Завяршаючы гэты артыкул, я прыгадаў інтэрв'ю, якое зрабіў з Жукаўскасам мой калега і добры сябар, карэспандэнт "Звязды" Анатоль Мяснікоў. Ён назваў свой тэкст словамі А. Жукаўскаса: "Я прыйду туды, дзе ўсё мне роднае...". Альбінас Жукаўскас так сказаў пра Беларусь...

Вітаўтас ЖЭЙМАНТАС, уласны карэспандэнт "Звязды" ў Літве. Фота аўтара.

Вільнюс.

←В Могилевской области проходит акция «Подари книгу детям»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика