Асцярожна, не "Аднакласнікі"!
"Сардэчна запрашаем! У акцыі бяруць удзел ужо 17 488 чалавек. Цісніце "Клас" перад тым, як прыняць удзел у Акцыі! Адкажыце на некалькі пытанняў. У якасці падзякі раздаём падарункі самым актыўным. Пакіньце заяўку на далучэнне да неабходных паслуг. Ваша меркаванне важна для нас!"
Калі на вядомым сайце "Аднакласнікі" вы атрымалі нешта падобнае, перш чым зрабіць тое, што вам прапануюць, задумайцеся!
Начальнік аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій упраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама Андрэй Серафімовіч папярэджвае, што палескі рэгіён за апошнія некалькі дзён літаральна захліснула хваля махлярстваў. З дапамогай усім вядомай сацыяльнай сеткі "Аднакласнікі" з тэлефонных рахункаў спісваюцца велізарныя сумы грошай. У Мазыры міліцыяй зафіксавана 2 факты, у Калінкавічах — 3, у Лельчыцах — 6, у Рэчыцы — 7. І гэта толькі тыя, хто звярнуўся да праваахоўнікаў!
Грошы здымаюцца са звычайных мабільных тэлефонаў. Злачынцы могуць стварыць "клоны" старонак сяброў, а потым ад іх імя звярнуцца з просьбай даць код актывацыі за розныя паслугі "аднакласнікаў" — напрыклад, смайлікі ці гульні. Тыя самыя, якія афіцыйны рэсурс прапануе за віртуальныя грошы, так званыя "ок". Па просьбе рэсурсу неабходна даць нумар тэлефона, з якога спішацца вызначаная сума, а затым прыйдзе СМС ад сеткі з паролем актывацыі. Але перадаўшы пароль "сябрам", грамадзяне практычна абяззбройваюць сябе перад ашуканцамі. А тыя знімаюць з рахунку тэлефона максімальна магчымую суму.
У міліцыі адзначаюць, што пры гэтым звычайна ў сеткі махляроў трапляюць юныя асобы, за якіх разлічваюцца бацькі. І невялікая просьба "сябра" пра дробязь у выглядзе смайліка для каханай дзяўчыны выглядае вельмі пераканаўча, а трэба ўсяго нічога — толькі код актывацыі... Да таго ж у асноўным церпяць карыстальнікі таго аператара мабільнай сувязі, які не блакіруе сыход рахунку ў мінус. Менавіта таму некаторыя з падманутых у віртуальнай сетцы камп'ютарных махляроў ужо ўбачылі на рахунках мінусавыя сумы ў 700 тысяч рублёў — за быццам бы аказаныя паслугі.
У аддзеле па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій упраўлення крымінальнага вышуку крымінальнай міліцыі УУС Гомельскага аблвыканкама паведамілі, што зараз займаюцца высвятленнем "аўтараў" чарговай тэхналогіі камп'ютарнага махлярства.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.