Рыбачыць пад вадой можна не ўсім і не ўсюды

Источник материала:  

Выкарыстоўваць на рыбалцы больш за 10 рыбалоўных кручкоў, а таксама займацца падводнай рыбалкай маюць права не ўсе рыбакі і не на ўсіх вадаёмах.

Пра гэта паведаміў “РГ” інспектар Вілейскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Краўчонак. Інспектар напярэдадні рыбалоўнага сезона перасцерагае рыбакоў рэгіёна ад парушэнняў правілаў рыбалкі, за якія можна атрымаць істотныя штрафы.

Суразмоўца “РГ” патлумачыў, што інтэнсіўная рыбалка – гэта выкарыстанне падчас аматарскай лоўлі ад 11 да 20 кручкоў альбо падводная рыбалка. Займацца такой лоўляй маюць права толькі члены рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”. Для тых, хто не ўваходзіць у гэта аб’яднанне, інтэнсіўная лоўля забароненая ўвогуле.

Але здараецца, і члены таварыства памылкова лічаць, што інтэнсіўная рыбалка ім дазволеная на ўсіх вадаёмах. Гэта не так. Месцы, дзе можна рыбачыць пад вадой альбо выкарыстоўваць больш за 10 кручкоў, вызначаюць мясцовыя раённыя ўлады.

Калі вы збіраецеся рыбачыць інтэнсіўна, спачатку азнаёмцеся з адпаведнымі рашэннямі райвыканкамаў на дазвол такой лоўлі.

Аляксандр Краўчонак прывёў некалькі прыкладаў тых месцаў, дзе дазволеная інтэнсіўная рыбалка. Напрыклад, у Вілейскім раёне падводная рыбалка ў светлы час сутак дазваляецца на рэках Нарачанка, Сэрвач, Ілія і ў сажалцы ў вёсцы Кавалі. Для лоўлі рыбы агульнай колькасцю кручкоў больш за 10 вадаёмы не вызначаныя.

У Маладзечанскім раёне да 20 кручкоў ад 1 ліпеня да 1 кастрычніка можна выкарыстоўваць на рацэ Удранка. Дазволеная тут у гэты час і падводная рыбалка. Больш падрабязна пра вызначаныя месцы даведаецеся, азнаёміўшыся з рашэннямі райвыканкамаў.

А вось, напрыклад, у суседнім з нашым рэгіёнам Лагойскім раёне вадаёмы для аматарскага рыбалоўства інтэнсіўным спосабам не вызначаныя ўвогуле.

Інспектар нагадаў, што за парушэнне правілаў інтэнсіўнай лоўлі прадугледжаная адміністрацыйная адказнасць. Можна атрымаць штраф ад 10 да 50 базавых велічынь з канфіскацыяй прыстасаванняў для лоўлі рыбы альбо без канфіскацыі.

На сённяшні дзень, калі адна базавая велічыня складае 35 000 рублёў, памер штрафаў – ад 350 000 да 1 750 000 рублёў. Нагадаем рыбакам: ад 1 красавіка памер базавай велічыні будзе складаць 100 000 рублёў. А гэта значыць, што за парушэнне правілаў інтэнсіўнай лоўлі трэба будзе заплаціць ад 1 000 000 да 5 000 000 рублёў.

Сяргей ЗЯНЬКО.

 

←Юрий Куклачёв выступил перед студентами Университета культуры

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика