На шляху стварэння ўзбуйненых медыяструктур

Источник материала:  

Учора міністр інфармацыі Алег Праляскоўскі наведаў Дзяржынскі раён. У ходзе візіту гаворка ішла аб аптымізацыі беларускіх СМІ, іх пераарыентацыі з улікам імклівага развіцця інтэрнэту, і ў тым ліку і аб "Звяздзе".

У выдавецкі дом "Звязда" ўвойдуць газета "Звязда" і рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Літаратура і мастацтва". У структуру РВУ "ЛіМ" уваходзяць газета "Літаратура і Мастацтва", часопісы "Полымя", "Маладосць", "Нёман", "Вожык".

"Увесь свет рухаецца па шляху ўзбуйнення, аб'яднання друкаваных выданняў у выдавецкія дамы і медыяхолдынгі", — заявіў міністр інфармацыі. Паводле яго слоў, у выніку з'яўлення выдавецкага дома "Звязда" зменшацца эканамічныя выдаткі, а самае галоўнае, у яго кіраўніцтва з'явіцца больш магчымасцяў для манеўраў пры правядзенні адзінай выдавецкай і рэдакцыйнай палітыкі. Выданні не будуць пісаць адно і тое ж — пры падачы інфармацыі будзе працаваць прынцып сегментацыі.

"Гэта будзе выдавецкі дом культуралагічнай накіраванасці", — сказаў Алег Праляскоўскі. Дарэчы, гэтую ідэю падтрымаў на выніковай калегіі Мінінфармацыі намеснік прэм'ер-міністра Анатоль Тозік. Другі выдавецкі дом, які можа быць створаны, будзе мець грамадска-палітычную скіраванасць.

Таксама міністр інфармацыі паведаміў, што міністэрства цяпер працуе над двума вялікімі праектамі: інтэрнэт-тэлебачаннем і стварэннем магутнага партала беларускіх СМІ.

"Мы бачым вельмі вялікую цікавасць да беларускіх СМІ з усяго свету, — растлумачыў Алег Праляскоўскі. — Да сайтаў раённых газет звяртаюцца з Аўстраліі, Канады, Ізраіля, Германіі — з тых краін, дзе пражываюць нашы суайчыннікі". Але электронныя версіі газет у сусветным сеціве павінны пастаянна ўдасканальвацца. "Раней я казаў, што твар старшыні райвыканкама — газета. Цяпер кажу, што яшчэ і сайт", — заўважыў міністр.

Паводле яго слоў, у сувязі з імклівым развіццём інтэрнэту, беларускія газеты павінны паступова пераарыентавацца. У друкаванай версіі павінны з'яўляцца буйныя аналітычныя артыкулы — публіцыстыка, журналісцкія расследаванні, а на сайце — стужка навін.

Акрамя таго, Міністэрства інфармацыі сёлета будзе больш актыўна займацца рэгіянальным тэлебачаннем. "Людзі з задавальненнем глядзяць мясцовыя навіны, — адзначыў Алег Праляскоўскі. — Ім цікава тое, што адбываецца побач з імі". Адпаведна, рэгіянальнае тэлебачанне павінна рабіць якасныя навіны, а для гэтага, па словах міністра, неабходна шчыльна супрацоўнічаць з буйнымі тэлеканаламі.

Што тычыцца інтэрнэт-тэлебачання, то ў сувязі з будучай лічбавай эрай, па словах Алега Праляскоўскага, тэлебачанне будзе тэлебачаннем не канала, а кантэнту.

Святлана БУСЬКО.

←В Вооруженные Силы Беларуси поступило более 130 наименований военной техники отечественного производства

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика