РОЗГАЛАС

Источник материала:  
На выхадныя — снегапады, потым пацяплее да плюс 2

У бліжэйшыя суткі тэрыторыя Беларусі яшчэ застанецца пад уплывам халодных атмасферных мас зоны паніжанага ціску, аднак у заходнія раёны з боку Польшчы завітае малаактыўны атмасферны фронт, паведаміла рэдакцыі спецыяліст Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.

У суботу атмасферны фронт будзе рухацца праз тэрыторыю краіны далей на ўсход кантынента. Месцамі пройдзе кароткачасовы снег. Уначы чакаецца 10—17 марозу, па ўсходзе да мінус 20—23; удзень 5—12 градусаў ніжэй за нуль. Цяплей па захадзе Беларусі, дзе 4—9 марозу ўначы, а ўдзень ужо ад 0 да мінус 4 градусаў. Больш істотна надвор'е зменіцца ў нядзелю з прыходам паўночна-атлантычнага цыклону. На паўднёвым захадзе мокры снег і галалёдзіца, месцамі ўзмацненне ветру да 15—18 м/с. Уначы чакаецца мінус 8—15, на ўсходзе пры праясненнях да 16—20 марозу, на захадзе 3—7. Тэмпература паветра ўдзень ад мінус 6 па ўсходзе да плюс 2 градусаў на захадзе краіны.

Вільготнае паветра з паўночнай Атлантыкі будзе гаспадарыць у нас і ў пачатку наступнага тыдня, калі чакаецца снег, мокры снег, месцамі галалёд, на дарогах галалёдзіца. У ноч на панядзелак мінус 2—9, у асобных раёнах пры праясненнях да 10—15 марозу, удзень — ад мінус 5 да плюс 2 градусаў. Паводле папярэдніх прагнозаў, больш істотна пацяплее ў сярэдзіне наступнага тыдня. Тэмпература ўначы мінус 1—6, а ўдзень ад мінус 4 да плюс 3 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ.

Беларускі галалёд у інтэрнэце

Пра стан дарогі, па якой давядзецца ехаць, кіроўцы цяпер могуць даведацца ў рэжыме анлайн.

Такой магчымасцю можна скарыстацца дзякуючы новаму сэрвісу на сайце дэпартамента "Белаўтадар" Мінтранса. Інфармацыя ад 39 дарожна-вымяральных станцый, якія размешчаны на дарогах краіны, цяпер даступная кожнаму карыстальніку сеціва. Дарожна-вымяральная станцыя складаецца з камеры, якая робіць здымкі ў рэжыме рэальнага часу і разнастайных метэапрыбораў. Прыборы фіксуюць тэмпературу паветра і асфальту, від ападкаў, узровень бачнасці і стан пакрыцця. Акрамя лічбавых паказчыкаў, можна ацаніць стан дарогі на пад'ездзе да таго ж Брэста з дапамогай фота.

Карыстальніку дастаткова знайсці на сайце раздзел "Аператыўная інфармацыя пра дарожныя ўмовы дарожна-вымяральных станцый" і выбраць на карце населены пункт, які цікавіць. Найбольшая канцэнтрацыя прыбораў, што фіксуюць стан дарогі, існуе ў Мінскай вобласці. Можна даведацца і пра трасу каля ўсіх абласных цэнтраў, акрамя Магілёва і Гомеля.

Як патлумачылі ў прэс-службе дэпартамента "Белаўтадар", гэтая сістэма назірання за ўмовамі на дарозе існуе з пачатку 2000-х гадоў, калі пабудавалі кальцавую вакол Мінска. Раней інфармацыя была даступна толькі арганізацыям, што займаюцца абслугоўваннем дарог. Цяпер жа яе могуць атрымліваць усе кіроўцы.

Ганна ГАРУСТОВІЧ.

Тэмпературы нізкія — праблемы гарачыя

У Барысаве па вуліцы Сярэбранікава ранкам прарвала цеплатрасу, упаў ціск у цепласетцы ад кацельні, размешчанай на тэрыторыі ваеннага гарадка Печы, паведамілі ў Мінскім абласным упраўленні МНС.

У выніку без цеплазабеспячэння засталося 26 шматкватэрных пяціпавярховых дамоў, 4 інтэрнаты, школа, 2 крамы, гарнізонны дом афіцэраў, 5 дамоў прыватнага сектара. Праз некалькі гадзін аднавілася падача цепланосьбіта да 9 пяціпавярховак, 4 інтэрнатаў, школы. Прычыны прарыву высвятляюцца. У Салігорску па вуліцы К.Заслонава таксама з ранку да абеду без халоднага водазабеспячэння засталося больш за 830 кватэр (2 751 жыхар). Ваду адключылі, каб пазбегнуць размыву глебы з-за ўцечкі вады з трубаправода па прычыне яго натуральнага зносу.

Прычына адключэння электразабеспячэння 116 жылых дамоў (188 насельнікаў) у трох населеных пунктах Бярэзінскага раёна была вядомая адразу. Зноў жа раніцай адбыўся парыў правадоў лініі электраперадач падстанцыі "Якшыцы" каля вёскі Месціна па прычыне ўздзеяння нізкіх тэмператур. На ліквідацыю наступстваў спатрэбілася, як і ў першым выпадку, некалькі гадзін.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Без мабільнікаў і джыпа

Беспрацоўны з Брэста на аўтамабілі "Джып Гранд Чарокі" заехаў на тэрыторыю Беларусі праз прапускны пункт "Варшаўскі мост" і пры афармленні дакументаў "забыў" указаць 125 мабільных тэлефонаў, якія схаваў у канструктыўных поласцях аўтамабіля. У выніку мабільнікі коштам 116 млн рублёў і джып канфіскаваны.

Сымон Свістуновіч.

←Белорусские волонтеры покоряют Камчатку

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика