Ад пандуса — да даху

Источник материала:  

Жыллёвыя пытанні — па-ранейшаму найбольш актуальныя

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін СУМАР правёў прамую тэлефонную лінію з жыхарамі вобласці

Многія пытанні, з якімі звярнуліся вечарам у пятніцу грамадзяне да кіраўніка вобласці, хоць і не былі непасрэдна звязаны з узвядзеннем або крэдытаваннем будаўніцтва жылля, ускосна датычыліся менавіта ўмоў пражывання. Ну вось, напрыклад, жыхар Століна пабудаваў на новай вуліцы дом. А дарога на гэтую вуліцу зусім разбітая.

— Нават "хуткая" даехаць да домаўладання не можа, — кажа ён. — Аднаму з дзяцей гаспадара даводзіцца выклікаць медыцынскую дапамогу даволі часта. Тады галава сямейства выходзіць сустракаць медыкаў на іншую вуліцу, каб пехатой правесці іх у дом. Тэлефонны абанент прасіў хаця б падсыпаць дарогу такім чынам, каб па ёй мог прайсці аўтатранспарт. Такое даручэнне атрымае Столінскі райвыканкам.

Амаль што крыкам душы брастаўчанкі з вуліцы Маскоўскай, 326 прагучала просьба закрыць казіно каля іх дома. У прыбудове да шматпавярховіка некалькі гадоў гудзіць і весяліцца казіно. А жыхары кватэр не могуць нармальна адпачываць. Тым самым, лічаць яны, парушаюцца іх правы. Людзі элементарна не могуць выспацца перад працоўным днём. Гаротным жыльцам дома паабяцалі ў хуткім часе камісію з санітарнай службы, каб пасля заключэння спецыялістаў аб узроўні шуму прыняць адпаведнае рашэнне.

У шэрагу іншых былі дзве скаргі на холад у кватэрах. Сям'я жанчыны з Івацэвічаў, якая дазванілася на прамую лінію, як і іх суседзі, — перасяленцы з чарнобыльскай зоны. Жыллё іх у свой час будавалі хутка і дапусцілі парушэнні. Увесь час у моцныя халады дом літаральна прамярзае. Кватэры прыватызаваныя, таму ніхто не бярэцца дапамагаць. У Таццяны Іванаўны, брастаўчанкі, якая жыве па бульвары Шаўчэнкі, 9, гэтай зімой у адным пакоі было +8, у другім — 10 градусаў цяпла. Церпяць і астатнія кватэры па "стаяку". Даручэнні па кожным з названых дамоў атрымала адпаведная служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Маладая маці з мікрараёна "Вулька-3" расказала, як радавалася новай кватэры, якую ўзвялі будаўнікі трэста № 8, і як гаруе цяпер, бо адзін з кутоў кватэры ўвесь час вільготны і пакрыты цвіллю. На звароты жыльцоў будаўнікі не спяшаюцца рэагаваць. "Пасля гэтага званка адрэагуюць і выправяць свае агрэхі за свой кошт", — паабяцаў губернатар.

Пашанцавала і Святлане з Баранавічаў, якая дазванілася да кіраўніка вобласці, бо ў сваім гарвыканкаме жанчына атрымала адмову. У заяўніцы сапраўды неардынарная сітуацыя. Яна атрымала ўчастак пад будаўніцтва дома, але ў адведзены законам час працу не пачала, бо трапіла ў аварыю. Перанесла тры аперацыі, як яна сама сказала, крок за крокам вярталася да жыцця. І нарэшце, калі ўсе бальнічныя былі закрыты, даведалася, што ўчастак могуць забраць. Святлана звярнулася ў гарвыканкам і папрасіла прадаставіць адтэрміноўку да вясны, каб вясной прыступіць да будаўніцтва. Але ёй адмовілі. Таму ў яе засталася ўся надзея толькі на абласную ўладу. Канстанцін Сумар настойліва папрасіў Баранавіцкі гарвыканкам задаволіць заяву гараджанкі, таму што яна зацягнула пачатак будаўніцтва не па сваёй віне, а па ўважлівай прычыне.

Вядома, не магло не быць званкоў ад членаў жыллёва-будаўнічых кааператываў, якія не паспелі атрымаць кватэры. Бо для вельмі многіх гэта цяпер самае галоўнае. Ларыса Якаўлева ўступіла ў кааператыў і пачала будаваць кватэру ў 2010 годзе. Здача дома ПМК "Палессежылбуда" была запланавана на леташні верасень, але будаўніцтва прасоўвалася вельмі марудна. А ў пачатку 2012 года членам кааператыва аб'явілі, што кошт квадратнага метра мяняецца з 2 мільёнаў 600 тысяч да 4 мільёнаў рублёў. Рэвізійная камісія забудоўшчыкаў лічыць, што ў замаруджванні ёсць непасрэдная віна ўпраўлення капітальнага будаўніцтва, якое своечасова не асвойвала наяўныя грошы. Ва ўсялякім выпадку, новы крэдыт жанчыне не пад сілу. Правільнасць фінансавання і асваення сродкаў па названым доме праверыць спецыяльная камісія.

Маналог жыхаркі Кобрына быў яшчэ больш эмацыйным: "Мы ўступілі ў кааператыў, а потым даведаліся, што пазбаўляемся льготнага крэдытавання. Выходзіць, дзяржава адной рукой дала гэты крэдыт, а другой забрала? Цяпер нас проста падзялілі на тых, хто мае права на крэдыт, і тых, хто не мае. Адзіная магчымасць пабудаваць уласнае жыллё знікла...". Што тут можна сказаць? Праблема вядомая, датычыцца не адной Брэсцкай вобласці. Таму губернатар папрасіў дачакацца рашэння, якое павінна быць прынята ў хуткім часе на ўзроўні кіраўніцтва краіны.

Прасілі кіраўніка вобласці паспрыяць вырашэнню жыллёвага пытання шматдзетных сем'яў. Так, у Вялікіх Зводах Брэсцкага раёна здымае кватэру сям'я, у якой пяцёра дзяцей. Зоя Саламанюк, таксама маці пяцярых дзяцей, жыве ў старэнькай хаце ў вёсцы Добрая Воля Пінскага раёна. Людміла Баранава з Брэста, маці чатырох дзяцей, скардзілася, што сям'я стаіць на чарзе, але пакуль ім нічога не прапануюць. Кожную з гэтых сямей хутка наведае камісія ад мясцовай улады, і жыллёвае пытанне будзе вырашацца. Бо шматдзетныя сем'і, як вядома, на асобным рахунку дзяржавы, увага да іх павышаная.

Дазваніўся на прамую лінію таксама інвалід І групы. Аляксандр Міхайлавіч прасіў зрабіць пандус у пад'ездзе дома № 380 па вуліцы Маскоўскай. Адказныя асобы тут жа атрымалі даручэнне з указаннем канкрэтнага тэрміну выканання.

Святлана ЯСКЕВІЧ.

←В Могилевской области проходит акция «Подари книгу детям»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика