1919: "Праз церні да зорак?"
Слоўнік і лекцыю чытачу!
Голад, холад, хваробы... А ў Мінску ў Доме асветы адкрываюцца курсы: тэатральныя, музычныя, харавых спеваў, малявання. Адкрыты запіс для тых, хто хоча атрымаць бясплатнае фізічнае выхаванне, прычым ствараюцца групы для дзяцей, моладзі, якая навучаецца, і для дарослых. І прапануюцца заняткі: "гімнастычныя практыкаванні па шведскай і чэшскай сістэмах, фехтаванне і бокс".
Пастаянна ўздымаюцца ў газеце пытанні пра неабходнасць распаўсюджвання літаратуры і стварэння бібліятэк.
Уздымалася і пытанне аб тым, як "разжаваць" вясковаму чытачу ўсё тое, пра што піша газета: "... матэрыял гэты для людзей ад сахі сыры, не дасягае часта тых вынікаў, якія павінны быць.
Справа ў тым, што гэты матэрыял не так лёгка "перажоўваецца" ў вёсцы... Неабходны тут рас'тлумачальнікі. Неабходны слоўнікі-даведнікі, якія б вучылі.
Вёска сама зразумела гэта. Культурныя слаі вёскі ўзяліся за стварэнне клубаў —спецыяльных чытальняў, публічных лекцый".
Шкодны элемент
Здавалася б, не такая значная заметка "Падатак на вядзьмарку", але тым не менш, "вока зачапілася". Гэта толькі адзін з прыкладаў, як улада змагалася з забабонамі. Але ж беларусы так і засталіся прымхлівымі, і сёе-тое з народнай медыцыны яшчэ практыкуецца і сёння. На жанчыну, якая лячыла людзей народнымі спосабамі (праз нагаворы на ваду, так яна быццам бы здымала сурокі), быў накладзены вялізны падатак, "каб знішчыць шарлатанства вядзьмаркі і эксплуатацыю цёмных сялян", ёй было загадана перанакіроўваць хворых у бальніцу. Калі ж жанчына будзе працягваць сваю справу, двойчы на яе накладуць штраф, а на трэці раз выселяць "як шкодны элемент, які не падпарадкоўваецца савецкай уладзе".
Навошта жанчыне свядомасць?
Без нас (я маю на ўвазе жанчын) — нікуды. Пра гэта яшчэ і "Звязда" гаварыла ў пачатку мінулага стагоддзя. "Нельга гаварыць аб тым, што жанчыны не хочуць грамадскага жыцця. Не. У іх шалёная прага ведаў, асветы, але ім не дазваляюць абставіны сямейнага жыцця, ім трэба працаваць і па-за фабрыкай ці заводам для задаволення патрэб сям'і, — пісала спадарыня Чарняўская. — Якім жа чынам можна прыбраць гэтыя з'явы? Адказ ёсць: уладкоўваннем грамадскіх кухань, дзіцячых выхаваўчых дамоў, ясляў і т.п. А для таго, каб жанчыны зразумелі, навошта трэба аддаваць сваіх дзяцей у гэтыя выхаваўчыя дамы, нам трэба сярод іх правесці самую энергічную прапаганду, ... каб для іх стала ясным, для чаго мы імкнёмся і навошта жанчыне свядомасць... І камуністычна выхаваныя, арганізаваныя кадры работніц дапамогуць нам справіцца як з гаспадарчай разрухай, так і знешняй і ўнутранай контррэвалюцыяй"...
Вось толькі дашкольных устаноў тады амаль не было, пасля адной з праверак было выяўлена, што арганізаваныя "дзіцячыя ачагі" ёсць толькі ў яўрэяў, а для беларускіх і "велікарускіх" малых іх яшчэ трэба арганізаваць, гэтак жа, як і курсы для падрыхтоўкі выхавальніц.
Між іншым, правы жанчын тады хвалявалі і "моцную палову".
22 студзеня "Звязда" змяшчае вялікі артыкул "Прастытуцыя", з якога вынікае, што "дамы падазронай знешнасці", як і пры царскай уладзе, працягваюць сваё рамяство.
"Нельга глядзець на прастытутак як на людзей, якія зусім не заслугоўваюць увагі. Акрамя закрыцця "дамоў цярпімасці", трэба спрабаваць з асяроддзя больш свядомых прастытутак зарганізаваць ядро, якое б працавала сярод прастытутак у сэнсе тлумачэння гэтага нізкага, ганебнага рамяства, а таксама яго наступстваў". Таксама аўтар прапануе ладзіць для прастытутак мітынгі і лекцыі. Ён лічыць, што многія дзяўчаты трапілі ў прытоны супраць сваёй волі, і іх трэба выратоўваць.
Свабоду вучням!
Давайце паспрабуем узгадаць, колькі гадоў ужо мы чуем размовы пра тое, якой павінна быць сучасная школа. Ды, мабыць, яны былі заўсёды. Вядома, і пры станаўленні савецкай улады гэтаму надавалася вялікая ўвага. Так, у "Звяздзе" я знайшла артыкул "Старая і новая школа" Л. Сляпяна. На яго думку, пры царскай уладзе "школа не вучыла, не выхоўвала, але дрэсіравала": "Замест схаластычнага хламу, якім забівалася галава навучэнца, новая свабодная школа побач з іншымі навукамі павінна вучыць маладое падрастаючае пакаленне арганізацыі работы на працоўных пачатках... ніякія веды не могуць быць успрыняты гвалтоўным шляхам. Веды, атрыманыя пад пагрозай, не выклікаюць у навучэнца ніякай цікавасці і хутка стушоўваюцца з галавы. Такі метад выкладання не развівае разумовыя здольнасці навучэнца. Пралетарская свабодная школа павінна імкнуцца да таго, каб выклікаць у вучня цікавасць да якіх-небудзь ведаў і прывучыць яго да самастойнай творчай працы думкі.... А гэта будзе дасягнута, калі школа будзе свабоднай. У свабоднай пралетарскай школе не павінна быць дакладнай вызначанай праграмы. Праграма будзе стварацца самім жыццём; па меры росту духоўных патрэб навучэнцаў будзе пашырацца праграма. Схільнасці і цікавасці вучняў павінны быць кіруючым пачаткам для выхавацеляў. Навучэнцам павінна быць дадзена магчымасць выбару прадмета кожнай суразмовы, урока ці лекцыі. Заняткі тады будуць ісці лёгка і свабодна, без усялякага напружання з боку навучэнцаў. Сістэма ўзнагарод, пакаранняў, абавязковага наведвання ўрокаў павінна быць адменена. Калі навучэнцу чамусьці нецікава прысутнічаць на ўроку, то яму павінна быць дадзена магчымасць пайсці, бо яго прысутнасць не прынясе ніякай карысці. Ён навее нуду на сваіх таварышаў, адцягне іх увагу, завяжа размову са сваімі суседзямі і, безумоўна, будзе шкодзіць усяму класу...
Толькі такая школа дасць магчымасць сваім выхаванцам шырока і поўна праявіць сваю асобу, задаволіць свае духоўныя патрэбы і прывучыць сваіх выхаванцаў да самастойнай творчай працы".
Звярніце ўвагу на апошні абзац: менавіта такой мы бачым мэту сучаснай адукацыі, менавіта пра выхаванне такога вучня паўтараем зноў і зноў. Мы нават гаворым пра гэта такімі ж словамі, як аўтар з мінулага стагоддзя. Вось толькі калі мы ведаем, чаго хочам, чаму ўсё ніяк не вырашым, як гэтага дасягнуць?
Уражвае тое, што такія размовы ўздымаліся ў часы масавай непісьменнасці, калі яшчэ некаторыя бацькі лічылі, што іх дзеці змогуць абысціся без адукацыі, калі не хапала настаўнікаў. З-за дэфіцыту педагагічных класаў лічылася, што на аднаго настаўніка павінна прыпадаць каля 40 вучняў.
Дарэчы, у 1919 годзе ў школах была адменена бальная сістэма для ацэнкі ведаў і паводзін вучняў. "Не дапускаецца таксама і прымяненне ацэнкі ведаў навучэнцаў пры дапамозе "паспявае" і "не паспявае" ці "здавальняючы" і "не здавальняючы" і таму падобных умоўных знакаў. Перавод з класа ў клас і выдача пасведчання праводзіцца на падставе поспехаў навучэнцаў па водгуках педагагічнага савета аб выкананні вучэбнай работы".
Таксама ў гэтым годзе было адменена навучанне ў школе латыні.
Алена Дзядзюля.