Адміністрацыйная адказнасць за парушэнні антыманапольнага заканадаўства ўзмацняецца
Для аператыўнага выяўлення і спынення парушэнняў антыманапольнага заканадаўства, заканадаўства аб цэнах і цэнаўтварэнні кіраўнікам Дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі, абласных (Мінскага гарадскога) выканаўчых камітэтаў прадастаўлена права назначаць пазапланавыя праверкі выканання юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі названага заканадаўства незалежна ад наяўнасці падстаў, прадугледжаных заканадаўчымі актамі аб кантрольнай (нагляднай) дзейнасці.
Правядзенне пазапланавых праверак дасць магчымасць аператыўна выяўляць і спыняць выпадкі невыканання заканадаўства, у тым ліку факты цэнавых змоў суб'ектаў, парушэнні забароны і (або) абмежаванняў адносна рэалізацыі тавараў (работ, паслуг), устаноўленых дзяржаўнымі органамі кіравання ў асобных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінках Беларусі.
Указам прадугледжана ўзмацненне адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні антыманапольнага заканадаўства.
Гэта абумоўлена тым, што прадугледжаныя Кодэксам Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях меры адказнасці і памеры штрафаў на сённяшні дзень ужо не з'яўляюцца дзейсным механізмам па недапушчэнні і ўстараненні парушэнняў антыманапольнага заканадаўства.
Акрамя таго, гэты кодэкс не змяшчае мер прамой адказнасці за злоўжыванне суб'ектамі гаспадарання сваім дамінуючым становішчам на таварных рынках, за антыканкурэнтныя дзеянні службовых асоб органаў кіравання. Ён не ахоплівае ўсіх форм нядобрасумленнай канкурэнцыі, прызнаваемых ва ўстаноўленым парадку неправамернымі, не прадугледжвае адказнасці юрыдычных асоб за парушэнні антыманапольнага заканадаўства.
У сувязі з гэтым указам уведзена адказнасць за ўчыненне юрыдычнай асобай або індывідуальным прадпрымальнікам, які займае дамінуючае становішча на таварным рынку, дзеяння, што з'яўляецца ў адпаведнасці з антыманапольным заканадаўствам злоўжываннем такім становішчам.
Таксама ўведзена адказнасць за ўхіленне службовай асобы дзяржаўнага органа, іншай дзяржарганізацыі, якая выконвае асобныя функцыі рэспубліканскага органа дзяржаўнага кіравання, службовай асобы іншай юрыдычнай асобы ад выканання не толькі прадпісанняў, але і іншых законных патрабаванняў антыманапольных органаў, або неналежнае ці несвоечасовае іх выкананне, або непрадастаўленне гэтым органам інфармацыі (дакументаў, тлумачэнняў), неабходнай для ажыццяўлення антыманапольнымі органамі сваіх функцый, або прадастаўленне заведама ілжывай інфармацыі.
Акрамя таго, устанаўліваецца адказнасць за ўчыненне дзеянняў, якія з'яўляюцца ў адпаведнасці з антыманапольным заканадаўствам нядобрасумленнай канкурэнцыяй, а таксама за заключэнне і выкананне пагадненняў, ажыццяўленне ўзгодненых дзеянняў, а таксама за дамоўленасць ажыццяўляць або ажыццяўленне іншых відаў каардынаванай дзейнасці, якія абмяжоўваюць канкурэнцыю.
У адпаведнасці з указам ажыццяўленне такіх дзеянняў вядзе да накладання штрафу на службовую асобу ў памеры ад дваццаці да ста базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад ста да двухсот базавых велічынь, на юрыдычную асобу — да 10 працэнтаў сумы выручкі ад рэалізацыі тавару (работы, паслугі), на рынку якой учынена правапарушэнне, але не менш за пяцьсот базавых велічынь (чатырохсот базавых велічынь — пры ажыццяўленні нядобрасумленнай канкурэнцыі).
Прадугледжаныя ўказам меры стануць дадатковым механізмам у комплексным вырашэнні пытанняў неабгрунтаванага росту цэн на тавары (работы, паслугі), што рэалізуюцца на ўнутраным рынку.
Указ уступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.